Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-гадовы мазыранін Фёдар Чаранкоў адмовіўся ўзяць у ваенкамаце позву на праходжаньне вайсковай службы.


Свой учынак Фёдар патлумачыў так:

Проста адмовіўся, бо не зьбіраюся туды ісьці
“Проста адмовіўся, бо не зьбіраюся туды ісьці. Мой подпіс ня мае юрыдычнай сілы, пакуль мне няма васемнаццаці гадоў. Цяпер я вучуся ад цэнтра занятасьці ў вучэльні. Праходжу практыку на заводзе да 26 жніўня.

Але ваенкамат адтэрміноўку з-за гэтага не дае, бо вучуся ад цэнтра занятасьці. Такія курсы ў мяне”.

Хлопец набывае спэцыяльнасьць сьлесара кантрольна-вымяральных прыбораў.

Да лютага Фёдар вучыўся на першым курсе інжынэрна-пэдагагічнага факультэту Мазырскага ўнівэрсытэту, быў адным з найлепшых студэнтаў.

Але пасьля ўдзелу ў акцыі супраць скасаваньня льготаў быў адлічаны з ВНУ за акадэмічную непасьпяховасьць і патрапіў пад прызыў у войска.

Участковы міліцыянт паведаміў бацьку Фёдара Юрыю Чаранкову, што яго сына зьбіраюцца накіраваць на службу ў частку № 3214, якой кіруе палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка. Частка гэтая выкарыстоўваецца для разгону маніфэстацый апазыцыі.

Чаранкоў-старэйшы — сам, дарэчы, актывіст БНФ — кажа, што сын разьлічваў сёлета нанава паступаць у ВНУ. Але яму не даюць, нягледзячы на закон аб вайсковай службе:

Паводле гэтага закону сына ня маюць права забіраць у войска
“Мы знайшлі гэты закон аб прызыве ў войска. Паводле гэтага закону сына ня маюць права забіраць у войска, бо яму яшчэ й сёньня няма васемнаццаці гадоў. Яму будзе васемнаццаць толькі 18 чысла наступнага месяца. А 20 ліпеня яго плянуюць забраць. Дык мы напісалі заяву, што просім даць адтэрміноўку ў сувязі з паступленьнем у вышэйшую навучальную ўстанову.

Сын з жонкай прыйшлі сёньня ў ваенкамат. А там кажуць, што закон гэты ўжо зьмяніўся. А мы ж яго з інтэрнэту бралі. І калі ён зьмяніўся? І там нібыта ўжо няма такіх словаў — “асобам, якім споўнілася васемнаццаць гадоў”.

Юры Чаранкоў кажа, што яго сына зьбіраюцца забраць у войска 20 ліпеня — праз 2 дні пасьля таго, як яму споўніцца 18 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG