Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.

Сяргей Парсюкевіч, якога трымаюць у Шклоўскай калёніі, атрымаў магчымасьць зрабіць дамоў тэлефонны званок. Палітвязень паведаміў, што напярэдадні стаўленьне да яго з боку адміністрацыі зьмянілася – спыніліся нечаканыя вобшукі і праверкі, якія штодня праводзілі адносна яго ахоўнікі калёніі. Гэта Сяргей Парсюкевіч зьвязвае са сваёй заявай на перавод у Менскую калёнію, якую ён напісаў на мінулым тыдні.

“Магчыма, ад мяне адчапіліся, бо прынятае рашэньне пра перавод”, – мяркуе палітвязень. Ягоная жонка Натальля распавяла пра яшчэ адну цікавую падрабязнасьць:

“На картачцы вязьня ў яго напісана: “Асобы кантроль. БНФ”. Ён зьдзівіўся, сказаў, што ніколі ў БНФ ня быў і нікога з гэтай арганізацыі ня ведае. А міліцыянты ў яго запыталіся: “А чаго вы глядзелі туды, куды ня трэба глядзець?”
На картачцы вязьня ў яго напісана: “Асобы кантроль. БНФ”.


Нагадаю, віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч быў асуджаны на 2,5 года зьняволеньня пасьля мітынгу прадпрымальнікаў, які прайшоў 10-га студзеня ў Менску. Суд прызнаў яго вінаватым ў зьбіцьці міліцыянта, між тым Сяргей Парсюкевіч казаў, што насамрэч зьбілі яго. Як кажа жонка прадпрымальніка Натальля, Сяргей Парсюкевіч ніколі ня быў сябрам ніводнай палітычный партыі.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію газэце “Комсомольская правда” зноў згадаў пра Аляксандра Казуліна – свайго суперніка ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта на выбарах 2006-га году. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, апазыцыя нібыта прасіла яго не выпускаць на волю Аляксандра Казуліна. Таксама кіраўнік дзяржавы згадаў, што Аляксандр Казулін “быў разам зь ім каля адной талеркі”, і таму, маўляў, “непрыгожа яго крытыкаваць”.

Вольга Казуліна не выключае, што некаторыя з лідэраў апазыцыі апасаюцца яе бацьку як палітычнага канкурэнта, але яна ня верыць ў тое, што яны прасілі Аляксандра Лукашэнку трымаць Аляксандра Казуліна ў няволі. Такія заявы Вольга Казуліна тлумачыць выключна асабістым стаўленьнем кіраўніка дзяржавы да яе таты.

“Калі сам яго баісься, то чаго вартая такая ўлада, калі адзін Казулін можа яе скінуць? А калі не баісься – ну дык адпускай яго на волю, чаго трымаеш за кратамі?”
Калі яго не баісься – ну дык адпускай яго на волю, чаго трымаеш за кратамі?
В.Казуліна


Нагадаю, Аляксандра Казуліна асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў падчас Дня волі 25-га сакавіка 2006-га году. У турме былы кандыдат на прэзыдэнта адбыў ужо болей за 2 года і 3 месяцы. Вызваленьня Аляксандра Казуліна дамагаюцца дэмакратычны рух і праваабаронцы, а таксама ўрады ЗША і краінаў Эўразьвязу.

Напярэдадні Дня незалежнасьці актывісты падавалі заяўкі на правядзеньне ў Менску 3-га ліпеня пікетаў за вызваленьне Аляксандра Казуліна, але гарадзкія ўлады ў гэтым адмовілі.

Другі тыдзень няма зьвестак з калёніі ад Андрэя Кіма, паведаміла маці актывіста Тацяна Кім. Паводле яе, разгляд касацыйнай скаргі Андрэя яшчэ не прызначаны. Нагадаю, актывіста яшчэ ў красавіку асудзілі 1,5 года зьняволеньня – нібыта за напад на міліцыянта. Андрэй Кім ужо пераведзены ў Бабруйскую калёнію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG