Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію са старшынём Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА) Вячкам Станкевічам.

Вячка Станкевіч добра вядомы слухачам Радыё Свабода як колішні кіраўнік Беларускай службы Радыё. Сёньня ён – Старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), арганізацыі, якая аб’ядноўвае беларусаў Амэрыкі.
Спадар Вячка, што для Вас асабіста азначае гэтае сьвята, Дзень незалежнасьці Злучаных Штатаў Амэрыкі?
4 ліпеня, Дзень Незалежнасьці, які адзначаецца амэрыканцамі досыць празаічна ў параўнаньні са сьвятам незалежнасьці ў іншых дзяржавах. Напрыклад, ладзяцца фэервэркі ў гарадох, у парадах бяруць удзел не вайсковыя адзінкі, але скаўты або школьнікі, вэтэраны. Вакол гэтага ладзяцца розныя сямейныя сьвяты – розныя барбекю і падобнае. Пры гэтым празаічным сьвяткаваньні значэньне гэтага дня вельмі глыбокае – людзі сапраўды разумеюць, што яны маюць у сваіх руках, што гэтая незалежнасьць ёсьць незалежнасьць асобы, а ня толькі дзяржавы.
Беларуска-амэыканскае Задзіночаньне існуе больш як паўстагодзьдзя. Больш як год таму Вы абраныя яго старшынём. У якім стане гэтая аргнаізацыя зараз?
Пачатак існаваньня Задзіночаньня – 1949 год, яму амаль 60 гадоў, так што ясна, што павінны надыходзіць зьмены. Арганізацыя ў нейкі пэрыяд пачала слабець – бо старыя людзі адыходзяць, а новыя не былі надта зацікаўленыя далучацца і ўзмацняць арганізацыю. Нейкі час не датрымліваўся зацьверджаны парадак – штогадовыя сходы або кангрэсы штодва гады не абдываліся. Цяпер сытуацыя крыху мяняецца, але ёсьць пэўныя цяжкасьці, бо калі людзі адвыклі працаваць паводле правілаў, то гэта вельмі цяжка мяняць. Цяпер арганізацыя пашыраецца, аднаўляюцца або наноў ствараюцца некаторыя адзінкі – бо новыя прыежджыя больш расьцярушаныя па цэлых Штатах, чым гэта было раней.
А што Вы можаце сказаць пра маладое пакаленьне дыяспары ў Злучаных Штатах?
У параўнаньні з эмігрантамі, якія прыбылі сюды паўстагодзьдзя таму, сярод новых людзей больш эканамічных эмігрантаў, якіх у асноўным цікавіць сямейнае жыцьцё, матэрыяльны посьпех. Тыя , хто пакінуў Беларусь з палітычных прычынаў, маюць два падыходы – адны далучаюцца на нашай дзейнасьці, іншыя лічаць, што яны самі лепей ведаюць, што рабіць, што яны цалкам дадуць сабе рады, трэція ствараюць свае новыя арганізацыі. Некаторыя зь іх супрацоўнічаюць з БАЗА, некаторыя канкуруюць. Канкурэнцыя можа быць здаровая, або не зусім. Ёсьць і такое, і такое. Былі і спробы пераняць маёмасьць , але пакуль што ўдаецца ад гэтага абараніцца.
Нагадайце, якія суполкі беларускай моладзі дзейнічаюць у Амэырцы?
Дзьве найбольш вядомыя – гэта адноўленае Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі – ЗБМА, якое зьяўляецца як бы малодшай філіяй БАЗА, а таксама Беларускі моладзевы рух Амэрыкі. Пра іх найболей чуваць на Інтэрнэце, часам яны праводзяць нейкія акцыі. Ёсьць яшчэ і іншыя арганізацыі.
Ці можна сказаць, што час Інтэрнэту неяк паўплываў на міжасабовыя сувязі ў эміграцыі?
У камунікацыі паміж людзьмі гэта вялізная дапамога. З другога боку, маючы магчымасьць пашыраць інфармацыю аб сабе, аб нейкіх акцыях, вельмі проста нешта хутка заснаваць, ня надта доўга ўтрымліваючы пры жыцьці.
XS
SM
MD
LG