Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым аховы сьвяточных імпрэзаў не зьмяняецца


Супрацоўнік спэцслужбаў перашкаджае здымкам на месцы выбуху
Супрацоўнік спэцслужбаў перашкаджае здымкам на месцы выбуху

Міліцыя кваліфікуе выбух на праспэкце Пераможцаў, ад якога пацярпелі дзясяткі людзей, як хуліганства. Што да іншых сьвяточных імпрэзаў, заплянаваных на дні сьвятаў, то яны не адмяняюцца.


Як хуліганства кваліфікуе міліцыя выбух, які адбыўся на праспэкце Пераможцаў а палове на першую ночы 4 ліпеня. Кіраўнік менскай міліцыі Анатоль Куляшоў заявіў журналістам, якія прыехалі на месца здарэньня неўзабаве пасьля выбуху:

“Мяркую, матыў гэтага выбуху — хуліганскі. Камусьці не падабалася гэтае сьвята, добра арганізаванае сьвята, калі людзі сапраўды прыйшлі адпачыць”.

У першай палове дня гарадзкая міліцыя распаўсюдзіла заяву, у якой паведаміла пра завядзеньне крымінальнай справы паводле артыкулу “Хуліганства”:

“Сёньня ноччу ў Менску падчас заключнага гала-канцэрту мелі месца праявы хуліганскіх дзеяньняў. Так, пасьля паўночы адбыўся выбух нявызначанага прыстасаваньня, мяркуецца — самаробнага, у выніку якога пацярпелі больш за два дзясяткі грамадзян. Дакладная лічба афіцыйна ўдакладняецца” — агучыў заяву супрацоўнік прэсавай службы гарадзкой міліцыі Яўген Сачак.

Я паспрабаваў удакладніць колькасьць пацярпелых. На той момант крыніцы называлі розныя лічбы: ад 37 да 50. “Мы зараз кажам афіцыйна пра тое, што пацярпелых больш за два дзясяткі” — сказаў Яўген Сачак.

Між тым было дакладна вядома, што ў шпіталі Менску па дапамогу зьвярнуліся больш за 30 чалавек. Ва ўсіх былі раны, нанесеныя гайкамі ды іншымі мэталічнымі прадметамі. Здымкі мэталічных гаек зь месца здарэньня і невялікую варонку на газоне паказвалі тэлеканалы Расеі, Беларусі і Эўропы, іх можна было знайсьці ў інтэрнэце.

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка мяркуе, што справу трэба заводзіць паводле больш сур’ёзнага артыкулу, чым хуліганства:

“Хуліганы звычайна робяць так, што шуму шмат, а ахвяр няма. А тут усё ж скіравана на тое, каб ахвяры былі. Таму я б гэта кваліфікаваў як тэракт ці як правакацыю”.

Каля паўдня міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў паведаміў журналістам, што 4 ліпеня міліцыя знайшла другое выбуховае прыстасаваньне, якое не было выкарыстана. Паводле міністра, гэтае прыстасаваньне вывучаюць адмыслоўцы, і “яно ўтрымлівае шмат сьлядоў, што дае магчымасьці разабрацца ў інцыдэнце”.

Дакладнага месца, дзе было знойдзена другое выбуховае прыстасаваньне, міністар Навумаў не назваў.

Я спрабаваў гэта высьветліць праз прэсавыя службы ўправы менскай міліцыі і міністэрства ўнутраных спраў, але іхнія тэлефоны больш не адказвалі. Дасягальным аказаўся толькі дзяжурны МУС. Дзяжурны паведаміў, што ніводная зь імпрэзаў, якія заплянаваныя на дні сьвятаў, не адмяняецца. Вось што дзяжурны адказаў на пытаньне, ці ня ўзмоцнена ахова мерапрыемстваў у сувязі з небясьпекай новых выбухаў:

“Які быў рэжым, такі і застаўся”.

Паводле міністра Ўладзімера Навумава, 3 ліпеня міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы, які працягнецца да 6 ліпеня. Пра ўзмацненьне рэжыму аховы сьвяточных мерапрыемстваў у сувязі з выбухам на праспэкце Пераможцаў Уладзімер Навумаў нічога не сказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG