Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ператворыцца Канстытуцыйны суд у “кансультацыйны”?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 27 чэрвеня. Удзельнікі: былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў і Міхаіл Пастухоў.

26 чэрвеня выйшаў прэзыдэнцкі дэкрэт “Аб некаторых захадах па ўдасканаленьні дзейнасьці Канстытуцыйнага суду”. Навошта гэты орган павінен весьці кантроль законапраектаў, прынятых Нацыянальным сходам? Чаму Канстытуцыйны суд будзе толькі тлумачыць прэзыдэнцкія дэкрэты і ўказы? Дзеля чаго Канстытуцыйны суд будзе правяраць міжнародныя дакумэнты?

Папярэдні кантроль законапраектаў

Валер Карбалевіч: “Пасьля прыняцьця Канстытуцыі 1996 году Канстытуцыйны суд (КС) ператварыўся ў бескарысную ўстанову, якая ня мае працы і ня ведае, чым сябе заняць. З прыходам новага старшыні КС Пятра Міклашэвіча пачаліся размовы пра пашырэньне ягоных функцый.

І вось 26 чэрвеня зьявіўся прэзыдэнцкі дэкрэт “Аб некаторых захадах па ўдасканаленьні дзейнасьці Канстытуцыйнага суду”. Здавалася б, палітыкі і правазнаўцы павінны быць задаволены, і нарэшце КС запрацуе.

Аднак знаёмства з дэкрэтам хутчэй расчаравала. Высьвятляецца, што, напрыклад, КС будзе ладзіць папярэдні кантроль законапраектаў, прынятых Нацыянальным сходам, перад падпісаньнем іх прэзыдэнтам на прадмет іх адпаведнасьці Канстытуцыі. То бок, атрымліваецца, КС пачне выконваць функцыі юрыдычнай кансультацыі пры кіраўніку дзяржавы?”

Валерый Фадзееў: “Найперш зьвярнуў бы ўвагу на тое, што новыя паўнамоцтвы КС нададзены не Канстытуцыяй, не законам, а часовым дэкрэтам прэзыдэнта.

Сусьветная практыка мае прыклады папярэдняга кантролю за законапраектамі з боку незалежнага органу. Напрыклад, гэта Канстытуцыйная рада ў Францыі. Але ў яе няма функцыі кантролю канстытуцыйнасьці ўжо прынятых законаў.

А за КС Беларусі захоўваецца функцыя кантролю канстытуцыйнасьці ўжо прынятых законаў. І вось можа здарыцца сытуацыя, калі напярэдадні падпісаньня прэзыдэнтам законапраекту КС прызнае яго адпаведным Канстытуцыі. А потым, пасьля таго як закон уступіць у сілу, да КС зьвернуцца тыя суб’екты, якія маюць права зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, каб той праверыў гэты закон на адпаведнасьць Канстытуцыі. І якое заключэньне КС можа даць?

На мой погляд, павінна быць альбо функцыя папярэдняга кантролю за законапраектамі, альбо функцыя кантролю канстытуцыйнасьці ўжо прынятых законаў. А сумяшчаць гэтыя дзьве функцыі некарэктна.

Міхаіл Пастухоў: “Гэта магчымыя паўнамоцтвы КС. Сапраўды, гэта нагадвае францускую мадэль. Гэтая функцыя не пашкодзіць працэсу законатворчасьці, але і наўрад ці павысіць якасьць прыманых законаў.

Але сапраўды ўзьнікае праблема, пра якую ўзгадаў сп. Фадзееў. Судзьдзі КС ня могуць быць судзьдзямі ў справе, у якой яны выступалі экспэртамі. Гэтая супярэчнасьць можа стаць пасткай для КС”.

Чаму Канстытуцыйны суд будзе толькі тлумачыць прэзыдэнцкія дэкрэты і ўказы?

Карбалевіч: “Цікавы яшчэ адзін пункт дэкрэту. КС будзе па даручэньні прэзыдэнта даваць афіцыйныя тлумачэньні дэкрэтаў і ўказаў кіраўніка дзяржавы, якія тычацца канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян.

Тут цікавыя два моманты. Па-першае, КС будзе мець права разглядаць гэтыя акты толькі па даручэньні прэзыдэнта, а не самастойна. Па-другое, КС мае права толькі тлумачыць гэтыя дакумэнты, а не правяраць іх на адпаведнасьць Канстытуцыі. Як вы пракамэнтуеце гэтае палажэньне?”

Фадзееў: “Сапраўды, зьвяртае на сябе ўвагу, што КС мае права папярэдняга кантролю за законапраектамі, але не за прэзыдэнцкімі ўказамі і дэкрэтамі. І тлумачыць гэтыя акты можна толькі па даручэньні прэзыдэнта.

Цікава тое, што ў Канстытуцыі запісана пра магчымасьць кантролю КС указаў прэзыдэнта. Але, як выяўляецца, КС можа праверыць указ толькі на адпаведнасьць Канстытуцыі. А вось на адпаведнасьць законам указы можна правяраць толькі ў тым выпадку, калі паўнамоцтвы на выданьне ўказаў былі нададзеныя законам”.

Пастухоў: “Тлумачэньнем сваіх указаў і дэкрэтаў павінен займацца сам кіраўнік дзяржавы. А КС, як прынята ў сьвеце, павінен займацца тлумачэньнем Канстытуцыі. А ў гэтых паўнамоцтвах я ня бачу асаблівага сэнсу”.

Дзеля чаго Канстытуцыйны суд будзе правяраць міжнародныя дакумэнты?

Карбалевіч: “Цяпер КС будзе правяраць і міжнародныя дакумэнты. Напрыклад, міжнародныя дамовы — перад тым, як іх будзе падпісваць прэзыдэнт. А таксама ён будзе правяраць прынятыя іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі дакумэнты, якія тычацца Беларусі, на іх адпаведнасьць міжнароднаму праву. То бок, напрыклад, ААН альбо Рада Эўропы прыме рэзалюцыю, у якой асуджаецца парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, а КС заявіць, што яна не адпавядае міжнароднаму праву. Мусіць, так трэба разумець гэтае палажэньне? Як можна ацаніць гэты пункт дэкрэту?”

Фадзееў: “Гэта цікавая норма. І я ня ведаю, як яна можа працаваць. У дэкрэце напісана, што КС выкладае сваю пазыцыю па гэтых міжнародных дакумэнтах. Але што з гэтай пазыцыяй рабіць? Зьвяртацца ў ААН? Здаецца, што гэта проста спроба загрузіць КС працай”.

Пастухоў: “Экспэртыза КС міжнародных дамоваў напярэдадні іх падпісаньня — гэта магчыма. Такая практыка існуе ў некаторых краінах Эўропы. Але такія дамовы заўсёды адпавядаюць міжнародным стандартам і Канстытуцыі.

А вось што тычыцца праверкі дакумэнтаў другіх дзяржаў і міжнародных арганізацый, то ня ведаю, як гэта будзе рэалізоўвацца. Як практычны сэнс мае аналіз міжнародных актаў? Гэта пустая праца”.

Канстытуцыйны суд ператвараецца ў прапагандысцкую ўстанову?

Карбалевіч: “Атрымліваецца, што КС будзе тлумачыць указы і дэкрэты прэзыдэнта, паказваць, якія яны карысныя для народа, і крытыкаваць рэзалюцыі міжнародных арганізацый. Ці не падаецца вам, што КС ператвараецца ў нейкую агітацыйна-прапагандысцкую ўстанову пры кіраўніку дзяржавы?”

Фадзееў: “Гэта не зусім так. Афіцыйнае тлумачэньне азначае раскрыцьцё сэнсу дакумэнту, а не палітычную ацэнку. А вось што тычыцца аналізу міжнародных дакумэнтаў, то сапраўды ўзьнікае пытаньне: ці ня ўцягваем мы КС у палітыку ў чыстым выглядзе?”

Пастухоў: “Такая пагроза магчымая. Але я ня думаю, што КС будзе выкарыстаны ў такой якасьці. Іншая справа, што КС набывае выгляд экспэртнага органу, а судзьдзі могуць ператварыцца ў экспэртаў”.

Карбалевіч: “Яшчэ КС будзе правяраць працу судоў, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў на прадмет іх адпаведнасьці закону. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

Пастухоў: “Гэта новыя, невядомыя ў сусьветнай практыцы паўнамоцтвы КС. Фактычна ён бярэ функцыі кантрольнага органу, кшталту пракуратуры ці Камітэту дзяржаўнага кантролю. Гэта нерацыянальнае выкарыстаньне КС, яно не адпавядае місіі такога органу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG