Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які Менск пакіне беларусам Лукашэнка?

  • Міхаіл Раманоускі

Чаму зносіцца стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі? У што ператворыцца беларуская сталіца ў выніку такіх перабудоваў гораду?


На гэтыя пытаньні шукаюць адказу спэцыялісты ў галіне архітэктуры, людзі навукі і культуры.

Бальшыня людзей, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў менскіх ВНУ, былі чытачамі гэтак званай “ленінкі”. Там пісалі рэфэраты, курсавыя і дыплёмныя працы, дысэртацыі, рыхтаваліся да іспытаў. Паэт Леанід Дранько-Майсюк нагадвае, што галоўную бібліятэку краіны вельмі любіў Уладзімер Караткевіч, а пазьней ягоныя маладзейшыя калегі марылі пра помнік Майстру ля ўваходу ў будынак.
Усе будынкі, якія знаходзяцца ў цэнтры Менску, маюць сваю паэтычную прывабнасьць

Увогуле ж, падкрэсьлівае Дранько-Майсюк, “па сутнасьці ўсе будынкі, якія знаходзяцца ў цэнтры Менску, маюць сваю паэтычную прывабнасьць. Іх нельга чапаць, іх нельга перарабляць, іх нельга перасоўваць зь месца на месца. Я ўжо не кажу пра тое, што іх, крый Божа, ня можна разбураць. Вось менавіта да гэтых слаўных будынкаў належыць і наша бібліятэка, што па вуліцы Чырвонаармейскай. Гэта безь ніякага перабольшваньня храм беларускай кнігі, а сам дом уяўляе сабой шэдэўр канструктывізму”.

Людзі навукі і мастацтва цьвердзяць, што будынак бібліятэкі — ня толькі знак савецкіх часоў: ён захаваў уяўленьні пра стыль тагачаснай архітэктуры, тагачасных поглядаў на тое, як мае быць ўпарадкавана гарадзкое жыцьцё. А гэта, на думку філёзафа Алеся Анціпенкі, безумоўныя каштоўнасьці: “Менск і так не багаты на спадчыну, а разбурэньне знакавых будынкаў — вельмі сумнае дзеяньне. Яно папросту азначае, што ў нашай краіне людзі, асабліва пры ўладзе, пра каштоўнасьць для нацыі гісторыі, традыцыі і спадчыны пакуль што маюць цьмянае ўяўленьне”.
Разбурэньне знакавых будынкаў — вельмі сумнае дзеяньне

Архітэктар-рэстаўратар, спэцыяліст у захаваньні архітэктуры савецкага пэрыяду Вадзім Гліньнік, адказваючы на пытаньне — хто вінаваты? — не шукае ворагаў, а кажа пра адсутнасьць сыстэмы ў ахове помнікаў:

“Справа ў тым, што гістарычныя цэнтры ўсіх гарадоў найбольш прывабныя з гледзішча сучасных інвэстыцыяў. Гэта значыць, вялікія грошы заўсёды шукаюць месца інвэставаньня ў гістарычным цэнтры гораду. Тут найхутчэйшая аддача і найбольшы прыбытак. Тым, хто хоча зарабіць, праблема культурнай спадчыны нецікавая. І тут павінна спрацоўваць дзяржаўная сыстэма захаваньня культурнай спадчыны — сыстэма стрымліваньня і супрацьвагаў інвэстыцыйнаму ціску на тэрыторыю. Гэта ня толькі беларуская зьява. Там, дзе ёсьць грошы, прывабная зямля заўсёды будзе знаходзіцца пад інвэстыцыйным ціскам. А грамадзтва павінна мець сыстэму абароны ад ціску вялікіх грошай. Дзіўна, але ў нас такая сыстэма абароны культурнай спадчыны не працуе”.
Мы яшчэ апынемся сьведкамі першых менскіх хмарачосаў

Дык у што ператворыцца Менск у сытуацыі, калі ў горадзе пасьлядоўна руйнуецца архітэктурная спадчына? Што збудуюць на месцы старых будынкаў? Філёзаф Алесь Анціпенка адзначае спробы перарабіць Менск у сучасны бізнэс-горад:

“Напэўна, мы яшчэ апынемся сьведкамі першых менскіх хмарачосаў. Я думаю, што ўвогуле гэта нармальная тэндэнцыя. Але такія праекты абсалютна недапушчальна ажыцьцяўляць на месцы старых будынкаў — помнікаў культуры і архітэктуры”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG