Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйская габрэйская грамада адзначае 500-годзьдзе


Плянавалася, што на пяцісотгодзьдзе габрэйскай грамады ў Бабруйску адкрыюць знак памяці ахвярам гета, зьнішчанага фашыстамі ў 1941 годзе. Гэтую ўрачыстасьць, аднак, адмянілі. Летась у кастрычніку на гарадзкіх габрэйскіх могілках былі апаганеныя пятнаццаць магіл. Вандалаў дагэтуль не знайшлі.

На пяцісотгодзьдзе грамада плянавала адкрыць у Бабруйску знак памяці ахвярам бабруйскага гета. Адкрыцьцё, аднак, адмененае:

“Мы яшчэ з аблвыканкаму не атрымалі афіцыйнага дазволу на яго ўстаноўку. Хаця ёсьць у нас дазвол гарвыканкаму на ягонае праектаваньне, аднак на ўстаноўку няма яшчэ дазволу. Другое — папраўдзе кажучы, мы яшчэ не сабралі дастаткова грошай на тое, каб яго зрабіць”, — зазначае кіраўнік габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн.

Спадар Рубінштэйн кажа, што на знак памяці нестае каля пяці тысяч даляраў. Ён спадзяецца, што сродкі знойдуць і знак удасца адкрыць увосень.

Учора ў Бабруйску гасьцяваў амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е. Ён адкрыў Дні Ізраілю, прымеркаваныя да Дня незалежнасьці гэтай краіны.

Паводле ягоных словаў, ён паабяцаў бабруйскім габрэям паспрыяць у пошуку дабрачынных фондаў, якія б дапамаглі дафінансаваць выраб знаку памяці.

Летась у кастрычніку на бабруйскіх габрэйскіх могілках былі апаганеныя пятнаццаць надмагільляў. Вандалаў дагэтуль не знайшлі. Паводле Леаніда Рубінштэйна, цяпер на могілках арганізавалі патруляваньне й узмацнілі ахову.

Фактамі апаганьваньня габрэйскіх могілак занепакоеная амбасада Ізраілю. Яе кіраўнік Зэеў Бэн-Ар’е зазначае: апошнім часам могілкі апаганьваюцца ўсё часьцей. Паводле амбасадара, яго хвалююць ня столькі самі выпадкі апаганьваньня, колькі захады дзеля прадухіленьня:

“Я як амбасадар Ізраілю лічу сваім абавязкам зьвяртацца да беларускіх уладаў, кансультавацца зь імі, зьвяртаць іхную ўвагу, каб іхная барацьба з гэтымі выпадкамі была больш эфэктыўнай. У кожным горадзе ўзьнікаюць праблемы з прэвэнтыўным захадамі: рамонтам агароджаў, забесьпячэньнем аховы, патруляваньнем. Гэта дужа канкрэтныя й дробныя праблемы, зь якіх складаецца ахова могілак”.

Могілкі ня толькі апаганьваюцца людзьмі, але і разбураюцца ад часу. Рупліўцы габрэйскай культуры ў Беларусі кажуць, што выратаваць іх магло б наданьне ім статусу гісторыка-культурнай спадчыны.

Кіраўнік рады габрэйскіх грамад Беларусі Леанід Левін, аднак, у гэтым сумняецца:

“Гэта добрая прапанова, але я так разумею, што гэтага не адбудзецца. Аднак гэта патрэбна для ўсіх нас. Для чалавека, які шануе сваё мінулае, сваіх родных і блізкіх. Таму я за гэтую прапанову рукамі й нагамі, аднак я так лічу, што яна ня будзе прынятая”.

Бабруйская габрэйская грамада — адна з найстарэйшых у Беларусі. На пачатку дваццатага стагодзьдзя ў Бабруйску габрэі складалі бальшыню насельніцтва. Цяпер у дзьвюхсоттысячным Бабруйску жыве каля чатырох тысяч габрэяў. Тут дзейнічаюць сынагога, дзённая й нядзельныя школы.

XS
SM
MD
LG