Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парсюкевіча ў калёніі зрабілі ператрус


Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.

Жонка Сяргея Парсюкевіча Натальля падзялілася адразу некалькімі навінамі пра знаходжаньне мужа ў Шклоўскай калёніі. Асабліва ўзрушыла жанчыну паведамленьне пра стаўленьне адміністрацыі калёніі да Сяргея.

“Пераводзяць туды-сюды. Вось нядаўна зноў перавялі ў іншы пакой, а потым прыйшлі і правялі ператрус у ягонай тумбачцы. Магчыма, шукалі мабільны тэлефон ці што. Я напісала яму, што магчымая розныя правакацыі”.

Паводле Натальлі Парсюкевіч, яе муж з часу суду схуднеў болей як на 10 кіляграмаў. Вязень піша, што яму не хапае ежы, ён адчувае сябе “напаўгалодным”. “Напісаў, што ўжо два тыдні не вадзілі ў турэмную краму, дзе можна сёе-тое набыць з ежы”, – кажа Натальля.

Яшчэ яна паведаміла, што Сяргей Парсюкевіч ужо пачаў працаваць: шые абутак, у тым ліку тапкі для асуджаных. За гэтую працу будуць плаціць прыблізна 10-15 тысяч на месяц. Так мала таму, што адлічаюць з заробку на харчы і ўтрыманьне, тлумачыць жонка палітвязьня.

Таксама не даходзяць некаторыя лісты ад Сяргея Парсюкевіча дамоў і яму ў калёнію. Прычыны стратаў Натальля ня ведае. У панядзелак 30-га чэрвеня яна паедзе ў Шклоўскую калёнію на кароткатэрміновае спатканьне з мужам, падчас якога спадзяецца зьведаць больш падрабязнасьцяў пра ўмовы ягонага зьняволеньня.

Нагадаю, віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Парсюкевіч кажа, што ён невінаваты і што насамрэч гэта яго зьбіў ахоўнік турмы Дулуб.

Маці Андрэя Кіма Тацяна Кім мела з сынам кароткае спатканьне. Нагадаю, актывіста ўтрымліваюць у Бабруйскай калёніі, хоць прысуд яму – 1,5 года зьняволеньня за напад на міліцыянта, – яшчэ не ўступіў у дзеяньне. Напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі, які яшчэ не прызначаны, Тацяна Кім была вельмі асьцярожная ў расказе пра тое, у якіх умовах трымаюць яе сына і як ён пачуваецца.

“Напішыце, што паступова прызвычайваецца, працуе ўжо, робіць шаўроны для вайсковай формы. Працуе то ў першую зьмену, то ў другую. Быццам усё нармальна. Не хварэе. Усё добра”.

Беларускія ўлады супраць таго, каб у камітэце правоў чалавека ААН разглядалася скарга паводле справы былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Пра гэта паведаміў былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

Летась разам з Вольгай Казулінай Ігар Рынкевіч падаў у камітэт правоў чалавека ААН скаргу на парушэньні ўладамі Беларусі міжнароднага пакту “Аб грамадзянскіх і палітычных правах” адносна Аляксандра Казуліна. Днямі спадару Рынкевічу ўдалося ўбачыць тэкст адказу прадстаўніцтва Беларусі ў ААН, дасланага ў Жэнэву ў камітэт правоў чалавека. Там сказана, нібыта заяўнікі Вольга Казуліна і Ігар Рынкевіч ня маюць ад Казуліна паўнамоцтваў падаваць скаргу. На гэтай падставе разгляд скаргі беларускія дыпляматы лічаць “непажаданым”.

Да 25-га жніўня Ігар Рынкевіч намераны пераслаць у Жэнэву дадатковыя дакумэнты, якія пацьвердзяць ягоныя паўнамоцтвы, а таксама паўнамоцтвы Вольгі Казулінай. Вось што сказаў абаронца палітыка:

“Мы спадзяемся, што на восеньскай сэсіі ААН ў камітэце правоў чалавека ня толькі наша скарга будзе прынятая да разгляду, але і разгледжаная па сутнасьці, і ў выніку справа “Аляксандар Казулін супраць ураду Беларусі” вырашыцца на карысьць прафэсара Казуліна”.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня. У Беларусі і сьвеце шмат хто лічыць яго палітвязьнем і дамагаецца ягонага вызваленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG