Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.


Ужо амаль паўтара дзясятка гадоў дзень 3 ліпеня лічыцца ў Беларусі галоўным дзяржаўным сьвятам і адзначаецца на афіцыйным узроўні з кожным годам усё больш пампэзна і шырока — вайсковымі парадамі, фэервэркамі, шматдзённымі гуляньнямі і канцэртамі.

Да дзяржаўнай незалежнасьці гэтая дата мае вельмі ўмоўнае дачыненьне, бо ўзятая з савецкай гісторыі. Адметна, што ў Савецкай Беларусі 3 ліпеня быў рабочым днём і адзначаўся досыць сьціпла.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Нам піша былы савецкі афіцэр Мікола Канаховіч з Пружанаў:

“Як чалавек з грамадзянскай пазыцыяй не магу раўнадушна ўспрымаць няпраўду. Не паддаецца здароваму сэнсу тое, чаму менавіта дата 3-га ліпеня лічыцца днём незалежнасьці нашай краіны? Дый наагул, што такое незалежнасьць? Чым яна абумоўлена для Беларусі?

Зайдзіце ў любы дзіцячы садок, школу, ВНУ, любую дзяржаўную ўстанову — усюды пануе расейшчына. А гэта і ёсьць самая гнюсная форма акупацыі.

Пра якую незалежнасьць, пра якое сьвята незалежнасьці можа весьціся гаворка, калі й па сёньняшні дзень, як і дзьвесьце год таму, мы застаемся расейскім пратэктаратам — гэтай самай пачварнай формай каляніяльнай залежнасьці.

З нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў акупанты зьдзекаваліся, гандлявалі імі, пацяшаліся. Дык, можа, нам у 21 стагодзьдзі хопіць заставацца нікчэмнымі рабамі, разьменным быдлам — настаў час перамагчы сябе і людзьмі звацца?

Бог даў нам адпаведную мову, надзяліў розумам, прызначыў тэрыторыю на Зямлі, дараваў бел-чырвона-белы сьцяг. А Боская кара за здраду можа быць вельмі суровая”
.

Сапраўды, сёньняшняя беларуская незалежнасьць мае шмат спэцыфічных рысаў. Яна — зусім не такая, якой уяўлялася пачынальнікам і дзеячам нацыянальнага Адраджэньня на пачатку 90-х гадоў. Нацыянальныя сымбалі, мова, дзяржаўныя сьвяты, помнікі, тапонімы — усё гэта, перакручанае палітычнымі ўзрушэньнямі 90-х гадоў, увайшло ў сёньняшнюю рэчаіснасьць у такім выглядзе, які аднымі ўспрымаецца як зьнявага, а другімі — як норма. Пры ўсім гэтым зусім не выпадае называць сёньняшнюю беларускую дзяржаву чыімсьці пратэктаратам. У пэўным сэнсе яна сёньня значна больш незалежная ў сваёй палітыцы, чым некаторыя яе суседзі. Іншая рэч — як ацэньваць гэту спэцыфічную незалежнасьць.

Яшчэ адна тэма, зьвязаная з гістарычнымі падзеямі і датамі Другой сусьветнай вайны. На працягу мінулых месяцаў мы шмат распавядалі пра тое, чым скончылася спроба краязнаўцаў ушанаваць памяць ахвяраў савецкіх партызанаў у вёсцы Дражна Старадароскага раёну. Там у 1943 годзе пасьля няўдалага штурму паліцэйскага гарнізону партызаны забілі некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў. Усталяваны краязнаўцамі ля вёскі крыж улады прыбралі, а арганізатараў ды ўдзельнікаў гэтай справы пакаралі арыштамі ды штрафамі.

Мы працягваем атрымліваць лісты з успамінамі пра падзеі мінулай вайны, пра тое, чым займаліся на акупаванай тэрыторыі нямецкая армія і савецкія партызаны. Вось што піша, пачуўшы сюжэт пра Дражна, наш слухач Эдуард Тобін са Смалявічаў:

,“У 1942 годзе мне было шэсьць гадоў. Добра памятаю і немцаў, і паліцаяў, і партызан. Партызаны нас абрабавалі ноччу: выдралі пчолы ў каморы (справа была зімой). Уначы ж забралі карову. Пакінулі дваіх малых дзяцей практычна безь нічога: пазабіралі посьцілкі, коўдру, падушку, нават кажух нябожчыка бацькі.

Партызаны ж спалілі добры будынак школы-дзесяцігодкі, у якой калісьці выкладаў Якуб Колас. А немцы ў 1944-м спалілі вёску.

Немцаў мы не баяліся. Суседзкія дзядзькі Васіль Пратасэвіч і Валодзя Казімірчык, тагачасныя нібыта партызаны, неаднойчы выпраўлялі мяне на крыжавіцы (гэта мэтраў 300 ад нашай хаты) — пабачыць, ці ёсьць там немцы. Бегаў. Глядзеў. Дакладваў. Аднаго разу нейкі нямецкі афіцэр пад рогат адрэзаў стаўбыр на маёй будзёнаўцы ды закінуў на ліпу. Было шмат сьмеху. Але і першую цукерку я атрымаў з рук немца”
.

