Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружны: хімзавод будуюць нягледзячы на пратэсты


27 чэрвеня на мітынгу ў Дружным вырашылі стварыць экалягічную грамадзкую арганізацыю.

На цэнтральным пляцы пасёлку Дружны, які стаў традыцыйным месцам збору людзей, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці хімзаводу расейскага прадпрыемства "Август-Бел", сабраліся каля тысячы чалавек. Гэта пераважна людзі сярэдняга веку, якія прыехалі з працы на станцыі ЦЭЦ-5, моладзь, шмат мацярок з вазкамі.

Таксама тут прадстаўнікі праваахоўных органаў у цывільным, якія ўсё здымаюць. Адзін зь іх, намесьнік старшыні райаддзелу, выступіў і сказаў што акцыя не санкцыянаваная і што людзі будуць несьці за гэта адказнасьць. На гэта людзі адказалі дружнымі воплескамі, воклічамі, сьвістам.

Пасьля гэтага слова ўзяў адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы, які нагадаў людзям, чаму акцыя несанкцыянаваная. Актывісты ініцыятыўнай групы некалькі разоў зьвярталіся па дазвол на правядзеньне мітынгаў і пікетаў, з 14 чэрвеня штодня – ніводнага дазволу не было дадзена. Людзі падчас прыватных размоў казалі пра тое, што гэта адзінае месца, дзе яны могуць даведацца праўду пра тое, што адбываецца.

У прыватнасьці, Сяргей Абразоўскі паведаміў, што нягледзячы на іхныя пратэсты будаўніцтва заводу ўжо распачалося, і што ў людзей не застаецца нічога іншага, як прыбягаць да нейкіх рашучых дзеяньняў – страйкаў, да перакрыцьця дарог і чыгункі. Людзі падтрымалі гэта воплескамі. Затым ён сказаў, што людзі павінны вызначыцца з выбарамі: ці мусяць яны ўдзельнічаць у выбарах, калі зь людзьмі ніхто ня лічыцца? А калі і ўдзельнічаць, то, можа, вылучыць свайго кандыдата?

Сяргей Абразоўскі таксама паведаміў, што ініцыятыўная група выступіла з ініцыятывай адкліканьня дэпутатаў мясцовых саветаў. Стала вядомым, што з 20 падпісаных пад зваротам 8 чалавек адклікалі свае подпісы – паводле С.Абразоўскага, гэта нішто іншае як запалохваньне людзей з боку мясцовых уладаў.

Ён таксама прапанаваў стварыць экалягічную грамадзкую арганізацыю, у якую адразу ж на мітынгу пачалі актыўна запісвацца людзі.
XS
SM
MD
LG