Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ацэначная місія экспэртаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ рэкамэндуе дзяржавам-удзельніцам АБСЭ накіраваць на парлямэнцкія выбары ў Беларусь паўнавартасную назіральную місію. Пра гэта “Свабодзе” стала вядома з крыніцаў у Бюро.

Ацэначная місія лічыць: на выбары ў Беларусь трэба накіраваць 40 доўгатэрміновых і 300 кароткатэрміновых назіральнікаў, а таксама каманду экспэртаў. Такая рэкамэндацыя стала вынікам візыту ў Беларусь 9—12 чэрвеня ацэначнай місіі Бюро. Тады, перад ад’ездам зь Менску, экспэрты абяцалі паведаміць пра сваё рашэньне праз два-тры тыдні.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сустракаўся з удзельнікамі ацэначнай місіі ў Менску. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што супрацоўнікі Бюро прымалі рашэньне толькі пасьля таго, як на ўласныя вочы пабачылі падрыхтоўку да выбараў:

“Яны самі паглядзелі, самі сустракаліся зь людзьмі, самі прынялі рашэньне. Значыць, гэта рашэньне адказнае. І гэта добра.

Другое — мы таксама выступаем за міжнароднае назіраньне. Бо мы за тое, каб выбары былі дэмакратычнымі, а не каб мы неяк дамаўляліся з уладай. Таму я лічу, што гэта добрае рашэньне. І яно дапаможа нам у рэалізацыі гэтай кампаніі”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа: працаваць зь міжнароднымі назіральнікамі для ЦВК — гэта ўжо не навіна:

“Для дзейнасьці міжнародных назіральнікаў у Рэспубліцы Беларусь створаны ўсе ўмовы. Мы ніякім чынам не абмяжоўваем свабоду іх выбару аб’ектаў для назіраньня. Яны могуць быць і ў выбарчых камісіях усіх роўняў, на ўчастках для выбараў, вывучаць, як спрыяе арганізацыі выбараў мясцовая адміністрацыя, як працуюць палітычныя партыі і канкрэтныя кандыдаты ў дэпутаты”.

Знаўца выбарчых кампаніяў Сяргей Альфер дае сваё тлумачэньне, чаму прыезд міжнародных назіральнікаў можна ацэньваць як пазытыўную справу:

“Прыедуць людзі, якія назіралі за правядзеньнем выбараў у розных краінах сьвету. Такіх, якія прыяжджаюць першы раз, мала, паколькі гэта пэўная абойма людзей, якія маюць досьвед назіраньня за выбарамі, у тым ліку ў краінах, дзе выбары праводзяцца недэмакратычна.

Вельмі важна, каб назіраньне вялося ад пачатку выбарчай кампаніі, таму што калі назіраеш у апошні дзень, дык можна прапусьціць вялікую колькасьць момантаў. А менавіта яны сьведчаць — дэмакратычна ці не праходзіла кампанія. У нас, прыкладам, сытуацыя такая, што не пасьпела АГП вылучыць свайго прадстаўніка ў склад ЦВК, як яго пасадзілі на 7 сутак. Гэта проста адзін са званочкаў, якія сьведчаць пра тое, што выбарчая кампанія пачалася ў паліцэйскім рэжыме, а не ў рэжыме адкрытасьці. І гэта ўсё будзе запісана назіральнікамі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG