Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Папоў: ад апазыцыі ў парлямэнце толькі шум ды трэск


Агульным фатаграваньнем скончылася сёньня чарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў.

Цяпер дэпутаты гэтага скліканьня зьбяруцца толькі 2-га кастрычніка. Але да гэтага часу ўжо пройдуць новыя выбары.

Цяперашні кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў на прэсавай канфэрэнцыі патлумачыў, як будуць пераходзіць паўнамоцтвы да дэпутатаў новага скліканьня:

“Пасьля выбараў першае паседжаньне павінна быць прызначанае не пазьней чым праз 30 каляндарных дзён. І калі 28 верасьня пройдуць выбары, дык 28 кастрычніка павінна будзе адбыцца першае паседжаньне. І тут скончацца паўнамоцтвы дэпутатаў цяперашняга скліканьня”.

Вадзім Папоў старанна абыходзіў усяго, што тычылася прагнозаў: колькі дэпутатаў зь цяперашняга складу будуць балятавацца восеньню, ці зьбіраецца ісьці на чарговыя выбары ён асабіста, колькі цяперашніх дэпутатаў захаваюць свой мандат?

Выказаўся ён толькі наконт магчымага ўдзелу ў новым складзе парлямэнту прадстаўнікоў апазыцыі:

“Давайце вернемся да другога, папярэдняга, скліканьня Палаты. Відавочная і невідавочная апазыцыя. Шуму і трэску шмат. Тут не пляцоўка для палітычных баталіяў. Гэта пляцоўка для стварэньня законаў”.

Апазыцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі, які быў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 13 скліканьня, сказаў “Свабодзе”, што такі падыход сьпікера выклікае ў яго жах:

“Калі ў парлямэнце не прадстаўленыя грамадзкія інтарэсы, якія заўсёды розныя, калі не знаходзіцца агульная пазыцыя і нават не выслухоўваюцца розныя меркаваньні, гэта азначае, што парлямэнт ня хоча слухаць грамадзтва, ня хоча слухаць людзей.

Палітычныя баталіі якраз і зьяўляюцца сродкам прыняцьця ўзважаных рашэньняў. А калі няма палітычных баталіяў, калі ў парлямэнце няма ніводнай фракцыі, то прыстойным людзям было б сорамна пра гэта казаць”.

Вадзім Папоў таксама назваў “некарэктнай” пастаноўку пытаньня аб увязваньні далейшых дачыненьняў Эўразьвязу з Беларусьсю ў залежнасьці ад таго, як пройдзе восеньская выбарчая кампанія. Падобныя выказваньні сьпікер назваў “прыватнымі заявамі асобных людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG