Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Манголіі: ёсьць забітыя і параненыя <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


5 чалавек забітыя і каля 300 параненыя ў выніку масавых хваляваньняў, якія ахапілі Ўлан-Батар пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў парлямэнцкіх выбараў.

Згодна зь імі на выбарах перамагла кіроўная Мангольская народная дэмакратычная партыя. У сталіцы Манголіі захоўваецца рэжым надзвычайнага становішча.

Цягам многіх гадоў Манголію прадстаўлялі як пасьпяховы прыклад посткамуністычнага пераходу – як спакойны востраў дэмакратыі паміж Кітаем і Расеяй.

Аднак Улан-Батар быў зусім неспакойны ўчора ўвечары, калі на галоўнай плошчы сталіцы адбыліся хваляваньні, і ўдзельнікі пратэстаў падпалілі штаб-кватэру кіроўнай Мангольскай народнай дэмакратычнай партыі. Акрамя гэтага пратэстоўцы падпалілі цэнтральны палац культуры, у Нацыянальнай галерэі мастацтваў зьнішчаныя некаторыя карціны. Паступалі паведамленьні пра рабаваньні банкаў і марадэрства.

Найбольш важнае пытаньне, якое мелі вырашыць парлямэнцкія выбары – як распарадзіцца правамі на нядаўна выяўленыя карысныя выкапні – у тым ліку медзь, золата і вугаль. Апазыцыйная Дэмакратычная партыя ў сваёй перадвыбарчай праграме заявіла, што прыватныя кампаніі павінны мець больш правоў у здабыцьці выкапняў. А кіроўная партыя заявіла, што хоча захаваць дзяржаўны кантроль у гэтай сфэры.
Фальсыфікацыі сёлета перавысілі ўсе магчымыя межы...

Паводле афіцыйных вынікаў, на выбарах перамагла кіроўная Мангольская народная дэмакратычная партыя. Як паведаміла выбарчая камісія, партыя, якая была пры ўладзе і ў савецкія часы, атрымала ў Вялікім Хурале 45 з 76 дэпутацкіх мандатаў. У Дэмакратычнай партыі Манголіі 25 месцаў. Апазыцыя абвінаваціла ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў, што вылілася ў хвалю гвалту на вуліцах Улан-Батару.

Вось меркаваньне аднаго з удзельнікаў акцый пратэсту, 40-гадовага выбарніка:

“Паглядзіце на гэтых людзей, паглядзіце на тое, што адбываецца вакол. Мы ніколі яшчэ ня бачылі такіх выбараў. Фальсыфікацыі сёлета перавысілі ўсе магчымыя межы”.

Улады арыштавалі 20 чалавек і абвясьцілі надзвычайнае становішча на чатыры дні.Цягам гэтага пэрыяду ва Ўлан-Батары забароненыя сходы людзей, адключана вяшчаньне ўсіх тэлеканалаў, акрамя Мангольскага нацыянальнага тэлебачаньня. Пры неабходнасьці паліцыя можа ўжыць сілу, каб спыніць марадэраў, папярэдзіў міністар юстыцыі.

Сёньня на вуліцах Улан-Батару спакойна. Прэзыдэнт Манголіі Намбарын Энхбаяр прызнаў, што на выбарах былі дапушчаныя парушэньні, і зьвярнуўся да грамадзянаў з заклікам захоўваць спакой. Улады таксама заклікала апазыцыю стрымліваць сваіх прыхільнікаў. Начная камэнданцкая гадзіна застаецца ў сіле.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG