Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуй за пратэст


Калі грамадзяне аб’яднаюцца, каб супольна вырашыць балючую праблему, улады могуць быць ім толькі ўдзячныя. Праўда, пакуль не ў Беларусі.

У невялікім мястэчку Бзэнэц на пачатку лета стала задушна ад грузавікоў. Мястэчка гэта – вінаградніцкая пэрла Паўдзённай Маравіі, прыгажосьць якой уразіла ў свой час братоў Кірыла і Мэтода, якія прапаведавалі ў гэтых мясьцінах. Дзякуючы свайму стратэгічнаму разьмяшчэньню гэтае чэскае места ніколі не было ціхай правінцыяй. Да Вены адсюль ня больш за сто кілямэтраў, за дзьве гадзіны вы можаце быць і ў Браціславе.


Але такога грузапатоку тут ня памятаюць. Па нечай недальнабачнасьці ў адзін час у гэтым рэгіёне распачалі рамонт дзьвюх дарог і аднаго моста і ўвесь рух адхілілі якраз праз Бзэнэц. Навала на колах не давала ўдзень перайсьці вуліцу, а ўначы спакойна спаць. Сусед перастаў казаць “добры дзень” суседу праз дарогу. Бо паселішча гэта мела традыцыйнае плянаваньне: усе асноўныя будовы, як на нітку, былі нанізаныя на галоўную дарогу. А сьвятлафораў тут пакуль не завялі. Людзі марна спадзяваліся, што мясцовыя паліцэйскія стануць адхіляць рух ці хаця б кантраляваць яго хуткасьць.


І тады людзі дамовіліся... У адзін дзень на адзін пераход сабраліся ўсе, хто мог хадзіць, рухацца ці неяк перасоўвацца. Старэйшыя былі ня менш энэргічныя і рашучыя за маладых: бабулі ўзялі свае кійкі, дзядкі трымаліся за ровары, ну а малыя ехалі ў калясках – сучасных і рарытэтных, плеценых мясцовымі майстрамі зь вінаграднай лазы. Людзі проста пераходзілі дарогу ў пазначаным белымі палосамі месцы – адна працэсія ішла туды, другая – назад. Туды і назад, туды і назад, і так цэлую гадзіну.


Калёна спыненых грузавікоў расьцягнулася на кілямэтры, чэскае радыё і тэлебачаньне вяло жывую трансьляцыю і я сама, выпадкова апынуўшыся на гэтым месцы, пару разоў перайшла той пераход – туды і назад. Бабуля, якая ўчапілася за маю руку, усьміхнулася: “Ну вось, хай пабачаць, што мы не авечкі”.


Перакрыцьцё дарогі як форма пратэсту – не навіна. У гэтай акцыі мяне ўразіла карэктнасьць паводзінаў усіх бакоў: паліцыя не складала пратаколаў, але папярэджвала вадзіцеляў, шафёры не сыгналілі, але скарыстоўвалі нечаканую тэатральную паўзу, местачкоўцы хадзілі мірным крокам валадароў становішча. Некалькі разоў яны спынялі сваё хаджэньне туды-сюды, каб даць праехаць рэйсаваму аўтобусу ці хуткай. Стараста мястэчка, які раздаваў інтэрвію, паўтараў: я дзякую грамадзянам, што сваёй актыўнай пазыцыяй дапамагаюць нам вырашаць праблему.

Калі мы ад’ехалі мо сотню кілямэтраў ад Бзэнца, па радыё паведамілі: фірма, якая праводзіць рэканструкцыю моста ў навакольлі, абавязалася скараціць тэрмін на два месяцы...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG