Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўлан-Батары маніфэстанты, нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі парлямэнцкіх выбараў, захапілі і падпалілі штаб-кватэру кіруючай Народна-рэвалюцыйнай партыі. У краіне абвешчана надзвычайнае становішча.

Паводле мясцовай тэлекампаніі, у будынку адбыўся пагром, шмат параненых, унутры падпаленага будынку – прадстаўнікі кіраўніцтва правячай партыі і журналісты.

Паліцыя выкарыстоўвала дубінкі і сьлезацечны газ, але пакуль ня здолела ўзяць сытуацыю пад кантроль. Увечары прэзыдэнт Намбарыін Энхбаяр абвясьціў аб увядзеньні ў Манголіі на чатыры дні надзвычайнага становішча.

У той жа час як старшыня правячай Народна-рэвалюцыйнай партыі, прэм’ер-міністар Манголіі Санджыйн Баяр і старшыня апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі, былы прэмьер Элбэгдорж выказаліся за пошук “цывілізаванага вырашэньня сытуацыі”. Апазыцыя накіравала ліст сьпікеру парлямэнту з прапановай правесьці дасьледваньне фальсыфікацый, якія, паводле меркаваньня апазыцыі, былі зробленыя правячай партыяй.

На думку лідэра апазыцыі, “падчас выбараў Народна-рэвалюцыйная партыя рабіла падтасоўкі на 10-15%, а пры падліку галасоў – на ўсе 30%”.

Паводле папярэдніх дадзеных, больш за 50 месцаў атрымала на выбарах правячая партыя, 25 мандатаў – апазыцыйная Дэмакратычная партыя, адзін мандат – незалежны кандыдат.
XS
SM
MD
LG