Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За “прафэсійных апазыцыянэраў” людзі галасаваць ня будуць...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 28 чэрвеня 2008 году

У Беларусі пачынаецца чарговая выбарчая кампанія. 28 верасьня беларускія грамадзяне прыйдуць на ўчасткі для галасаваньня, каб абраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Ці будзе ў людзей магчымасьць выбіраць і ўпэўненасьць у тым, што галасы падлічаць публічна і сумленна, пры кантролі незалежных назіральнікаў? Альбо кампанія пройдзе паводле старых сцэнароў, якія дазвалялі ўладзе на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя прапускаць у парлямэнт толькі паслухмяных аднадумцаў, якія ўхвалялі практычна ўсё, што сыходзіла з Адміністрацыі прэзыдэнта?

На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”. Вось што піша Мікалай Аўсіевіч зь Менску:

Давер да ўлады ў людзей сёньня — зусім ня той, што раней. За апошні год мы сталі жыць заўважна горш. Цэны растуць амаль штодня. Тое падвышэньне заробкаў і пэнсіяў, якое зрэдку адбываецца, не кампэнсуе і паловы ўзроўню інфляцыі. Так што значная частка насельніцтва гатова падтрымаць зьмены. Пытаньне: за каго галасаваць?

Баюся, што так званыя “прафэсійныя апазыцыянэры” — ня тыя асобы, якія выклікаюць давер і за якіх аддадуць галасы. Чалавек дзесяць год нідзе не працуе, невядома за якія грошы жыве, увесь час сядзіць за мяжой... А тут яшчэ тэлебачаньне штодня далдоніць, што гэтыя апазыцыянэры жывуць на падачкі Захаду. Ну як не паверыць, што так яно і ёсьць?

Усё ж нашы людзі хочуць, каб дэпутат жыў сярод іх, займаўся нейкай канкрэтнай працай, якую народ паважае. За партыйных сакратароў і прафэсійных расклейшчыкаў улётак галасаваць ня будуць — гэта дакладна. А вось за настаўніка, урача, інжынэра, навукоўца, якія паабяцаюць не глядзець у рот чыноўнікам, а абараняць людзей і зьмяніць нікуды ня вартую палітыку — галасаваць будуць
”.

Праблема ў тым, што тыя настаўнікі, урачы ды інжынэры, якія на працягу апошніх гадоў выяўлялі сваю нязгоду з, так бы мовіць, “генэральнай палітычнай лініяй”, сваю паважаную ў народзе працу ў многіх выпадках страцілі. У выніку некаторыя сталі беспрацоўнымі, некаторыя — заняліся прыватным бізнэсам, а хто падаўся і ў апазыцыйную грамадзкую дзейнасьць. Зрэшты, выбарчыя кампаніі звычайна выяўляюць і новыя, нечаканыя імёны — якраз з тых асяродкаў, пра якія вы, спадар Аўсіевіч, пішаце ў сваім лісьце. У гэтай сувязі можна згадаць хаця б першыя параўнальна свабодныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе. Моцнай і добра арганізаванай апазыцыі тады практычна не было. А колькі яркіх і таленавітых кандыдатаў, якія супрацьстаялі камуністычнай намэнклятуры, зьявілася, здавалася б, ніадкуль! Дзеля гэтага, праўда, патрэбна адна істотная ўмова: патэнцыйныя незалежныя кандыдаты павінны бачыць, што ёсьць рэальны шанец на справядлівую выбарчую кампанію, на тое, што галасы будуць лічыць сумленна, а саміх іх за выяўленую несанкцыянаваную палітычную актыўнасьць не чакае звальненьне з працы.

Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну ў сваім новым лісьце на “Свабоду” паведамляе пра некаторыя асаблівасьці працы інспэктараў аховы прыроды. Ён піша:

Летам у сьпёку прыемна сесьці ў лодку ды паплыць па Дняпры. Але не заўважыш, як аднекуль ззаду падкрадуцца гэтыя так званыя “ахоўнікі”. Лодкі ў іх зь японскімі рухавікамі — рухаюцца практычна нячутна. Непадрыхтаванага чалавека выгляд гэтых інспэктараў ня можа не спалохаць. Спыняюць. У руках — аўтаматы АК-74 з кароткім ствалом. Адразу наладжваюць ператрус лодкі. Паводзяць сябе часта непрыязна, некарэктна. Гэта выклікае адпаведнае стаўленьне ў адказ. Няма таго каб падплыць адкрыта, з усьмешкай, назваць сябе, паказаць пасьведчаньні... Тады б і да іх было зусім іншае стаўленьне.

А колькі ў нас сапраўды сур’ёзных праблемаў у экалёгіі. Паглядзіце, колькі бруду скідаюць у Дняпро розныя прадпрыемствы, колькі атручваецца рыбы, колькі гіне яе ад кіслароднага голаду на азёрах. А тут злавілі браканьера зь некалькімі кіляграмамі рыбы — і лічаць вялікім дасягненьнем. Неяк не па-людзку ўсё гэта робіцца.

Ці яшчэ адзін прыклад — з нашага лясгасу. Летам робяць прарэджваньне — высякаюць хмызьняк, маленькія елачкі, якія самі насеяліся. А зімой, пад Новы год, лясная ахова сядзіць у засадзе, каб, крый Божа, ніхто ня высек елачку. Самі нішчаць больш, чым тыя так званыя “незаконныя вырубшчыкі”. Не разумею я такую ахову лесу
”.

