Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыхар чарнобыльскай вёскі двум прэзыдэнтам пісаў


Жыхар чарнобыльскай вёсцы Гдзень Брагінскага раёну Анатоль Леўчанка ў дзень дзяржаўнага сьвята распавёў Свабодзе сваю несьвяточную гісторыю перапіскі з кіраўнікамі Расеі і Беларусі.

Анатоль Леўчанка калісьці вучыўся на лесьніка й фатографа, працаваў у Заходняй Сібіры. Цяпер ён не мае сталай працы, але жадае адрадзіць сваю заняпалую пасьля Чарнобыля родную вёску.
Леўчанка тройчы пісаў лісты былому прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, а таксама беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку. Прасіў дапамогі на адраджэньне вёскі. Найперш — саджанцаў дрэў, каб папоўніць батанічны сад, закладзены ім у вёсцы.

Гаворыць Анатоль Леўчанка:
“Пасадзіў кедры, піхту сібірскую, якія прывёз ад міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі. Тры тысячы дзьвесьце рублёў расейскіх мне далі ў міністэрстве і кажуць — самі купляйце. Я купіў і прывёз. Бяз Пуціна вырашылася. З адміністрацыі расейскага прэзыдэнта накіравалі мой зварот у міністэрства сельскай гаспадаркі — і празь міністэрства дапамаглі”.
Адзін кедр Анатоль Леўчанка перадаў у школу. Астатнія прывезеныя з Расеі дрэўцы пасадзіў у сваім “райскім куточку”, дзе ўжо растуць і рададэндроны, і дрэвавідныя півоні, і дзе ў рукатворнай сажалцы цьвітуць ружовыя німфеі.
З дапамогай беларускага прэзыдэнта Леўчанка хацеў набыць касілку, каб даглядаць свой сад улетку:
“Ну, думаю, напішу ліст у адміністрацыю прэзыдэнта — нешта ж мне адкажуць. Але мой ліст вярнуўся ў Брагін. І там зь мяне сьмяяліся: “Што ж ты такую лухту прэзыдэнту пішаш? Табе ў дурку пара!”
Прапаноўваў Анатоль Леўчанка свае праекты і для праграмы дапамогі й разьвіцьця пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў CORE, але таксама бяз выніку. На апошні дасланы ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў праект нават адказу не атрымаў.
Старшыня Камарынскага пасялковага савету, да якога адносіцца вёска Гдзень, Віктар Сьвіслоўскі ня надта прыязна гаворыць пра няўрымсьлівага батаніка Леўчанку. Той, маўляў, і выпіць можа, і пасьвіць саўгасны статак адмовіўся. З ініцыятывы Сьвіслоўскага на сходзе вяскоўцаў Гдзені прынята рашэньне, каб на Леўчанкавы лісты наагул не адказваць:
“Я ўжо гэтага Леўчанку крытыкаваў: “Ты такі актывіст, зьбяры мне, калі ласка, людзей. Я дам трактар, зробім суботнік. Кажу, вы нават ня можаце пабяліць помнік — а ў вас два Героі Савецкага Саюзу… А ён усё нешта патрабуе: “Вось я хачу, каб у Гдзені зрабілі аграгарадок па галяндскім варыянце”. Потым напісаў у адміністрацыю прэзыдэнта прапанову, як і дзе трэба будаваць атамную станцыю”.
Старшыня кажа, што Анатоль толькі й дбае што пра свой падворак:
“Падворак яго някепска глядзіцца, някепска. Ён купляў дрэвы розныя, сажалка ў яго ёсьць. Даглядае ўсё. Але каб удзельнічаць у грамадзкім жыцьці вёскі, дык — не. Нуль!”
Садавод-аматар з Гомеля Ўладзімер Шыцікаў, які асабіста ведае Анатоля Леўчанку і абменьваецца зь ім рэдкімі расьлінамі, мае іншую думку:
“Гэта вельмі цікавы чалавек. Іншых такіх на Гомельшчыне я ня ведаю. Каб чалавек жыў у глыбінцы, сярод штодзённых клопатаў — сьвіней, кароў, бульбы, радыяцыі — і думаў пра краіну, добраўпарадкаваньне, думаў, як выратаваць вёску. На жаль, такія людзі незапатрабаваныя. Патрэбны пакорлівыя”.
XS
SM
MD
LG