Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня: дзяржаўная манаполія на сьвята


Павал Левінаў

Павал Левінаў

Прадстаўнік БХК Павал Левінаў зьвярнуўся ў гарвыканкам па дазвол на правядзеньне шэсьця ў Віцебску і атрымаў адмову на падставе ранейшай пастановы тутэйшых чыноўнікаў.


Намесьнік старшыні гарвыканкаму Павал Лосіч пісьмова адказаў Паўлу Левінаву, што правядзеньне масавых акцый ў дзяржаўны Дзень Незалежнасьці мясцовыя улады лічаць немэтазгодным. Да таго ж чыноўнік спаслаўся на пастанову ад 24 кастрычніка 2003 году, дагэтуль не вядомую віцебскім ініцыятарам пікетаў. Віцебскі гарвыканкам амаль 5 год таму забараніў праводзіць грамадзкія вулічныя акцыі “у дні дзяржаўных сьвятаў і сьвяточныя дні, дні памятных датаў і знамянальных падзеяў, якія адзначаюцца ў Рэспубліцы Беларусь”.

На думку Паўла Левінава, такім чынам улады абмяжоўваюць кола тых, хто можа праявіць увагу да грамадзкіх акцыяў, перадусім апазыцыйных – бо, як вядома, менавіта ў сьвяточныя і выходныя дні людзі найчасьцей выходзяць у горад і гатовыя да сумоўя. Менавіта на гэта разьлічваў віцебскі актывіст, мяркуючы правесьці 3 ліпеня шэсьце “з мэтаю садзейнічаць умацаваньню і разьвіцьцю правоў чалавека ў Беларусі ды прыцягнуць увагу да праблем парушэньня гэтых правоў”.

Праваабаронца таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў лісьце намесьніка старшыні гарвыканкаму наўпрост гаворыца пра дзяржаўную манаполію на сьвяткаваньні: на 3 ліпеня ў Віцебску заплянаваны цэлы шэраг афіцыйных імпрэзаў, дазволеных, да прыкладу, мясцовай структуры БРСМ, без усялякіх абмежаваньняў.

Павал Левінаў мяркуе даслаць у гарвыканкам новую заяўку на правядзеньне шэсьця – на 27-га ліпеня, у дзень прыняцьця дэклярацыі пра сувэрэнітэт Беларусі. Раней гэтая дата адзначалася ў якасьці дзяржаўнага сьвята, аднак цяпер яно скасаванае, і, паводле спадара Левінава, фармальных прычынаў для адмовы ў гарвыканкаму ўжо няма.

XS
SM
MD
LG