На працягу апошніх гадоў лясная ды водная ахова атрымалі ад улады такія паўнамоцтвы і такую экіпіроўку ды ўзбраеньне, пра якія колішнія савецкія рыбінспэктары ды лесьнікі нават ня марылі. Іншая рэч — супраць каго накіроўваюцца гэтыя аддзелы апранутых у вайсковую ўніформу і ўзброеных дэсантнымі аўтаматамі людзей? У аблогу трапляюць найчасьцей вясковыя мужыкі, якія спрадвеку лавілі рыбу на гэтых рэках і азёрах, нарыхтоўвалі дровы ў навакольных лясах. Да кіраўнікоў заводу, вытворчыя сьцёкі якога труцяць усё жывое на сотні кілямэтраў уніз па рацэ, гэтых узброеных людзей чамусьці не накіроўваюць... Хоць страты, якія наносяць прыродзе вытворчая хімія, прамысловая нарыхтоўка рыбы і татальная высечка лясоў леспрамгасамі, непараўнальныя з тымі, якія церпяць рэкі і азёры — ад нерата, а лясы — ад сякеры мясцовых жыхароў.

***

Нядаўна памёр вядомы кіргіскі пісьменьнік Чынгіз Айтматаў, які пісаў на расейскай мове. Паслухаўшы па “Свабодзе” перадачу на гэтую тэму, наш слухач Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну выказваецца наконт тэндэнцыі, якая была ўласьціва некаторым нацыянальным савецкім рэспублікам у складзе СССР, калі пісьменьнікі пераходзілі ў сваёй творчасьці з роднай мовы на мову мэтраполіі. Слухач піша:

Яны проста здраджвалі ў сваёй творчасьці роднай мове і знаходзілі звычайнае для канфармістаў-перараджэнцаў апраўданьне: маўляў, яны і па-расейску зграбна паказваюць характар свайго народу. Вядома, гэта — ня роўнасьць. Ім проста лацьвей было скараціць тэхналягічны працэс “асадка — ганарар”, выкінуўшы непатрэбнае зьвяно — “пераклад”. Калянізатары заўсёды зыходзяць з такой лёгікі. Найбольш цынічна гэта фармулюецца так: “Гаварыце на чалавечаскам языке”.

Менавіта з падваротні свайго цемрашальства такою лёгікаю ў Беларусі топчуць паходню нашай слаўнай мовы і замяняюць яе каляніяльным куродымам. Потым каронная гразь будзе цынічна зьдзекавацца зь беларусаў: маўляў, вы, гамадрылы, нават мовы годнай сваёй ня маеце і перайшлі на нашу, людзкую. І што ім сказаць?

Менавіта з такой лёгікай у Горадні на тэлебачаньні зачынілі апошнія беларускамоўныя навіны. Ці ж сталі гарадзенцы больш цывілізаванымі? Ці ж больш зразумелым стала ім карканьне дыктатуры? Ці ж дадалося ім павагі ад суседніх народаў?


Прыклад Чынгіза Айтматава ў былым Савецкім Саюзе спрабавалі пераняць многія пісьменьнікі з нацыянальных ускраін. Адмаўляліся ў творчасьці ад роднай мовы, пераходзілі на расейскую — але трамплінам для сусьветнай вядомасьці гэта ня стала, бадай, ніводнаму зь іх. Некалькі дзясяткаў расейскамоўных пісьменьнікаў было і ў БССР. Іхныя імёны сёньня назаве ня кожны беларускі літаратуразнаўца — што ўжо казаць пра вядомасьць за мяжой ці хоць бы ў Расеі, на мове якой яны пісалі.

Уласьціва гэта і для сёньняшняй пісьменьніцкай супольнасьці ў Беларусі. Татальная русыфікацыя прыносіць свой плён: тых, хто піша па-расейску, становіцца ўсё больш. Але хто зь іх набыў шырокую вядомасьць? Чые кнігі сталі бэстсэлерамі?

Наконт заняпаду і дыскрымінацыі беларускай мовы выказваецца ў сваім новым лісьце на “Свабоду” і наш даўні сябар Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Ён піша:

Корань многіх нашых праблемаў, мне падаецца, — у адсутнасьці нацыянальнай самасьвядомасьці. І гэта заўважна на кожным кроку — нават там, дзе крывадушнічаць наогул не дазваляецца: на могілках. Амаль усе беларусы-нябожчыкі там, калі меркаваць па надпісах на помніках, залічаны чамусьці ў расейцы. Як можна занядбаць родную мову да такога стану, што ёй не застаецца месца нават на апошнім прытулку? Якім вар’ятам трэба быць, каб забараняць беларушчыну нават на могілках? І якім нікчэмным рабом трэба заставацца, каб гэтага баяцца!

... Еду па некаторых сваіх справах у райсабес, у Барысаў — і адчуваю там сябе проста чужынцам. (Нават не іншаземцам, а менавіта чужынцам). Еду, як на могілкі, дый то — на чужыя. Хоць наўкол, здаецца, людзі, машыны, рэчы... Толькі прырода (хоць зьнявечаная, ды яшчэ жывая), толькі маці, свая хата ды ўласны гарод даюць нейкае дыханьне. Ды яшчэ Радыё Свабода — выспа будучай Беларусі ў дашчэнту атручаным чужынай асяродзьдзі
”.

Адметна тое, спадар Васілеўскі, што ніякай фармальнай забароны на выкарыстаньне беларускай мовы на надмагільных помніках няма. Ніводзін закон, ніводная інструкцыя гэтага не рэглямэнтуюць. Чаму ж беларусы самі выбіраюць для апошняга ў жыцьці чалавека надпісу ня роднае слова? Прычыны тут, напэўна, тыя ж, што і ў сытуацыях з выбарам мовы навучаньня для дзяцей, кніг і газэт, фільмаў і спэктакляў... Было б дзіўна, каб у русыфікаваным грамадзтве было па-іншаму.


Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG