Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ апублікавала справаздачу, у якой зьмясьціла рэкамэндацыі для назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.


Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ рэкамэндуе стварыць стандартную місію па назіраньні за выбарамі, якія адбудуцца 28 верасьня. Экспэрты зьвяртаюць увагу на перашкоды, якія былі на ранейшых выбарах для эфэктыўнага назіраньня за падлікам галасоў. У гэтым пляне Бюро спадзяецца, што беларускім бокам будзе гарантаваны доступ назіральнікаў да падліку галасоў.

Ужо на пачатку жніўня Бюро спадзяецца атрымаць запрашэньне для разгортваньня назіраньня ад афіцыйнага Менску. Апроч экспэртаў, Бюро просіць АБСЭ накіраваць у Беларусь 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія мусяць разгарнуць місію да сярэдзіны жніўня. Апроч таго, будзе разгорнутая місія з 300 кароткачасовых назіральнікаў, каб сачыць за галасаваньнем у дзень выбараў.

Ацэначная місія знаходзілася ў Менску з 9 па 12 чэрвеня і мела сустрэчы як з прадстаўнікамі ўладаў, так і апазыцыі.

Як паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, запрашэньне назіральнікам АБСЭ мусіць накіраваць Міністэрства замежных справаў. Адносна колькасьці назіральнікаў ён сказаў:

“Якая нам розьніца?!Я думаю, нашы папярэднія заявы застаюцца ў сіле: мы ня будзем абмяжоўваць сяброў місій БДІПЧ і СНД ні па колькасьці, ні ў функцыях ці статусе. Мы заўсёды стваралі неабходныя ўмовы для працы міжнародных назіральнікаў. Гэта практыка працягнецца і пад час цяперашняй выбарчай кампаніі”.

Адносна магчымасьці бесперашкоднага назіраньня за падлікам галасоў, спадар Лазавік сказаў, што “усе ўмовы для працы і ўнутраных, і міжнародных назіральнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам, будуць забясьпечаныя”.

XS
SM
MD
LG