Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі народны фронт падтрымаў пратэсты жыхароў вуліцы Гамарніка ў Менску, пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну, Бярозы, якія выступаюць супраць ушчамленьня іх правоў і пагаршэньня экалягічнага становішча ў месцах іх пражываньня.


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сувязі са стыхійнымі выступамі жыхароў дома 20 па вуліцы Гамарніка ў Менску і іншымі падобнымі канфліктнымі сытуацыямі падрыхтаваў адкрыты ліст і зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія павінны бараніць інтарэсы грамадзян.

“Усе гэтыя зьявы аднаго парадку. Яны зьвязаныя з прыходам беспардоннага, як правіла, расейскага капіталу, які пасьпяхова прыкрываецца тутэйшым чынавенствам. Недзе гэтаму капіталу ўдаецца захапіць зямлю ў парушэньне экалягічнага і іншага заканадаўства, дамагчыся рэалізацыі сумнеўных праектаў, як завод пэстыцыдаў у Дружным. А недзе, там, дзе людзі самаарганізоўваюцца дзеля абароны сваіх правоў, як было на вуліцы Карла Маркса ў Менску, яны вымушаныя адступаць”.

Да іншых прыкладаў сваволі ўладаў спадар Вячорка аднёс высяленьне часткі прыватных дамоў на тэрыторыі Сельгаспасёлку ў Менску, будаўніцтва ў ахоўнай зоне Цнянскага вадасховішча элітнага катэджнага пасёлку, будоўлю другой чаргі заводу пэстыцыдаў у Бярозе.

Рэакцыя ўладаў на пратэсты жыхароў паказвае блізарукасьць іх палітыкі, мяркуе спадар Вячорка:

“Калі яны пачынаюць ваяваць са звычайнымі людзьмі, які абараняюць свае законныя інтарэсы, то гэта значыць, што ўлада зайшла ў тупік”.

На думку спадара Вячоркі, актыўная рэакцыя людзей на дзеяньні ўладаў стварае шанцы да зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці.

XS
SM
MD
LG