Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магутны Божа”: дыплёмам уганараваны амэрыканец


Нікалас Фартунас

Нікалас Фартунас

У Магілёве завяршыўся шаснаццаты фэстываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”.

Сёньня ўдзельнікі конкурснай праграмы атрымалі дыплёмы ды прызы. Дыплёмам “За разьвіцьцё й захаваньне культурнай спадчыны” журы фэстывалю ўганаравала францысканскага манаха са Злучаных Штатаў Амэрыкі Нікаласа Фартунаса.

Сёлета гран пры фэстывалю не прысуджалі. Дыплёмы першай ступені на фэстывалі атрымалі ўзорны дзіцячы хор зь Менску “Верасок” ды акадэмічны хор “Асана” з Падмаскоўя з гораду Пушкін. Прызы ды дыплёмы атрымалі выканаўцы зь Беларусі, Расеі, Злучаных Штатаў Амэрыкі ды Кітаю.

Пра фэстываль “Магутны Божа” Нікалас Фартунас даведаўся з інтэрнэту й даслаў на электронны адрас Магілёўскага касьцёлу сьвятога Станіслава анкету ўдзельніка. На конкурсе ён выконваў рэлігійныя музычныя кампазыцыі пад акампанэмэнт бас-гітары.

Вось што сказаў Нікалас Фартунас “Свабодзе” адразу ж па атрыманьні дыплёму:

“Мяне глыбока кранула выдатнае майстэрства ўсіх сьпевакоў, кампазытараў, дырыжораў, аркестраў, паасобных сьпевакоў. Я ў сябе ніколі ня бачыў гэтулькі добрых сьпевакоў і хораў адначасова. Так што з культурнага і музычнага пункту гледжаньня гэта зрабіла на мяне вялізнае ўражаньне. Хай будзе дабраслаўлены гэты фэстываль”.

Нікалас Фартунас у Амэрыцы кіруе дабрачынным фондам. Фонд апякуецца хворымі дзецьмі й нямоглых дарослых.

У Беларусі ён упершыню. Да наведваньня нашай краіны ён пабываў у Польшчы ды Харватыі.

У сёлетнім фэстывалі ўдзельнічалі музыкі з васьмі краінаў сьвету: Украіны, Баўгарыі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Кітаю, Нямеччыны, Беларусі ды Расеі. У конкурснай праграме ўдзельнічалі 10 вакалістаў ды 15 хораў. Журы конкурсу ачольваў расейскі музыка Станіслаў Калінін. У склад журы ўваходзілі музыкі зь Беларусі, Расеі, Украіны ды Польшчы.

Сёлета гран пры фэстывалю не прысуджалі. Дыплёмы першай ступені на фэстывалі атрымалі ўзорны дзіцячы хор зь Менску “Верасок” ды акадэмічны ход “Асана” з Падмаскоўя з гораду Пушкін.

Прызы ды дыплёмы атрымалі выканаўцы зь Беларусі, Расеі, Злучаных Штатаў Амэрыкі ды Кітаю.

На сёлетнім фэстывалі ўпершыню прагучала літургія “Беларуская імша”. Яе напісаў кампазытар з Санкт-Пецярбургу Ігар Маціеўскі. У касьцёле сьвятога Станіслава ёй ушанавалі памяць заснавальнікаў фэстывалю Віктара Роўды ды Гая дэ Пікарда.

Фэстываль “Магутны Божа” упершыню прайшоў у 1993 годзе. Ягоная назва паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле статуту, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн “Магутны Божа” на мове арыгіналу. Традыцыйна на адкрыцьці й закрыцьці фэстывалю гучыць гэты гімн. Гімн “Магутны Божа” сёлета гучаў таксама.
XS
SM
MD
LG