Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта ў тэстах былі пытаньні-пасткі?”


Як ацэньваюць тэсты і ўмовы цэнтралізаванага тэставаньня тыя, каму нядаўна давялося прайсьці праз гэтае выпрабаваньне?

Барысаўчанка Юля марыць паступіць на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Юля здавала тэсты па матэматыцы, рускай мове і курсе “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава”. Я запытаўся ў Юлі, якія заўвагі яна мае да тэстаў:

“Я заўважыла, што некаторыя заданьні тэстаў па матэматыцы і курсу “ЧГД” не былі прадугледжаныя школьнай праграмай. Яна патрабавалі падрыхтоўкі з рэпэтытарамі і паводле дадатковай літаратуры. Таксама трэба была вялікая ўвага. Што да тэсту па расейскай мове, ён таксама ня быў лёгкім, але нейкіх незвычайных ці невырашальных заданьняў я не заўважыла. Увогуле ўступныя тэсты значна больш складаныя, чым рэпэтыцыйныя”.

Нагадаю, у канцы навучальнага году кожны абітурыент, хто хацеў, мог прайсьці рэпэтыцыйны тэст, каб высьветліць узровень сваіх ведаў. Пры паступленьні вынікі рэпэтыцыйных тэстаў ня ўлічваюцца.

Мая суразмоўца прывяла такі прыклад неадпаведнасьці тэсту школьнай праграме: у тэсьце “ЧДГ” было пытаньне пра сыстэму самакіраваньня ў Беларусі, якое ў школе не вывучалася. А вось чым Юля тлумачыць нізкія вынікі тэставаньня сваіх раўналеткаў у матэматыцы:

“Мяркую, таму, што было шмат пытаньняў-пастак, якія вымагалі часу, каб проста іх зразумець. У выніку некаторым не хапіла часу, і яны дапісвалі тэст у апошнія хвіліны, безь пераправеркі. І ўвогуле тэст быў складзены гэтак, што без рэпэтытара да яго не падрыхтуесься”.

Юля мае прэтэнзіі і да самой сыстэмы тэставаньня: з-за абмежаваньня колькасьці тэстаў яна зараз можа паступаць толькі ў лічаныя ВНУ паводле юрыдычнай спэцыялізацыі. Калі б была магчымасьць здаць тэст і па замежнай мове, дзяўчына магла б спрабаваць паступаць і на лінгвістычныя факультэты.

Другая мая суразмоўца, Кася, скончыла віцебскую гімназію, марыць стаць журналісткай. Дзяўчына заўважыла, што некаторыя пытаньні тэсту па гісторыі Беларусі патрабавалі пэўных палітычных поглядаў:

“Там быў варыянт адказу, што палітычны курс Беларусі скіраваны на атрыманьне пазыкаў ад іншых краін. І гэты варыянт ня быў правільны. А правільны быў варыянт, што курс скіраваны на людзей і шмат дапамогі даецца таксама прыватнаму бізнэсу. Я, прыкладам, гэтак не лічу, але што я магу зрабіць, калі правільна трэба было адказваць гэтак?”

Кася здавала тэст па беларускай мове і кажа, што для яе тэст ня быў асабліва складаным. Агульныя нізкія вынікі тэставаньня па расейскай мове ў беларускіх абітурыентаў дзяўчына тлумачыць ня толькі складанасьцю тэсту:

“Як мне казалі, расейскую мову значна ўскладнілі, чаго ня скажаш пра беларускі тэст. Але асноўная прычына, на маю думку, іншая. Усё ж беларуская мова для нас родная, яна ў нашым характары, мэнталітэце. Для нас складаныя некаторыя націскі, асаблівасьці вымаўленьня. Гэта таксама ёсьць у тэсьце. А тым, хто народжаны ў Беларусі, складана дакладна пісаць па-расейску”.

Паводле Касі, падчас тэставаньня адчувалася, што настаўнікаў “нібыта запалохалі”. “Некаторыя вучні прасілі кансультацыі, што не забаронена, бо потым гэта запісваецца ў пратакол, але ніхто з настаўнікаў на дапамогу такім абітурыентам не рызыкнуў прыйсьці”, — згадвае дзяўчына.
XS
SM
MD
LG