Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканаўца абавязкаў дырэктара фірмы-замоўцы ТАА “Карповіч” Андрэй Кіслы сказаў, што сёньня каля будпляцоўкі на вуліцы Гамарніка будзе ўсталяваны яшчэ адзін стэнд з копіямі ўсіх дакумэнтаў, якія даюць дазвол на будаўніцтва.

Па словах спадара Кіслага, гэта робіцца дзеля таго, каб потым ніхто ня мог іх абвінаваціць, што будоўля ідзе з парушэньнямі альбо хаваецца дакумэнтацыя.

“Тая эскізная дакумэнтацыя, якая была выкрадзена жыхарамі падчас сустрэчы ў нашага галоўнага інжынэра, распрацоўвалася яшчэ на стадыі праектаваньня. А стадыя будаўніцтва — не скажу, што ў поўным аб’ёме, але адрозьніваецца. Тыя заўвагі, якія экспэртыза нам прад’явіла, мы паправілі. Карповіч увесь час знаходзіцца ў кантралюючых органах. Цягам двух месяцаў Карповіч не выходзіць з кабінэтаў пракуратуры, адміністрацыі прэзыдэнта, адміністрацыі раёна, санітарных і экалягічных службаў. Вось куды жыхары пішуць, там ад раніцы да вечара знаходзіцца Карповіч. Два месяцы Карповіч даказвае, што будуем без парушэньня. Будуем паводле зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі”.

Спадар Кіслы сказаў, што жыхары сёньня кідаліся пад тэхніку і тым самым парушалі грамадзкую бясьпеку. Таму мусілі ўмяшацца супрацоўнікі міліцыі, каб прадухіліць магчымы няшчасны выпадак. Спадар Кіслы сказаў, што запрашаў удзельнікаў пратэсту прыйсьці ў офіс і азнаёміцца з дакумэнтацыяй.

“На гэта мне адказалі ў прысутнасьці ўсіх жыхароў, маіх супрацоўнікаў і прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў міліцыі: што б вы нам ні паказвалі, нам усё роўна: дом тут ня будзе стаяць! Мы гэтага ня хочам!”
XS
SM
MD
LG