Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Сікора (1925 - 2008)


Пайшоў з жыцьця Віктар Сікора, вядомы як адзін з кіраўнікоў колішняга Саюзу беларускай моладзі ў Паставах, лідэр Пастаўскае філіі Беларускай Незалежніцкай партыі, камандзір партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне, вязень сталінскага гулагу. 12 ліпеня яму было б 83 гады.

Полацкі журналіст Герман Кірылаў добра ведаў агранома з Шаркаўшчынскага раёну Віктара Сікору, часта езьдзіў у пасаджаны ягоным бацькам, сэлекцыянэрам Іванам Сікорам сад у вёсцы Малыя Алашкі.
“Ён быў патрыётам Беларусі, такім сапраўдным патрыётам. Працаваў галоўным аграномам у саўгасе “Іскра”. Скончыў сельгасакадэмію, хаця ласкава на яго там не глядзелі, канечне. Разам з бацькам займаўся ў садзе, які называўся досьледным. Многа ён рабіў разам з бацькам па сэлекцыі, яны там зьбіралі, скрыжоўвалі, апылялі — гэта работа была вялікая”.
Усё гэта было ў жыцьці Віктара Сікоры пасьля 1955 году, калі яго вызвалілі са сталінскіх лягераў і ён вярнуўся на радзіму. Дарэчы, як прыгадвае старэйшая сястра Лідзія, бацькава слава садавода-сэлекцыянэра дапамагла Віктару выжыць у зьняволеньні.
“Памятаю, Віктар распавядаў, вярнуўшыся зь лягеру, што як быў бацькаў юбілей і пра яго напісала газэта “Правда”, то начальнік лягеру ў Віктара папытаўся, ці знаёмы яму гэты чалавек — Іван Паўлавіч Сікора. Віктар адказаў, што гэта ягоны бацька. І тады Віктара перавялі з працаў у капальнях золата і лесанарыхтовак працаваць у лазьню”.
Засудзілі Віктара Сікору на 10 гадоў за дзейнасьць па адраджэньні незалежнасьці Беларусі. У часе Другой усясьветнай вайны ён разам зь іншымі вучнямі Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі ўступіў у Саюз беларускай моладзі і быў адным зь яго кіраўнікоў у Паставах. У 1944 годзе стаў сябрам, а неўзабаве і кіраўніком Пастаўскае філіі Беларускае Незалежніцкае партыі. Вясной 1945 году ён арганізаваў антысавецкі партызанскі аддзел, але пры канцы году здаўся ўладам.
Пасьля вызваленьня і вяртаньня на радзіму сустрэўся і пасябраваў на ўсё жыцьцё з настаўніцай, а цяпер кіраўнічкай культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах Адай Райчонак. Разам яны стварылі ў Малых Алашках музэй Івана Сікоры і даглядалі ягоны сад.
“Мы яго лічылі нашым старэйшым сябрам. І справа ў нас адна — змагаемся за беларушчыну. І ён змагаўся да апошняга. У яго такія лірычныя вершы засталіся... Забяру іх у свой музэй...”
Віктар Сікора будзе пахаваны 2 ліпеня на могілках у вёсцы Мельніца на Шаркоўшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG