Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 чэрвеня грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр і ягоны адвакат Зьміцер Гарачка пачалі азнаямленьне з крымінальнай справай супроць Эмануіла Зэльцэра.

“Паводле абвінавачаньняў — ніякіх камэнтароў, справа засакрэчаная. У тым ліку не магу сказаць, і які аб’ём гэтай справы. Мяркую, знаёміцца будзем паўтара тыдні. Што да здароўя майго падабароннага, яно ранейшае — вельмі слабы, бо цяжка хворы”, — сказаў адвакат Зьміцер Гарачка для “Свабоды” пасьля сустрэчы з Эмануілам Зэльцэрам у ізалятары КДБ.

Нагадаем, грамадзяніна ЗША адваката Э. Зэльцэра арыштавалі ў менскім аэрапорце 12 сакавіка. У Менск Э. Зэльцэр прылятаў дзеля вырашэньня пытаньняў спадчыны грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, які нібыта валодаў часткай аднаго з нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі.

Паводле КДБ, Э. Зэльцэр абвінавачаны ў падробцы дакумэнтаў, кантрабандзе наркотыкаў і незаконным абароце наркатычных рэчываў, а таксама ў камэрцыйным шпіянажы. На пачатку чэрвеня ў КДБ заяўлялі, што “справу Э.Зэльцэра хутка перададуць у суд”.
XS
SM
MD
LG