Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэнду офісу БНФ у Магілёве павялічылі ў 10 разоў


Камунальныя службы Ленінскага раёну Магілёва пасьля больш як гадавога перапынку падоўжылі дзеяньне дамовы на арэнду офісу рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ. Пры гэтым, аднак, камунальнікі запатрабавалі аплачваць арэнду па новых коштах. За офіс давядзецца плаціць 185 эўра ў месяц.

Цяпер у Магілёве ўсе апазыцыйныя партыйныя арганізацыі аплачваюць арэнду офісаў паводле камэрцыйных коштаў. Яшчэ горшая сытуацыя з раённымі партыйнымі суполкамі. Іх давялося ліквідаваць, бо для іх няма офісаў.
Управа маёмасьці Магілёўскага гарвыканкаму ў сакавіку 2007 году пасьля ператрусу ў партыйным офісе адмовілася працягваць тэрмін дзеяньня дамовы. Тады ж міліцыянты офіс запячаталі.
Фармальна запячатанае памяшканьне заставалася офісам рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ на працягу году. Летась управа юстыцыі аблвыканкаму двойчы пагражала кіраўніку арганізацыі Рыгору Кастусёву папярэджаньнем на падставе адсутнасьці юрыдычнага адрасу. Знайсьці новы офіс партыйцам не ўдавалася.
Паводле Рыгора Кастусёва, пры канцы мінулага тыдня ён атрымаў паведамленьне ад камунальнікаў. Яны дазволілі, кажа ён, зьняць пячатку й надалей выкарыстоўваць памяшканьне як офіс, аднак са зьмененымі ўмовамі аплаты:
“Зараз гэты офіс будзе каштаваць у дзесяць разоў болей. Раней мы плацілі 18,2 эўра, цяпер будзем плаціць 182 эўра. Як сказалі з гумарам у аддзеле дамоваў Ленінскага ЖРЭУ: “Не хацелі выселяцца, вось вам цяпер такая цана, вы й самі адмовіцеся ад гэтага памяшканьня”. У гэтых словах ёсьць вялікая доля праўды. Дзе ўзяць грошы? Ня ведаю, што рабіць. За травень ужо налічаная новая сума”.
Офіс рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ знаходзіцца ў дзяржаўным камунальным будынку.
Рыгор Кастусёў зазначае, што яшчэ горшая сытуацыя з раённымі суполкамі партыі БНФ. Зарэгістраваных партыйных суполак на Магілёўшчыне больш няма. Няпэўнай застаецца сытуацыя й з суполкамі руху БНФ “Адраджэньне”, якія таксама давядзецца закрываць, кажа спадар Кастусёў:
“Нам забаранілі выкарыстоўваць юрыдычныя адрасы па месцы жыхарства, а спробы знайсьці офісы — вось мы ў Мсьціславе спрабавалі, у Шклове спрабавалі, у іншых гарадах спрабавалі — гэта цэлая праблема. Тут нават ня тое, што нам давядзецца вялікія сродкі шукаць. І за гэтыя сродкі ў рэгіёне офісы ніхто не дае. Як толькі гучыць слова “БНФ” адразу й прадпрымальнікі, і дзяржаўныя органы адмаўляюць у выдзяленьні офісу”.
У рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі офіс ёсьць. Партыйцы арандуюць яго ў прадпрымальніка. Аплата вымагае вялікіх сродкаў, кажа старшыня арганізацыі Ўладзімер Шанцаў, якіх не хапае. У гэтым спадар Шанцаў вінаваціць палітраду Аб’яднаных дэмакратычных сілаў:
“У адных шалёныя рэсурсы, а ў другіх няма нічога. Наагул дзіўная сытуацыя, і гэтая сытуацыя кажа пра тое, што палітрада ня выканала сваю ролю. Аднак суполкі ў нас, тым ня менш, ёсьць. А праблемы дужа вялікія. Праблемы з офісамі. Звычайна праблема — іх не даюць”.
Паводле спадара Шанцава, суполкі АГП захаваліся ў Круглым, Чавусах, Кіраўску.
Рэгіянальная арганізацыя Камуністычнай партыі Беларускай здымае офіс таксама ў прадпрымальніка. Паводле старшыні арганізацыі Валера Беразіенкі, ад пачатку году за офіс яны плацяць паводле камэрцыйных ставак:
“Гэта асобная гаворка, гэта наш боль. Шукаем і спонсараў, і самі талакой зьбіраем, бо сяброўскіх складак не стае на тое, каб аплаціць гэты офіс па дарагой цане.”
XS
SM
MD
LG