Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак выбараў у парлямэнт супаў з чарговай хваляй затрыманьняў апазыцыянэраў. Ці зьяўляецца гэта знакам уладаў, як яны правядуць усю кампанію? ТЭМА ДНЯ.

Пасьля абвяшчэньня пачатку выбарчай кампаніі па краіне пракацілася хваля рэпрэсій супраць палітычных актывістаў.

У Менску быў затрыманы назіральнік у Цэнтарвыбаркаме ад АГП Міхаіл Пашкевіч. Супраць яго распачатая крымінальная справа. Арыштаваныя на 10 сутак сябра “Маладога Фронту” Яўген Афнагэль і сябра Хэльсінскага камітэту Эдуард Баланчук. Баранавіцкага актывіста Арцёма Ластавецкага, які адсядзеў 7 сутак арышту, ізноў прывезьлі ў суд. Многім студэнтам, якія навучаюцца за мяжой па праграме Каліноўскага, быў забаронены выезд з Беларусі.

БНФаўца прызываюць служыць у частку Паўлючэнкі

Участковы міліцыянт паведаміў бацькам моладзевага актывіста з Мазыра Фёдара Чаранкова, што іх сына зьбіраюцца накіраваць для праходжаньня службы ў частку № 3214, якой кіруе палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка. Фёдар сёньня адмовіўся ўзяць позву ў ваенкамат.

А.Лябедзька: "Я ніколі ня бачыў такога працэсу"

Судьдзя Рыта Шаграй груба перапыняла адвакатку і зрабіла ёй некалькі заўвагаў адразу. Некаторых людзей яна выдаліла з судовай залі, а некаторых – аштрафавала, абвінаваціўшы ў непавазе да суду. Р.Шайгай выдаліла з судовай залі Анатоля Лябедзьку. Палітык Людміла Гразнова запыталася ў судзьдзі: “Можа нам усім сысьці?” Тая адказала, што была б вельмі задаволеная.

18.40 Пашкевічу далі 7 сутак арышту

18.25 У часе судовага працэсу Міхаіла Пашкевіча аштрафавалі на 350 тыс. рублёў. Журналістку нашага радыё Любоў Лунёву— на 280 тыс. Абаіх — за непавагу да суду.

З Любоўю Лунёвай Радыё Свабода зьвязалася ў часе працэсу, каб атрымаць апошнюю інфармацыю, яна шэптам адказала па тэлефоне, за што і была аштрафаная. Пашкевіча жа аштрафавалі за тое, што ён заявіў судзьдзі: «Я на ідыёцкія пытаньні не адказваю».

Працэс працягваецца. Судзьдзя піша прысуд.

16.10 Судзьдзя А. Шаграй дазволіла журналістам і паплечнікам Пашкевіча увайсьці ў залю. Працэс аднавіўся.

15.25. У працэсе абвешчаны перапынак для азнаямленьня Міхала Пашкевіча з пратаколам. Нягледзячы на рашэньне старшыні суда міліцыянты не пускаюць людзей у судовую залю.



15.05. Актывіста АГП Міхала Пашкевіча завялі ў залю Кастрычніцкага раённага суду Менску. Пачаўся працэс. Судзьдзя не пусьціла на паседжаньне журналістаў і тых, хто прыйшоў падтрымаць Міхала Пашкевіча.

13.30. Міхал Пашкевіч знаходзіцца ў міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску. У суд яго пакуль не прывязьлі. У суд прыйшлі паплечнікі Міхала, апазыцыйная моладзь. Працэс чакаецца па абедзе.

Міхал Пашкевіч нарадзіўся ў 1986-м годзе у Расеі, потым жыў Бярозе на Берасьцейшчыне. У 13 год падрабіў подпіс бацькоў на заяве пра згоду, каб сын быў сябрам “Маладога фронту” і разам зь сябрамі пачаў актыўную дзейнасьць у Бярозе. Потым была кампанія “Выбірай” падчас выбараў 2001-га. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ, адкуль быў адлічаны пасьля выбараў 2006-га. Ад 2006 году ў моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году крымінальныя справы па палітычных матывах былі ўзбуджаныя супраць 20 грамадска-палітычных актывістаў. 13 зь іх былі асуджаныя на розныя тэрміны арышту.



У суботу ўвечары быў затрыманы палітвязень Міхал Пашкевіч, які быў пакараны ўвесну па “справе 14”. На паседжаньні палітрады АГП, сябрам якой зьяўляецца Пашкевіч, ён быў дэлегаваны назіральнікам у Цэнтральную выбарчую камісію.

Актывіста МФ ня хочуць выпускаць з турмы

Баранавіцкі актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцём Ластавецкі сёньня адбыў 7 сутак арышту. Калі скончыўся тэрмін пакараньня, яго адразу зноў павезьлі ў суд. Міліцыянты патлумачылі Арцёму, што цяпер будуць судзіць за графіці палітычнага зьместу.

Арыштавалі назіральніка ад БХК

Маскоўскі раённы суд Менску арыштаваў на 10 сутак і аштрафаваў на мільён пяцьдзесят тысяч рублёў сябра БХК Эдуарда Баланчука з Маладэчна.

У. Лабковіч: “Улады хітруюць, што зьбіраюцца праводзіць дэмакратычныя выбары”

Камэнтуючы затрыманьні моладзевых актывістаў, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч адзначыў, што ўлады ствараюць звычайную атмасфэру, якая была напярэдадні ўсіх выбараў.

Берасьце: суд апраўдаў актывіста Івана Стасюка

Сёньня суд Ленінскага раёну Берасьця вызваліў з-пад варты ў міліцэйскім пастарунку Івана Стасюка — моладзевага грамадзкага актывіста.

Яўген Афнагель асуджаны на 10 сутак

28 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Менску арыштаваў на 10 сутак актывіста грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўгена Афнагеля. Яго зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

Студэнтаў-каліноўцаў не выпускаюць зь Беларусі

Беларускіх хлопцаў, якія вучацца ў замежных унівэрсытэтах, здымаюць на мяжы і паведамляюць, што ім забаронены выезд за межы Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG