Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы сустрэліся зь Вячаславам Сіўчыкам адразу пасьля чарговага вызваленьня з чарговай турэмнай адсідкі 13 чэрвеня 2008 году.

Гэтым разам апазыцыянэр, палітвязень са стажам, трапіў за краты на 10 сутак. Да ягоных пасадак, здаецца, ужо ўсе прызвычаіліся, гэтак сама як і да сустрэч яго, калі ён выходзіць з турэмнай брамы. Зноў сустракалі Вячаслава паплечнікі, сябры, сям’я. На ягоную галаву апранулі вянок з валошак.

Ён ніколі не лічыў сябе ахвярай

Колькі разоў трапляў за краты, Вячаслаў ужо і ня памятае. Кажа, што не лічыў, бо:

“Я ніколі не лічыў сябе ахвярай. Я разумеў, што проста зьяўляюся прадстаўніком беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У такой іпастасі стаць ахвярай проста немагчыма”.

За амаль 20 гадоў былі столькі сутыкненьняў зь міліцыяй і спэцназам, судоў і турмаў, што Вячаслаў Сіўчык навучыўся спакойна ўспрымаць і стойка пераносіць хлусьню, несправядлівасьць, гвалт.

Сіўчык: “У гэтай сытуацыі трэба проста разумець, што адбываецца навокал. І тады будзе ўсё лёгка і проста. Наша нацыя сёньня, на вялікі жаль, жыве ў такіх умовах, што мы сярод лідэраў у сьвеце паводле колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва. І другі момант – трэба ведаць гісторыю беларускага нацынальна-вызвольнага руху. Таму што беларусаў у 20 стагодзьдзі стралялі, забівалі, катавалі, высялялі мільёнамі”.

“Галадоўка была пасьпяховая. Я тады выйграў у Лукашэнкі”

З Алегам Трусавым
Вясна 1996 году была сапраўды гарачай. Беларускую сталіцу ўскалыхнулі два масавыя выступы апазыцыі – Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях. Была заведзеная крымінальная справа супраць БНФ за арганізацыю масавых непарадкаў. Менавіта па гэтай справе і быў арыштаваны Вячаслаў Сіўчык як адзін з кіраўнікоў Фронту (ён тады быў адказным сакратаром управы БНФ). У турме ён абвясьціў галадоўку, як ён кажа, дзеля таго, каб болей як 5 тысяч зарэгістраваных актывістаў легальнай арганізацыі БНФ ня трапілі ў турму паводле таго ж самага абвінавачаньня. 21-дзённую галадоўку пераносіў вельмі цяжка, бо ў дадатак пакутаваў ад бяссоньніцы. Вызвалілі яго пасьля трохдзённага знаходжаньня ў рэанімацыі:

“Галадоўка была пасьпяховая. Я тады выйграў у Лукашэнкі. Ён вымушаны быў мяне адпусьціць, бо я ведаю, што ніхто мяне не хацеў вызваляць. І добра, што мне не давялося нікога прасіць, ні да каго зьвяртацца, каб мяне выпусьцілі. Мяне выпусьцілі таму, што баяліся, каб я там далей знаходзіўся”.

Пракуратура спыніла тую крымінальную справу, але ўручыць Сіўчыку паперу з паведамленьнем пра гэта не змаглі, бо тады менская міліцыя вышуквала яго як арганізатара акцыяў менскай вясны ўжо 1997 году.

У палітычнай барацьбе ён прагматык

Шлях змаганьня Вячаслава Сіўчыка за нацыянальную дзяржаву пачаўся яшчэ практычна за камуністамі са стварэньня групы падтрымкі БНФ у Беларускай геалягічнай экспэдыцыі вытворчага аб’яднаньня “Беларусьгеалёгія”. Ня вельмі хацеў гэтым займацца, бо быў вельмі загружаны працай. Але непрыняцьце камунізму і мара аб нацыянальнай дзяржаве перамаглі.

Нацыянальныя каштоўнасьці заўсёды прызнаваліся ў сям’і Вячаслава, і ён заўсёды пачуваў сябе беларусам. Магчыма, таму, што дзяцінства прайшло па-за межамі Беларусі, у Закаўказьзі, дзе, адрозна ад Беларусі, шматмоўе і шматэтнічнасьць былі рэальнасьцю. Як чалавек Вячаслаў фармаваўся ў асяродзьдзі, дзе немагчыма было не адчуваць сваёй нацыянальнай прыналежнасьці.

У палітычнай барацьбе Сіўчык лічыць сябе прагматыкам:

“Я лічу, што галоўнай мэтай беларускага нацыянальнага руху ёсьць прыход да ўлады. Практычна ўсе лідэры беларускага руху 19–20 стагодзьдзяў ставілі такую мэту. Ніхто ня зможа кіраваць беларускай дзяржавай лепей за беларускіх нацыяналістаў, бо яны людзі натуральнай зацікаўленасьці, каб беларусы жылі нармальна. Дзеля выкананьня гэтай канчатковай мэты трэба выкарыстоўваць усе мэтады, усе мэтодыкі, што назапашаныя як самім беларускім нацыянальным рухам, так і разьвіцьцём усясьветнай цывілізацыі. Мы павінны зразумець, што дзеля менавіта канчатковай мэты трэба не зацыклівацца на чымсьці адным, а імкнуцца да сыстэмнай працы”.

У сваіх разважаньнях пра Беларусь Вячаслаў Сіўчык абапіраецца на гістарычны досьвед, шукае паралелі ў мінулым:

“Я казаў, што мы жывем у 19 стагодзьдзі не таму, што мы паўтараем нешта тое, што рабілі вялікія беларусы Багушэвіч і іншыя. Я казаў, што мы жывем у 19 стагодзьдзі паводле іншых паказчыкаў. Прыкладам, тое, што беларускі ліцэй ня можа працаваць на беларускай тэрыторыі – гэта хіба 21-е стагодзьдзе? Не. Гэта – 19 стагодзьдзе, максымум – пачатак 20-га стагодзьдзя.

Бярыце любыя запалоненыя народы 20-га стагодзьдзя і абавязкова знойдзеце такія выпадкі, калі народ вымушаны быў рыхтаваць сваю эліту ва ўмовах акупацыі. Колькі мяне ні судзілі, я, як і многія мае калегі, заўсёды ад лукашэнкаўскага суду патрабую толькі аднаго – каб мяне судзілі на маёй беларускай мове. Заўсёды лукашэнкаўскі суд мне адказвае: у нас дзьве дзяржаўныя мовы руская і беларуская, і мы цябе будзем судзіць па-руску. Гэта 21-е стагодзьдзе? Зноў-такі, гэта 19–20 стагодзьдзе”.

Пяць вехаў

На прэсавай канфэрэнцыі лідэраў прадпрымальніцкага руху з М.Аўтуховічам, А.Макаевым, І.Леднікам, 25.02.2008
За свае два дзесяцігодзьдзі няспыннага ўдзелу ў апазыцыйным руху зь дзесяткамі мітынгаў, дэманстрацыяў, пікетаў, з судамі, арыштамі, турмамі сам Вячаслаў Сіўчык вылучае пяць прынцыповых падзеяў.

Найперш ён ганарыцца тым, што быў арганізатарам перакрыцьця менскага праспэкту імя Францішка Скарыны ў 1998 і 1999 гадох, калі Лукашэнка і Ельцын падпісвалі пагадненьні аб стварэньні гэтак званай саюзнай дзяржавы:

“Гэта ёсьць гістарычны факт, што ў момант здрады галоўны праспэкт сталіцы быў перакрыты. І не на хвіліну, не на дзесяць хвілінаў, а перакрыты нармальна. Мэта была вельмі простая: паказаць, што б яны там ні рабілі, а Беларусь ёсьць, і мы будзем змагацца за сваю краіну”.

Тады гэтыя акцыі былі паказаныя па многіх тэлеканалах. Але самым важным палітык лічыць, што гэта пабачыў беларускі народ, бо, на ягонае перакананьне, безь беларусаў супраціў не атрымаецца.

Другой прынцыповай справай лічыць свой чын у абароне Курапатаў. Гэта – 2001–2002 гады, калі высілкамі найперш моладзі былі сарваныя пляны ў зьнішчэньні нацыянальнага нэкропалю.

Трэцяя веха – Дзень Волі 2004 году. Тады, пратэстуючы супраць забароны масавага сьвяткаваньня, Сіўчык разам з трыма калегамі прыкуў сябе ланцугамі да слупоў на Кастрычніцкай плошчы Менску.

Пасьля быў кіеўскі Майдан. Ва ўкраінскай Памаранчавай рэвалюцыі ўзялі ўдзел каля 200 беларускіх актывістаў, каардынатарам якіх і быў Вячаслаў. Колькасьць беларусаў, што зь бел-чырвона-белымі сьцягамі падтрымлівалі ўкраінскае дэмакратычнае змаганьне, была нават ня меншай, чым асобных рэгіёнаў рэвалюцыйнай краіны.

І нарэшце – 2006 год, Плошча Каліноўскага, калі Сіўчык стаў адным з асноўных арганізатарам намётавага лягеру. Ён кажа пра тое, што ўся адміністрацыя плошчы была прызначана ім асабіста:

“Гэта зьява нацыянальнай беларускай гісторыі. Гэта сапраўды нацыянальная беларуская ідэя проста на вуліцах Менску. Плошча Каліноўскага – гэта чыста беларуская зьява”.

Усе зьняволеньні былі незаконнымі

Усе свае арышты Вячаслаў Сіўчык лічыць незаконнымі:

“Заўсёды на судзе на пытаньне судзьдзі, ці прыцягваліся вы да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці, заўсёды адказваю праўду – законна ні разу. А чалавек, які лічыць сябе незаконна пасаджаным, паводзіць сябе адпаведна”.

Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся 18 сьнежня 1962 году ў Менску. У 1984 г. скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у ВА “Беларусьгеалёгія” і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Займаўся пытаньнямі экалёгіі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Быў сакратаром управы БНФ, старшынём камісіі Сойму БНФ па сувязях з рабочым рухам, намесьнікам старшыні БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ. 11 студзеня 2003-га рашэньнем Сойму БНФ выключаны з партыі БНФ “за дэструктыўную дзейнасьць... і непадпарадкаваньне рашэньням Сойму”. Ініцыятар стварэньня шэрагу грамадзкіх арганізацыяў ("Малады фронт", Беларускі жаночы рух "За адраджэньне Айчыны" і іншых). У 2004 годзе – каардынатар беларускіх удзельнікаў украінскай Памаранчавай рэвалюцыі. У сакавіку 2006 году адзін з арганізатараў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер зьяўляецца кіраўніком сэкцыі “Мэмарыял” Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра вялікай і малой рады ЗБС “Бацькаўшчына”. Шмат разоў быў зьняволены на 10-15 сутак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG