Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму яны з такім жа імпэтам не штрафуюць сяброў БРСМ?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 1 ліпеня, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Распачынаем праграму выказваньнем на тэму цэнтралізаванага тэставаньня:

Спадар: “Ідзе кампанія тэставаньня: ніякіх зьвестак няма, адбываюцца розныя парушэньні, нават Канстытуцыі. А вы седзіце і маўчыце”.

Зьвяртаем увагу слухача, што цэнтралізаванае тэставаньне — тэма сёньняшняга дня на Радыё Свабода. Слухайце нашу праграму, а таксама чытайце старонку Беларускай Свабоды ў інтэрнэце.

Працягваем праграму. Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Пашкевіча, які быў асуджаны ў палітычнай “справе 14”, пакаралі штрафам і сямю суткамі арышту, абвінаваціўшы ў брыдкаслоўі. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня: “Гэта адукаваныя маладыя людзі, і яны ня будуць лаяцца. Ураду трэба наладжваць дыялёг з моладзьдзю, асабліва той, якая мае прапановы па паляпшэньні жыцьця”.

Спадар: “Міліцыі спадабалася штрафаваць дэмакратычную моладзь “за брыдкаслоўе”. Цікава, а чаму яны з такім жа імпэтам не штрафуюць сяброў БРСМ? Ня думаю, што яны менш лаюцца, чым сябры моладзевай апазыцыі”.

Спадар: “Вось кажуць, што ў Менску затрымалі Пашкевіча, што ён брыдкасловіў зь міліцыянтамі. А дзе яны ўсе працуюць, што маюць вольны час? І яшчэ пытаньне: а калі б такое парушэньне ў Амэрыцы, то што б ім было? Як бы там паліцыя да іх паставілася? Вы ніколі ня робіце такіх параўнаньняў”.

Выказваньне камэнтуе сябра АГП, палітык і праваабаронца Людміла Гразнова:

“Міхаіла Пашкевіча чарговы раз выключылі з ВНУ. Гэта таленавіты і разумны чалавек, і ён рэалізоўвае сябе ў палітыцы. Тэлефанаваў чалавек, пэўна, сталага веку, і ён ня ведае, што калі ў ЗША паліцыя затрымлівае, то яна дэталёва ва ўсім разьбіраецца. Гэтаксама дэталёва разьбіраецца і незалежны суд. А ў нас усе зьяўляюцца служкамі нейкага аднаго пана”.

У Беларусі распачалася кампанія па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. У гэтым зьвязку слухачка задае пытаньне:

Спадарыня: “Колькі законаў прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў без дапамогі прэзыдэнцкай адміністрацыі? Колькі памочнікаў у дэпутатаў і ці іх прызначаюць пасьля кожных выбараў, ці яны застаюцца тыя ж самыя?”

Адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітык Сяргей Скрабец:

“Чатырох памочнікаў дэпутаты абіраюць сабе самі. Што тычыцца законаў, то іх увогуле няма. Усе законы падаюцца з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта значыць, што калі цябе прызначылі ў парлямэнт, то ты павінен там сядзець і маўчаць. А калі выступаць, то крычаць, якая ў нас добрая ўлада і як мы ўсе ўдзячныя Аляксандру Рыгоравічу”.

3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі. У гэты ж дзень на дзяржаўным узроўні адзначаецца таксама Дзень незалежнасьці. Выказваньне слухача:

Спадар: “Паводле звышвысокага загаду, з патасам, у гонар надуманай, не гістарычнай падзеі — Дня незалежнасьці, будуць будавацца паветраныя палацы. Гэта значыць, парады вайсковай тэхнікі, у тым ліку ў небе. Ці патрэбна гэта народу? Няхай “Свабода” пракамэнтуе”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Слухач заўважыў тое, што ўжо заўважаюць мільёны. Дастаткова наведаць, да прыкладу, Мазырскі анкалягічны дыспансэр і паглядзець на ягоную тэхнічную аснашчанасьць. Так, сапраўды, прапануюцца паветраныя палацы, каб адцягнуць увагу людзей ад таго, што краіна, на жаль, імкліва коціцца ў прорву элемэнтарнай беднасьці”.

Працягваем праграму выказваньнем на тэму магчымасьці прыезду ў Беларусь папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ:

“Я вельмі шчасьлівы, што прэзыдэнт запрасіў наведаць Беларусь Папу Рымскага. У Беларусі жыве вельмі шмат католікаў і яны, як і я, будуць вельмі шчасьлівыя сустрэць нашага першасьвятара на нашай зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG