Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Гліньнік: “Сыстэма абароны спадчыны не працуе”


Спэцыяліст у захаваньні архітэктуры савецкага пэрыяду Вадзім Гліньнік пра магчымы знос "ленінкі".


Гліньнік: “Я вельмі засмучаны, паколькі гэта адзін з найлепшых будынкаў, збудаваных у Беларусі ў 20 стагодзьдзі. Фактычна ідзе гаворка пра неразумнае зьнішчэньне аб’екта культурнай спадчыны нашага народу. І, адназначна, аб’екта вельмі высокай якасьці. Існуюць розныя мэтоды рэканструкцыі старых забудоваў. Але знос – гэта самае прымітыўнае, пячорнае вырашэньне сытуацыі. І самае галоўнае, што гэтым самым парушаюцца ўласныя законы, якія гэтыя ж мэнэджэры пішуць. Увогуле я не разумею, як такое можа адбывацца пры наяўнасьці заканадаўства, пракуратуры, міністэрства культуры. Усё, дзеля чаго мы працавалі дзесяцігодзьдзямі, гэтаксама, як і ўсе нашы гуманітарныя ідэалы, ставяцца пад сумненьне. Навошта нам загадалі займацца рэстаўрацыяй гораду, калі ў цэнтры Менску, які мы любім і якім ганарымся, адбываюцца такія рэчы?!
Ідзе гаворка пра неразумнае зьнішчэньне аб’екта культурнай спадчыны нашага народу

Ракіцкі: “Чаму так адбываецца? Хто вінаваты?”

Гліньнік: “На маю думку, тут ня ворагі, а слабасьць ці ўвогуле адсутнасьць на сёньняшні момант сыстэмы аховы помнікаў. Справа ў тым, што гістарычныя цэнтры ўсіх гарадоў найбольш прывабныя з гледзішча сучасных інвэстыцыяў, гэта значыць, вялікія грошы заўсёды шукаюць месца інвэставаньня ў гістарычным цэнтры гораду. Тут самая хуткая аддача і самы найбольшы прыбытак. Эфэктыўнасьць такіх інвэстыцыяў найвялікшая ва ўсім сьвеце, і Менск не зьяўляецца выключэньнем. Тым, хто хоча зарабіць, праблема культурнай спадчыны нецікавая. І тут павінна спрацоўваць дзяржаўная сыстэма захаваньня культурнай спадчыны – сыстэма стрымліваньня і супрацьвагаў інвэстыцыйнаму ціску на тэрыторыю. Гэта ня толькі беларуская зьява. Там, дзе ёсьць грошы, прывабная зямля заўсёды будзе знаходзіцца пад інвэстыцыйным ціскам. А грамадзтва мусіць мець сыстэму абароны ад ціску вялікіх грошай. Дзіўна, але ў нас такая сыстэма абароны культурнай спадчыны не працуе”.

Ракіцкі: “Але ж на месцы бібліятэкі, як паведамляецца, будзе будавацца не камэрцыйны аб’ект, прыкладам, дом гандлю, а будынак адміністрацыйны – для парлямэнту і Канстытуцыйнага суду...”

Гліньнік: “Няма розьніцы, чые грошы – бюджэтныя альбо прыватныя. Гаворка ідзе пра буйныя інвэстыцыі. А што такое дзяржава? Гэта яшчэ і супольнасьць чынавенства, якое кіруе дзяржавай. І іх інтарэсы з грамадзкімі інтарэсамі захаваць традыцыйнае асяродзьдзе існаваньня – супрацьлеглыя.
Захаваньне культурнай спадчыны сёньня не зьяўляецца прыярытэтам дзяржаўнай і культурнай палітыкі.


Ракіцкі: “У такой сытуацыі, калі руйнуецца архітэктурная і культурная спадчына, якім можа стаць Менск? У што ён ператворыцца за пару Лукашэнкі?”

Гліньнік: “Цяжка сказаць. Пажывем пабачым, калі дажывем... Справа ў тым, што гэтыя рашэньні прымаюцца, зрэшты, як і ўсе іншыя, у межах дзяржаўных структураў. Я не ўваходжу ў дзяржаўныя структуры. І таму прадбачыць, у што ператворыцца Менск, не магу. Як і іншыя жыхары Менску, магу толькі збоку назіраць за працэсамі і быць пастаўленым перад фактамі. Я мог бы выказаць сваю прыватную думку, але мяне ніхто ня стане слухаць, бо захаваньне культурнай спадчыны сёньня не зьяўляецца прыярытэтам дзяржаўнай і культурнай палітыкі. Натуральна, калі меркаваць не па словах, а па справах”.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG