Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 4 ліпеня, пятніцу.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

На канцэрце да Дня незалежнасьці ў Менску адбыўся выбух самаробнага прыстасаваньня. Дзясяткі чалавек шпіталізаваныя з раненьнямі. Выказваньне слухача:

Спадар: “Тое, што адбылося ў ноч на пятніцу, выбух гэты на канцэрце, з гэтага трэба зрабіць важныя высновы для апазыцыі: спыніць усялякія акцыі, усялякія прэтэнзіі, таму што эканоміка знаходзіцца ў шкадоблівым стане. І гэта тое ж самае, што было зроблена ў Маскве: выбух на Кашырскай шашы, каб разьвязаць вайну ў Чачэніі. Тое ж самае робіцца і ў нас, каб сьпіхнуць правальную палітыку ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры і ў міжнародных адносінах нашай рэспублікі”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Што б мы ні казалі, хто гэта зрабіў — ці гарадзкі вар’ят, ці міжнародны тэрарыст, ці нехта з арганізаваных сілавых структур — улада, канечне ж, мае магчымасьць выкарыстаць гэта ў сваіх мэтах. Але я не прыхільнік таго, каб апазыцыя зараз падстройвалася пад сытуацыю ці нейкія нават правакацыйныя дзеяньні з боку ўлады. Гэта было б няправільна. Мы не нясем адказнасьці за тое, што здарылася. Мы ня ладзілі ніякіх мэтанакіраваных акцый, каб перашкаджаць сьвяткаваць тым, хто хацеў сьвяткаваць”.

У працяг тэмы сьвяткаваньня 3 ліпеня Дня вызваленьня і Дня незалежнасьці — і наступныя тэлефанаваньні:

Ільля Копыл: “У мяне ёсьць знаёмы, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік. Але што цікава: яго ні разу не запрашалі на сьвяткаваньне ні Дня Перамогі, ні Дня вызваленьня Менску (цяпер — Незалежнасьці). Атрымліваецца, што вэтэраны таксама падзелены на сваіх і чужых. Незразумела, за што такая дыскрымінацыя. Праўда, ён неяк казаў, што не пайшоў бы, калі б і запрасілі".

Спадарыня: “Дзень Незалежнасьці — афіцыйнае сьвята. Прэзыдэнт сьвяткуе “День Независимости”. Ад каго і чаго “независимости”? Ад усяго беларускага? Мовы, культуры, гісторыі, эўрапейскасьці? Навошта нам такая “независимость”.

Спадар Мікалай: “3 ліпеня пачуў, што НАТО імкнецца да сусьветнага панаваньня, і гэта пагражае Беларусі. Але я лічу, што нам пагражае ў першую чаргу імпэрская палітыка Расеі, якая хоча праглынуць Беларусь эканамічна шляхам скупкі нашых прадпрыемстваў пры дапамозе энэргетычнага шантажу”.

Спадарыня Ларыса, г. Менск: “Што для мяне асабіста дзень 3 ліпеня? Гэта дзень вызваленьня Менску ад акупантаў. У час акупацыі мае бацькі, сябры менскага падпольля, былі арыштаваны і вывезены ў канцлягер у Нямеччыну. Мы ня ведалі пра іх лёс, і таму калі мы ўбачылі танкі на Татарскім мосьце, усе дарослыя і дзеці з нашай вуліцы пабеглі іх сустракаць. Вось тады мы адчулі, што мы свабодныя, і падумалі — а можа, і нашых бацькоў вызваляць, калі яны яшчэ жывыя? А Дзень Незалежнасьці можна адзначыць і ў другі раз”.

“Так, вельмі сьціплае сьвяткаваньне 3 ліпеня і незразумелай незалежнасьці. Бедненькі канцэрт, застаўкі па тэлебачаньні — аркестар, якога не было па дарозе на вуліцы Ерусалімскай ці як яна там называецца. Бедныя дзеткі з Інстытуту фізкультуры, і ўсё за паўтары гадзіны. Што гэта за сьвята такое, хто адкажа?”


На пытаньне адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Насамрэч бальшыня публікі нават не арыентуецца, што гэта за сьвята. І ўсё гэта ператвараецца ў тое, што называецца — адцягнуцца па поўнай праграме. У выніку мы бачым натоўпы мутнавокай публікі. І, на жаль, вось гэты трагічны інцыдэнт, які адбыўся, ён таксама наводзіць думку на тое, што патураньне такім бяздумным і нецьвярозым гулянкам можа прыводзіць і да вельмі трагічных наступстваў. Бо, нагадаю, зараз асноўная працоўная вэрсія праваахоўных органаў — гэта менавіта хуліганства”.

4 ліпеня ЗША адзначаюць Дзень незалежнасьці. Тэлефанаваньне слухачкі “Свабоды”:

Грамадзяне горада Салігорска: “Вітаем шаноўнае спадарства. Віншуем народ Злучаных Штатаў Амэрыкі і ўсіх беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне, з Днём Незалежнасьці. Жадаем моцнага здароўя, плённай працы на карысьць дэмакратыі ва ўсім сьвеце”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG