Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС не выключаюць, што вязьня шклоўскай калёніі Парсюкевіча перавядуць у менскую калёнію.

30 чэрвеня з палітвязьнем Сяргеем Парсюкевічам у шклоўскай калёніі сустрэлася ягоная жонка Натальля Парсюкевіч. Іх размова доўжылася дзьве гадзіны. Натальля Парсюкевіч вылучыла дзьве асноўныя навіны з турэмнага жыцьця свайго мужа: гэта прэсінг на яго ў шклоўскай калёніі з боку адміністрацыі і тое, што Сяргея Парсюкевіча зьбіраюцца пераводзіць у менскую калёнію.
Натальля Парсюкевіч пераказвае прыклады тэндэнцыйнага стаўленьня да свайго мужа з боку адміністрацыі:
“Сочаць за ім, увесь час правяраюць, абшукваюць, быццам шукаюць, за што даць яму пакараньне. Прывёў такі прыклад: ідуць два атрады на працу, афіцэр спыняе і правярае, ці ідзе сярод іншых Парсюкевіч. Там і забойцы, і крымінальнікі, але такая звышпільнасьць чамусьці толькі адносна яго”.
Сяргей Парсюкевіч стараецца ні ў чым не парушаць парадку, каб не даваць падставы для спагнаньняў.
Паводле Натальлі Парсюкевіч, яе муж напісаў заяву на перавод яго ў менскую калёнію нумар адзін. Калі гэта можа адбыцца, жанчыне невядома.
Намесьнік начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў пры Міністэрстве ўнутраных спраў Юры Баранкоў пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што Сяргея Парсюкевіча могуць перавесьці ў менскую калёнію:
“Так, такая заява ад яго была, як ад былога супрацоўніка праваахоўных органаў. Калі пацьвердзіцца тэндэнцыйнае стаўленьне да яго з боку іншых асуджаных, магчыма, задаволім яго заяву”.
Натальля Парсюкевіч таксама паведаміла, што яе муж казаў пра дрэннае харчаваньне ў шклоўскай калёніі: кормяць кашамі бязь мяса, няма вітамінаў:
“З часу арышту муж схуднеў прыкладна на 20 кіляграм, ужо пасьля суду схуднеў гэтак, што засталіся толькі скура ды косьці,” — кажа Натальля Парсюкевіч.
Прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча асудзілі паводле абвінавачаньня ў зьбіцьці міліцыянта на 2,5 года зьняволеньня. Сваёй віны Парсюкевіч не прызнае і кажа пра палітычна матываваны перасьлед.
XS
SM
MD
LG