На працягу сарака пяці пасьляваенных гадоў пра партызанскі рух на Беларусі можна было пісаць толькі з афіцыйна зацьверджанымі эпітэтамі — “гераічны”, “усенародны” ды “бяспрыкладны”. Падчас гарбачоўскай перабудовы былі зроблены спробы зірнуць на ваенную гісторыю Беларусі зь іншага, аб’ектыўнага пункту погляду, але неўзабаве ўсе гэтыя спробы зноў патанулі ў грукаце пераможных фанфар. Арышты, якімі скончылася ўсталяваньне крыжа ля вёскі Дражна, сьведчыць пра тое, што нязручная для ўлады праўда пра вайну — дагэтуль пад забаронай. Хоць ва ўспамінах відавочцаў і сьведкаў тых падзеяў яна працягвае жыць. І лісты на “Свабоду” пра гэта сьведчаць.

Пра летні адпачынак тыповага беларуса-гараджаніна распавядае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён піша:

“У нашым садовым таварыстве каля 100 сяброў, з чыіх участкаў харчуецца экалягічна чыстай садавінай і гароднінай каля 500 чалавек. На маіх сотках, напрыклад, расьце прыкладна 120 відаў расьлін — садавіна, гародніна, лекавыя травы, больш за 70 відаў кветак і дэкаратыўных расьлін. Мы з жонкай увесь час экспэрымэнтуем, на працягу шасьці апошніх год выкарыстоўваем глебазьберагальныя безадвальныя тэхналёгіі апрацоўкі глебы. Многія нашы дачнікі могуць пахваліцца ня меншымі посьпехамі, асабліва ў тым, што тычыцца фітадызайну і выкарыстаньня малых архітэктурных форм. Калі выдзяляліся ўчасткі, у нас былі найгоршыя землі ва ўсім раёне — цяпер зусім іншая карціна. У нас выдатны адпачынак як для дарослых, так і для дзяцей. Таварыства месьціцца на паўвысьпе: з захаду маляўнічае возера Глыбокае, з усходу — рака Ўшача і возера Пярыльна, з поўдня — пратока з возера Глыбокага ў раку. На азёрах штогод плодзяцца лебедзі, дзеці любяць карміць іх. Райскі куточак на мапе Беларусі, у якім аздараўляюцца сотні людзей! І ніякіх лядовых палацаў ня трэба!”

Cапраўды, людзі сваёй працай ператвараюць колішнія занядбаныя пусткі, якія ўлада адшкадоўвае пад лецішчы, у маляўнічыя мясьціны, у сады і агароды. Вось толькі для многіх гэта — зусім не адпачынак, а спосаб выжываньня, штодзённая цяжкая фізычная праца на зямлі — безь ніякай мэханізацыі. Ведаю многіх людзей, якія ахвотна б адмовіліся ад градаў на сваіх участках-лецішчах, ператварылі б бульбяныя агароды ў кветнікі і сады — ды толькі заробкі і пэнсіі ў іх такія, што гэтыя некалькі мяхоў бульбы, буракоў, морквы ды цыбулі выконваюць вырашальную ролю ў харчаваньні іхных сем’яў.

Аўтар наступнага ліста — Юрась Навіцкі зь Менску — зацікавіўся назвамі, якія даюць сваім новым таварам беларускія вытворцы харчаваньня і напояў. Слухач піша:

“Вачам не дасі веры: на прылаўках беларускіх крамаў зьявілася шмат тавараў з, так бы мовіць, “высакароднымі” назовамі. Бульбяныя клёцкі “Панские” (якіх ніколі не спажывалі паны); цыгарэты нізкай якасьці “Премьер (то бок галоўны міністар)” і “Карона”; танны напой “вино “Дворянское”, якому паспаліты люд даў трапны назоў — “бырла”; слонімская “бессортовая колбаса “Княжеская”...

У такі спосаб бязродная ўлада зьдзекуецца са старажытных радоў, высокіх пасадаў і з самой гісторыі даакупацыйнай Літвы-Беларусі”
.

Наўрад ці, спадар Навіцкі, гэта зьневажае старажытныя шляхетныя роды. Такая зьява калі пра што і сьведчыць, дык толькі пра густы вытворцаў. Дарэчы, найчасьцей гэтыя назвы даюцца на расейскай, а не на беларускай мове.

Сапраўды абуральны і зьняважлівы выпадак быў у сярэдзіне 90-х гадоў, калі танны алькагольны сурагат на адным зь беларускіх вінзаводаў назвалі імем князя Вітаўта. Зрэшты, раскруціць брэнд “барматухі” вытворцам гэта не дапамагло...

На заканчэньне — урывак зь вершаванага ліста нашага слухача Івана Цімафейчыка зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Былы настаўнік піша пра дзейнасьць незалежных журналістаў наступным чынам:

“Ўсім хаўрусьнікам праўладным
Ніпачым мужыцка праўда —
Яе нельга упускаці на парог.
Чужакі цугляюць праўду
Дзесьці — ўціскам, там — пагардай,
Ды шпурляюць непакорных у астрог...”, —

Дзякуй, спадар Цімафейчык, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG