Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раней за сёньняшні выбух у цэнтры Менску, ад якога пацярпелі паўсотні чалавек, было некалькі гучных гісторый, калі самаробныя бомбы падкладалі пад аўтамабілі, у пад’езды, у кветкавыя клюмбы, ці нават тэрарысты прыносілі іх з сабой.


Самая гучная гісторыя з ужываньнем выбуховага прыстасаваньня здарылася ўжо больш як за 10 гадоў таму. 6 кастрычніка 1997 году ў Магілёве. На выхадзе з дому асколкамі фугаснага снараду быў забіты кіраўнік службы дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці Яўген Мікалуцкі. Цяжкія раненьні атрымала ягоная жонка Ала. Паводле падазрэньня ў замаху на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку і ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра тады былі абвінавачаныя чатыры жыхары абласнога цэнтру, якія атрымалі тэрміны зьняволеньня ад 4 да 11 гадоў. Усе ўдзельнікі той справы ўжо на волі. Адзін з падазраваных, былы супрацоўнік КДБ Валеры Ткачоў, загінуў пры загадкавых абставінах у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Пасьля таго выпадку па ўсёй Беларусі была праведзеная шырокамаштабная акцыя дзеля пошуку незаконнай зброі. У гаражах знайшлі некалькі кіляграмаў тратылу. У згаданага Ткачова нібыта знайшлі 26 кіляграмаў толу, 116 мінных дэтанатараў, 37 ручных гранатаў з узрывальнікамі і 39 электрадэтанатараў. Адкуль зьявіўся такі арсэнал, ніхто грамадзкасьці так і не патлумачыў.

Сёньняшні выбух можа быць лягічным працягам той справы. Як і 10 гадоў таму, прыстасаваньне было ўскосна скіраванае супраць Аляксандра Лукашэнкі — кіраўнік краіны зьехаў з канцэртнай пляцоўкі незадоўга да выбуху. Аднак, як лічыць палкоўнік інжынэрных войскаў у адстаўцы Станіслаў Гурскі, які два дзесяцігодзьдзі аддаў сапёрнай справе, на дзеяньні прафэсіянала спроба тэракту ніяк ня цягне:

“Мне ўжо тэлефанавалі калегі, зь якімі колісь займаліся разьмініраваньнем. Ведаеце, гэта ў найвышэйшай ступені дылетанцтва. Мы бачым два варыянты: ці гэта папросту нейкі маньяк, які не пашкадаваў людзей. Другое — прафан, які прэтэндуе на ляўры “тэрарыста”. Але зроблена ўсё з дакладнасьцю да наадварот. Так званы “матэрыял паражэньня” — балты, гайкі і г.д. — чамусьці апынуўся ўнізе канструкцыі. Калі выбуховая хваля пайшла ўверх, то гэтым, на шчасьце для прысутных, усё і скончылася. Што зачапіла — тое зачапіла. Ушыркі яно не пайшло, і сваёй функцыі прыстасаваньне папросту ня выканала ніякай — я кажу з гледзішча таго, хто гэта прыдумаў. І дзякуй Богу”.

У ліпені 1996-га 43-гадовы жыхар Ратамкі Аляксандар Зюлькоў, пагражаючы самаробным выбуховым прыстасаваньнем, узяў у закладнікі 18 дзяцей і 2 выхавацелек менскага дзіцячага садка № 511. У выніку спэцапэрацыі падразьдзяленьня “Алмаз” тэрарыст быў паранены і празь некалькі дзён памёр у 9-м менскім шпіталі. Дзеці і супрацоўнікі дзіцячага саду не пацярпелі. У чамадане Зюлькова, сьцьвярджаюць апэратыўнікі, знайшлі 2 кіляграмы тратылу. Незалежныя экспэрты перакананыя, што бомба была муляжом.

У 1997 годзе спрацавала выбуховае прыстасаваньне, закладзенае пад будынак Савецкага раённага суду ў Менску. Прабіла сьцяну будынка, але ніхто не пацярпеў. Вінаватых не знайшлі.

Сярэдзіна 1990-х адзначаная цэлым шэрагам выбухаў аўтамабіляў бізнэсоўцаў. У Магілёве ўзьляцела ў паветра машына расейскага прадпрымальніка, у Менску выбухнула аўто грамадзяніна Сырыі. У 2000 годзе каля гатэлю “Плянэта” быў падарваны легкавік “Ford Scorpio”. Кіроўца загінуў на месцы. Практычна ўсе выпадкі праваахоўныя органы сьпісалі на крымінальныя разборкі паміж рэкетам і бізнэсоўцамі, якія, магчыма, адмаўляліся плаціць за так званае “крышаваньне”.

Летась сьпявак стылю шансон Віктар Каліна, незадоўга да таго як супраць яго і жонкі былі вылучаныя абвінавачаньні ў махінацыях са страхоўкай аўтамабіля, зьвярнуўся ў менскую міліцыю з заявай, што знайшоў пад днішчам свайго мікрааўтобуса “Fiat Ducatto” выбуховае прыстасаваньне. Сапёры выехалі на месца здарэньня і знайшлі пад машынай гранату. Але — без узрывальніка.

Самы вядомы факт ужываньня выбуховых прыстасаваньняў датаваны 2005 годам. У Віцебску з тыднёвым перапынкам прагучэлі два выбухі. 14 верасьня на праспэкце Фрунзэ ля прыпынку “Плошча Свабоды” спрацавала выбуховае прыстасаваньне невялікай магутнасьці — высьветлілася, што гэта была мэталічная ёмістасьць зь цьвікамі і шурупамі. Выбухоўка была закапаная ў клюмбу. Ад яе выбуху пацярпелі 38-гадовая жанчына і 16-гадовы падлетак. У той жа дзень у Першамайскае аддзяленьне ўнутраных справаў Віцебску паступіла ананімнае паведамленьне, што замініравана пошта на праспэкце Будаўнікоў. Сапёры знайшлі дакладна такое ж прыстасаваньне — бляшанку зь цьвікамі — і абясшкодзілі яго.

Позна ўвечары 22 верасьня 2005 году здарыўся яшчэ адзін выбух — недалёка ад віцебскай ратушы. Экспэрты высьветлілі, што тып выбуховага прыстасаваньня быў ранейшы, ня лічачы ўзрывальніка з радыёкіраваньнем. Але пацярпелых было нашмат болей — бомба была закапаная на выхадзе з дыска-клюбу. Шпіталізавалі 43 чалавекі, зь іх 6 — у цяжкім стане.

Як і ў сёньняшнім выпадку з выбухамі ў Менску, віцебская справа была ўзятая пад асабісты кантроль Аляксандра Лукашэнкі. Цягам наступных амаль трох гадоў па ёй праходзілі і праходзяць самыя розныя фігуранты — ад віцебскіх падлеткаў братоў Мурашкаў, якіх адпусьцілі на волю толькі праз паўгода пасьля “памылкова ўзятага сьледу”, да актывіста “Маладога фронту” Паўла Красоўскага і супрацоўніка віцебскага КДБ маёра Андрэя Дзямідава. Кропку ў гісторыі зь віцебскімі выбухамі дагэтуль так і не паставілі.

У крымінальных справах у Віцебску фігураваў той жа артыкул, што і ў пачатай сёньня справе адносна начных выбухаў у Менску — “Хуліганства”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG