Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З заражанага стронцыем малака робяць масла


Гомельскі абласны камітэт па сельскай гаспадарцы й харчаваньні абвясьціў, што перапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну пераходзяць на эўрапейскія стандарты якасьці малака для спажыўцоў.

Паводле намесьніка старшыні сельгаскамітэту Аляксандра Капыткова, гаспадаркі зь сямнаццаці раёнаў завезьлі ўжо на малаказаводы пяцьдзясят тон сваёй прадукцыі для вырабу малака гатунку “Экстра”. Гэты гатунак адпавядае эўрапейскім патрабаваньням. У такім малацэ іншы ўзровень утрыманьня мікраарганізмаў, саматычных клетак, бялку. Вызначаецца таксама дапушчальная колькасьць шкодных рэчываў.

Але што з радыенуклідамі — яшчэ нядаўна галоўнай перашкодай у атрыманьні якаснага малака на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях?

Меркаваньне галоўнага санітарнага ўрача абласнога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Віктара Нараленкава:

“Гэта яшчэ разглядаецца як бізнэс-праект. Перапрацоўшчыкі да нас яшчэ не зьвярталіся, каб прынялі лінію. Радыенукліды ў малацэ ў нас, у вобласьці, у некалькі разоў ніжэйшыя за дапушчальную мяжу. Гэта малако, якое прадаецца ў гандлі — нават бяз клясы “Экстра”. А ў клясе “Экстра” — там жа сыравінныя зоны вызначаюцца, у тым ліку й па радыелягічным паказьніку. Так што там яшчэ больш надзейна”.
Малако з перавышэньнем стронцыю выкарыстоўваецца толькі на масла.

Радыенукліды ў малочных прадуктах да апошняга часу былі галаўным болем і пры адпраўцы харчу на экспарт. Нават у Расеі дапушчальны ўзровень утрыманьня радыецэзію ў малацэ ў два разы ніжэйшы, чымсьці ў афіцыйных беларускіх стандартах. У Беларусі — 100 бэкерэляў на літар, у Расеі — 50 бэкерэляў.

На практыцы беларускім перапрацоўшчыкам даводзіцца адсочваць заражанасьць сыравіны ня толькі на цэзій, але й на стронцый.

Вось што, у прыватнасьці, распавяла адна са спэцыялістак Хойніцкага сыраробнага камбінату, куды малако паступае і зь мясцовых калгасаў ды саўгасаў, і з гаспадарак суседняга Брагінскага раёну:

“Ёсьць перавышэньне ўзроўняў забруджанасьці малака на цэзій у Брагінскім раёне, у Хойніцкім — на цэзій няма. Аднак у нас ёсьць у трох гаспадарках на асобных фэрмах перавышэньне ўзроўняў на стронцый — у тым жа “Стралічаве”, “Барысаўшчыне”. На літар малака ўзровень заражанасьці на стронцый не павінен перавышаць 3,7 бэкерэля, а бывае 4 і каля 5 бэкерэляў. Яно ўсё разам прывозіцца, зьмешваецца — і мы ўжо рабіць сартаваньне ня можам. Таму такое малако з перавышэньнем стронцыю выкарыстоўваецца толькі на масла”.

Што да спажыўцоў, то ў рэгіёне цяпер многія імкнуцца купляць малочныя прадукты, які вырабляюцца на чысьцейшых тэрыторыях. Напрыклад, “Савушкін прадукт” зь Берасьця альбо прадукцыю менскіх малаказаводаў.

Але ж так паступаюць далёка ня ўсе.

“Купляем сваё. А дзе ж мы будзем браць? Мы ж ня ведаем, забруджаныя харчы ці не — купляем ды ядзім. Сыры, масла, сьмятану — абы толькі грошы былі ў кішэні”, — кажа пэнсіянэрка Ніна з Хойнікаў.
XS
SM
MD
LG