Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісту ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў у пасёлку Дружны Сяргею Абразоўскаму пагражаюць новым судом.

Яго вінавацяць у арганізацыі і правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу жыхароў пасёлку, якія адбыўся напярэдадні, 27 чэрвеня. Сяргея Абразоўскага выклікалі ў міліцыю а 20-й гадзіне 28 чэрвеня і склалі адпаведны адміністрацыйны пратакол. Як паведаміў намесьнік начальніка Пухавіцкага РАУС Генадзь Сячко, справу Сяргея Абразоўскага суд разгледзіць бліжэйшымі днямі.

Гэта будзе трэці суд над Сяргеем Абразоўскім за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва заводу расейскай прыватнай кампаніі “Август-Бел”. Двойчы спадар Абразоўскі быў пакараны буйнымі штрафамі. Таксама 28 чэрвеня штрафам 15 базавых велічыняў за ўдзел у адным з забароненых мітынгаў, суд Пухавіцкага раёну пакараў жыхара пасёлку Рудзенск Міхаіла Калінкевіча. Раней штрафы атрымалі жыхары пасёлку Дружны Наста Папова, Тацьцяна Дылькова, Сяргей Салдаценка. Папярэджаньне пракуратуры атрымала Тацяна Рысевец, у адміністрацыйную камісію Пухавіцкага райвыканкаму выкліканая Натальля Мацапон.

Аднак, не зважаючы на пратэсты мясцовых жыхароў, расейская прыватная кампанія “Август-Бел” з дазволу ўладаў Беларусі распачала будаўніцтва заводу. У зьвязку з гэтым падчас мітынгу людзі заявілі пра рашучасьць распачаць страйк, а таксама блякаваць аўтадарогі і чыгунку. Яны таксама распачалі стварэньне грамадзкай экалягічнай арганізацыі. Акрамя таго, актывісты ініцыятыўнай групы сабралі некалькі тысяч подпісаў пад лістамі пратэсту на адрас ААН і АБСЭ, а таксама да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, да якога гэты ліст будзе трэцім.
XS
SM
MD
LG