Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праекце Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2009—2010 гады прадугледжана будаўніцтва новага будынку на месцы старой Нацыянальнай бібліятэкі.

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала копію пратаколу Даручэньняў прэзыдэнта, дадзеных Аляксандрам Лукашэнкам падчас наведваньня будынка па вуліцы Кірава, 43 у Менску. Выпіска пад № 18 адрасаваная Савету міністраў і Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта. Ад гэтых структураў патрабуецца прадугледзець у праекце Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2009—2010 гады будаўніцтва новага будынку на месцы старой Нацыянальнай бібліятэкі -- “з архітэктурным абліччам” зруйнаванага — для разьмяшчэньня ў ім Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, а таксама Канстытуцыйнага суду.


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч даслаў лісты ў ведамствы, якія адказваюць за падрыхтоўку да зносу старога будынка Нацыянальнай бібліятэкі. Паводле заканадаўства, з адказамі чыноўнікі могуць не сьпяшацца месяц. Але Антон Астаповіч перакананы: марудзіць у гэтым пытаньні нельга:

“З пункту гледжаньня нарматыўна-прававой базы — гэта помнік, унесены ў дзяржаўны сьпіс. Усё. Якія могуць быць яшчэ размовы, якія могуць быць яго руйнаваньні і пабудовы новага з архітэктурным абліччам старога? Я прааналізаваў закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, перад тым як пісаць лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, Савет бясьпекі, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Канстытуцыйны суд, Савет міністраў. Дык вось, гэтыя дзеяньні парушаюць роўна 15 артыкулаў згаданага закону. Пра што тут можна казаць?

Апусьцім усе маральныя, настальгічныя аспэкты, будзем гаварыць толькі з гледзішча права. Жудасная карціна вымалёўваецца! Праблема палягае ў маральнай плоскасьці. Менавіта ў гэтым будынку стваралася ўсё лепшае, што зараз ёсьць у сучаснай беларускай культуры. Той жа Мікола Ермаловіч там працаваў, нашы пісьменьнікі і навукоўцы працавалі. Кожны менскі студэнт прайшоў праз гэтую бібліятэку, асабліва гуманітарыі”.

У прэс-службе Савету міністраў кажуць, што ня бачылі дакумэнта, якім будзе рэгулявацца мэханізм адбудовы на месцы Нацыянальнай бібліятэкі гмаху для дэпутатаў і судзьдзяў. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы Аляксандар Цімашэнка:
Гэта знакавы сам па сабе будынак, гэта яшчэ духоўная энэргетыка

“Я ня бачыў гэтага даручэньня, таму цяжка штосьці сказаць. Калі такое даручэньне і было, то яно будзе прапрацоўвацца. Вы ж самі сказалі, што два месяцы даецца тэрмін. Але ня ведаю, я такога дакумэнту ня бачыў”.

Прэс-сакратар кіраўніка краіны Павел Лёгкі адказаў “Свабодзе”, што гэтаксама ня бачыў прэзыдэнцкага даручэньня на знос бібліятэкі.

З будынкам безгаспадарнай цяпер бібліятэкі фактычна суседзіць дом сям’і Машэравых. Натальля Машэрава, дачка колішняга Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, які пры канцы 1970-х асабіста спрычыніўся да ўратаваньня шэрагу гістарычных аб’ектаў у цэнтры Менску, лічыць рашэньне пра магчымы знос знакавага будынку памылковым:

“Тут ня столькі звычка і мараль, проста гістарычныя прыкметы часу трэба захоўваць. І, вядома, у першасным абліччы, а ня ў выглядзе навадзелу. Апроч таго, што гэта знакавы сам па сабе будынак, гэта яшчэ духоўная энэргетыка. Прагрэс ня толькі матэрыяльнымі нейкімі выгодамі вымяраецца. Існуюць так званыя духоўныя магніты, якія трэба пакідаць. На гэтым узроўні, бясспрэчна, таксама трэба мысьліць.

Нічога новага я вам не сказала, і, думаю, ніводзін чалавек ня скажа, што трэба будынак зносіць. Нават ня скажуць, калі вы інкогніта запытаеце ў аўтараў, паверце. Мы ж ведаем, што такое ўлада — інтрыгі, свой сьвет, для нас, шчыра кажучы, чужы, таму што яго зразумець немагчыма. Але шкада, што ён вось так урываецца ў наша рэальнае жыцьцё, нішчыць тое, што ня трэба ламаць. Давайце пра гэта казаць: ня будзем сварыцца, ня будзем заклікаць да рэвалюцыі. А проста даць магчымасьць кожнаму выказаць свой пункт гледжаньня, і тады ўлады, можа, падумаюць. Бо мы ня ведаем, як наша воля, выказаная нават у словах, можа ўплываць на гэтае вялікае жыцьцё. Таму запытвайце, ува ўсіх пытайцеся”.


Як адзін з сымбаляў інтэлектуальнай Беларусі Нацыянальная бібліятэка была ўганараваная выяваю на грашовай купюры. Адпаведная праца пачалася яшчэ пры колішнім кіраўніку Нацыянальнага банку Станіславу Багданкевічу. Праўда, цяпер гэта самая дробная разьліковая адзінка — 10 рублёў. Таму, як кажа спадар Багданкевіч, супярэчнасьці паміж магчымым зьнікненьнем бібліятэкі і яе выявай на 10-рублёўцы ня будзе — пакуль узьвядуць навабуд, купюра зьнікне разам зь бібліятэкай:

“Што да купюры, дык яна хутка будзе дэвальваваная. Я маю на ўвазе, што без абмену, без дэнамінацыі жыцьцё не абыдзецца. А калі казаць пра маё стаўленьне, то, прыкладам, у новую бібліятэку я ніводнага разу і не заходзіў. Месца старой у жыцьці людзей — агульнавядомае. Няўжо іншай тэрыторыі ня могуць знайсьці пад дзяржаўныя патрэбы? Трэба ж захоўваць тое рэдкае, што яшчэ засталося. У нас у Менску ўвогуле мала даўніны ацалела, таму нельга адмаўляцца ад гісторыі нашай. І калі вяртацца да грошай, то што яшчэ варта, каб апынуцца на выяве? Якраз бібліятэка — сымбаль інтэлекту беларускага, інтэлігенцыі, адукаванасьці. Таму дрэнна, калі яе будуць зносіць. Магчыма, можна ўсё ж вырашыць пытаньне і без радыкальных захадаў?”


Даведка. Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна (пазьней — Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь) узьведзены ў Менску ў 1929—1932 гадах па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. Гэта ўзор архітэктурнага стылю канструктывізму. У Менску захавалася толькі некалькі будынкаў гэтага стылёвага кірунку. Сярод іх — Дом ураду, абсэрваторыя, Нацыянальная акадэмія навук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG