Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбух у Менску: рэакцыя ў блогах і на форумах


Сведчаньні і камэнтары наведвальнікаў інтэрнэту


pchelnikov_72: Да нас прывезьлі каля 20 чалавек, усе жывыя, раны розных памераў і цяжкасьці, у асноўным лытак, зь іншароднымі целамі (гайкі), адзін адкрыты пералом лыткі... З пацярпелых, якіх прывезьлі да нас у шпіталь, найбольш цяжкім быў 18-гадовы хлопчык, якога больш за ўсіх нашпегавала гэтымі жалязякамі... А вэрсія пра хуліганства мне вельмі спадабалася... "Круче" можна было гэта назваць толькі няшчасным здарэньнем... Ці масавым самагубствам...

Miram: Выбухаў было два. Я чуў абодва. Пра гэты другі выбух пішуць яшчэ на chutki_by, з падрабязнасьцямі пра сыгналізацыю, якія ні пацьвердзіць, ні абвергнуць не магу.абодва. Другі -- у 03:49 (гэтым разам ужо зірнуў на гадзіньнік). Гучаў так сама раскаціста, як першы, нагадваў салют. Бачыць нічога ня бачыў, як і ў першым выпадку: вокны ў двор.
Выбухаў было два. Другі -- у 03:49

Mirritil: "Патэлефанаваў брат. У раёне паўночы цераз дарогу ад стэлы (Машэрава) выбухнула нешта. Брат быў прыблізна за трыццаць мэтраў ад выбуху, адзначае цяпер другі дзень нараджэньня. Ён бачыў больш за трыццаць пацярпелых, як мінімум адзін хлопец застаўся без рукі, адна дзяўчына без пальцаў ног, у аднаго хлопцца тырчаў асколак чагосьці ў сьцягне. Вельмі шмат крыві. Выбух быў гучны, маленькі слуп дыму, не было ўспышкі або мноства асколкаў.
Як мінімум адзін хлопец застаўся без рукі, адна дзяўчына без пальцаў ног

Міліцыя выставіла ачапленьне, непадалёк (100 мэтраў) працягваецца канцэрт, прадаюць піва, ніякіх аб'яваў. Па тэлевізары канцэрт паказваюць, ніякіх паведамленьняў не чуваць (ні па тэлеку, ні па радыё, ні ў СМІ ў інтэрнэце). Ніякай панікі няма зусім абсалютна. Пра тое, што была падзея, зразумелі толькі людзі зусім побач (паводле братавых ацэнак -- чалавек 400), астатнія далей і не заўважылі, працягваюць піць-гуляць. Мянты ў ачапленьні кажуць, што быў выбух пэтарды, нічога асаблівага. Здагадваюцца, што нешта было, яшчэ і тыя, хто бачыў, як ехала мноства "хуткіх".

Мяркуючы па тым, што сьветлавых эфэктаў не было, а моцная ўдарная хваля была, гэта не фаервэрк ці пэтарда, а хутчэй за ўсё самаробнае нешта".


Stalker: "Больш падобна было да гранаты. У гэты час на сцэне сьпявалі "Чырвону руту". Паколькі былі фаервэркі -- ніхто надта не спужаўся, панікі не было. Месца выбуху сэкунд на 30 зацягнула дымам. Пацярпелых было шмат, бо рванула ў натоўпе (ня вельмі густым). "Хуткіх" прыехала больш за 20.

Падобна было да гранаты. Паколькі былі фаервэркі -- ніхто надта не спужаўся, панікі не было.

Спачатку ўсе "хуткія", што былі побач, зьехаліся (машын 5) і забралі першых пацярпелых, потым яшчэ машын 10--15 пад'ехала. Што за выбуховае прыстасаваньне -- ня ведаю, але трасянула добра, мне здалося -- граната, але на 100% ня ўпэўнены".


mr_freezze: “Мы знаходзіліся мэтраў за 20 ад эпіцэнтру, на праезнай частцы. Пачулі досыць моцны пэнк, адчулі ўдарную хвалю, потым убачылі невялікі слуп чорнага дыму. Ён быў накшталт дыму ад паляўнічага пораху, што наводзіць на думкі пра самаробнае паходжаньне прылады. Як ні дзіўна, паніка не пачалася. Праваахоўныя органы дзейнічалі дастаткова арганізавана. Хацелася б верыць, што гэта ўсё ж нейкая недарэчная выпадковасьць”.
Ачапленьне было адстойнае, сам прайшоў празь яго без праблем, быў з заплечнікам, ніхто нават нічога не праверыў, пранось што хочаш


Naf: "Толькі што адтуль. Мяркуючы па выбуховай хвалі, або самаробнае прыстасаваньне, або граната. Быў мэтраў за 100. Ачапленьне было адстойнае, сам прайшоў празь яго без праблем, быў з заплечнікам, ніхто нават нічога не праверыў, пранось што хочаш. Пасьля выбуху народ прапускалі яшчэ цягам 15 хвілін, потым перакрылі..."


Vmpr: "Для мяне як для чалавека, які служыў у войску, выбух быў нашмат мацнейшы, чым стандартны армейскі выбуховы пакет, і дым быў чорны і яго было няшмат, а гэта кажа, што была не пэтарда..."


Wardexe: "Ня ведаю, пра якую выбуховую хвалю, што адчуваецца на адлегласьці 50 мэтраў, тут нехта кажа... стаяў, як казаў, мэтраў за 25-30 -- нічога не адчуў. Успрыняў толькі як выбух моцнай пэтарды. Ніякай панікі не заўважыў на тым месцы. Зразумеў, што ўсё ня проста, калі падцягнуліся бычкі і "хуткая"...


Alkasin: "Сястра расказала. Прыблізна 0:20 хв. Грае "Чырвона рута", раптам разьлягаецца выбух, вельмі гучны, гучней, чым у фаервэрка, адчувалася, як па зямлі прайшла хваля, быў дым. Раздаўся жаночы крык, потым хвіліны тры рэакцыі ніякай не было: адтуль, дзе адбыўся выбух, не даносілася ўвогуле нічога. Потым пабегла міліцыя, паводле ўражаньня, зусім ня ў тым напрамку, дзе прагрымеў выбух. Людзі каля сцэны пачалі імкліва разыходзіцца. Сястра падышла бліжэй, там знаходзілася некалькі "хуткіх", потым пад'яжджалі яшчэ. Параненым дапамагалі, двух чалавек панесьлі на насілках з кропельніцамі. Асноўная маса людзей атрымала раненьні ў ногі. Прыехаў АМАП, дастаткова рэпартэраў (ім дазволілі ўсё здымаць). Там, дзе праходзіў канцэрт, каля сцэны, усё ачапілі, ачысьцілі ўсю вуліцу. Канцэрт працягваўся як нічога ніякага, хоць усе, хто бачыў падзею, актыўна яе абмяркоўвалі".

XS
SM
MD
LG