Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці ня час стварыць адну партыю, каб супрацьстаяць карумпаваным кланам?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 27 чэрвеня, пятніцу.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Першае пытаньне — пра імпрэзы да дня народзінаў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Спадарыня Людміла Вінахвостава: “Добры вечар, Радыё Свабода. Хутка набліжаецца дзень народзінаў Янкі Купалы. Скажыце, калі ласка, ці будуць нейкія імпрэзы з гэтай нагоды ў Менску ці Вязынцы? Дзякуй”.

Ужо сёньня праводзяцца так званыя “Жальбіны” па Янку Купалу: бо 28 чэрвеня — дзень гібелі паэта. Пра імпрэзы распавядае намесьніца дырэктара Дзяржаўнага музэю імя Янкі Купалы Алена Бурбоўская:

“Мы а восьмай раніцы былі на імшы ў касьцёле Сьвятога Роха, а 16 гадзіне было ўскладаньне кветак да надмагільнага помніка Янку Купалу на Вайсковых могілках. Да дня народзінаў. Сёлета супалі дзьве даты: 126-годзьдзе Янкі Купалы і 60-годзьдзе нашага найстарэйшага філіялу ў Вязынцы. Мы паядналі гэтыя два сьвяты. 6 ліпеня ў 9 гадзін раніцы — ад'езд на Вязынку. Каля музэю на вуліцы Янкі Купалы, 4 будзе стаяць аўтобус, які адвязе ўсіх жадаючых у Вязынку. Там будзе сьвята паэзіі, песьні, ушанаваньне гэтай гістарычнай даты — 60-годзьдзе нашага філіялу музэю ў Вязынцы. А 7 ліпеня а 13-й гадзіне будзе імпрэза “Палымянае слова паэта” каля помніка ў парку імя Янкі Купалы ў Менску”.

Працягваем праграму. Днямі распачалася кампанія па выбарах у парлямэнт. Некалькі тэлефанаваньняў на гэтую тэму:

Спадар: “Ужо пачалася перадвыбарчая кампанія, і цікава было б даведацца: ці пачынаюць вылучаць сваіх кандыдатаў апазыцыйныя партыі? Як у іх ідуць з гэтым справы?

На пытаньне слухача адказвае сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“З пункту гледжаньня і арганізацыйных пытаньняў, і кааліцыйных мы як ніколі падрыхтаваныя да выбарчай кампаніі. Ёсьць адзіны сьпіс, сфармаваны па формуле “адна акруга — адзін кандыдат”, усяго 110 чалавек. Ёсьць агульнае пасланьне АДС да выбаршчыкаў з акцэнтам на неабходнасьць грамадзкага кантролю над уладай, і ёсьць супольная кампанія па вылучэньні нашых прэтэндэнтаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Заўтра, у суботу, мы вылучаем нашых прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, нашага прадстаўніка ў Цэнтральную выбарчую камісію, мы прызначаем дату зьезду, на якім будзем вылучаць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі”.

Віктар Буто: “Для Юрыя Хадыкі. У мяне да вас вельмі сур’ёзнае пытаньне. Ці ня час апазыцыі стварыць адну партыю, адзін прафсаюз, каб празь іх пачаць насамрэч супрацьстаяць чыноўніцкім карумпаваным клянам, якія ўлады выкарыстоўваюць замест партыяў і празь якія ўвесь час лёгка перамагаюць на ўсіх выбарах? Для іх законы нічога ня значаць, але яны ўсё робяць разам і заадно. Затое тыя, хто ў апазыцыі, самі сябе ня могуць зразумець і пачуць. Гэта працягваецца з году ў год і зусім не зьмяняецца. З павагай”.

На пытаньне Вітара Буто адказвае сябра Рады БНФ прафэсар Юры Хадыка:

“Было б усё добра, каб апазыцыя была адзіная, аднак апазыцыя ўнутры сябе паколатая, спрачаецца. Таму зараз неабходнымі зьяўляюцца пошукі кампрамісу. Бяз руху насустрач, адзін да аднаго, у нас мала пэрспэктываў, мала шансаў. Мы павінны пераадолець палітычныя і мэнтальныя расколы ў нашым грамадзтве”.

І на заканчэньне праграмы — рэакцыя нашых слухачоў на чэмпіянат Эўропы па футболе:

Спадар Гары: “Віншую зборную Гішпаніі зь перамогай над зборнай Расеі. Гэта быў вельмі моцны футбол. Брава, Гішпанія!

Нагадваю, мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


XS
SM
MD
LG