Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У 30-я зь Беларусі вывезьлі генафонд нацыі"


Belarus - book "Kulaks' Train" of Jaraslau Chaplya, Minsk, 27Jun2008

Belarus - book "Kulaks' Train" of Jaraslau Chaplya, Minsk, 27Jun2008

У менскім выдавецтве “Канфідо” выйшла дакумэнтальная праца, якая адкрывае трагічныя старонкі гісторыі беларускай вёскі пачатку 1930-х гадоў ХХ ст.

Аўтар кнігі “Кулацкі эшалён” – журналіст і выдавец Яраслаў Чапля. Ён расказвае пра найбольш жорсткі пэрыяд у жыцьці беларускіх сялянаў – калектывізацыю, раскулачваньне і высылку дзясяткаў тысяч беларусаў у аддаленыя рэгіёны СССР.

Збор матэрыялаў для кнігі Яраслаў Чапля пачаў яшчэ напачатку 1990-х, калі пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў крыху прыадчынілі свае таямніцы дзяржаўныя архівы. Амаль адразу ж выправіўся на поўнач Расеі ў спадзяваньні адшукаць так званых беларускіх спэцперасяленцаў.

Яшчэ жывых сьведкаў трагічных падзеяў пачатку 1930-х Яраслаў Чапля знайшоў у Архангельскай вобласьці. Бальшыня зь іх так і пражылі пад грыфам сакрэтнасьці, не расказалі нават жонкам і дзецям, як трапілі зь Беларусі ў гэты суворы край. Навучаныя горкім вопытам, на генным узроўні баяліся – пасьля іх аповедаў можа стаць горш. Хоць куды ўжо горш?

Увогуле асноўную частку раскулачаных вывозілі ў тагачасны Паўночны край, у які ўваходзіла Вяцкая і Архангельская губэрніі, а таксама на Ўрал, на Далёкі Ўсход і ў Якуцію. Ці можна апэляваць да лічбаў вывезеных зь Беларусі? І ці тычыцца гэта толькі “кулакоў”? Гаворыць Яраслаў Чапля:

“Вывозілі ў 1930 і 1931 годзе. У 1930-м ва Ўральскую вобласьць былі вывезеныя больш за 21 тысячу чалавек. У 1931 годзе туды ж – 20 тысяч. У Паўночны край за два гады вывезьлі 22 тысячы чалавек. На Далёкі Ўсход – 7 тысяч 300. А ўсяго па тых дадзеных, якія мне ўдалося адшукаць, вывезьлі зь беларускіх вёсак 73,5 тысяч чалавек. Гэта, можна наўпрост казаць, генафонд нацыі, добрыя працаўнікі, гультаёў там не было. Увогуле былі пляны ў АДПУ (былое ЧК, а потым КДБ) цягам 1933-34-га вывезьці яшчэ столькі ж. Але нешта не спрацавала ў Палітбюро, і гэтыя задумы не ажыцьцявіліся”.

Як кажа Яраслаў Чапля, зрэдку здаралася, што людзей, як памылкова рэпрэсаваных, вярталі дадому. Аднак гэта былі адзінкавыя выпадкі. Большая частка была прыраўнаная да ворагаў народу і амністыі не падлягала:

“Я пішу толькі пра людзей, у якіх адабралі зямлю, сваю маленькую гаспадарку і вывезьлі. То бок, будзем гаварыць толькі умоўна пра раскулачаных. Вельмі многа выпадкаў, калі сям’я з 5-8 чалавек, у іх адзін конь, дзьве каровы, але проста нечым яны не дагадзілі сельсавецкаму начальству ці суседу, які напісаў звычайны данос. Іх таксама вывозілі. Людзі тады пісалі вельмі многа скаргаў, пісалі Калініну, Чарвякову. Гэтыя скаргі адсылаліся ў пракуратуру, і я прыводжу ў сваёй кнізе дадзеныя, калі ў пракуратуру за раз, за адзін дзень прыходзіць на разгляд па 112 скаргаў. З рэспубліканскай пракуратуры скаргі вярталіся на месы, і найчасьцей ішла ў Менск адпіска: раскулачаныя правільна”.
Зь беларускіх вёсак вывезьлі 73,5 тысяч чалавек. Былі пляны ў АДПУ цягам 1933-34-га вывезьці яшчэ столькі ж.

Паводле аўтара, на поўначы Расеі, за Ўралам ды ў іншых месцах раскулачаных сялілі кампактна, але без намёкаў на чалавечыя ўмовы далейшага існаваньня:

“Будаваліся спэцыяльныя пасёлкі. У кожным пасёлку былі буданы на 300-500 чалавек. Такіх буданоў магло быць 20, магло быць 30. Яны былі з простых жэрдак. На гэтыя жэрдкі накідвалі пяску, потым сьнегу. Першы эшалён выйшаў з Беларусі ў 1930 годзе 3 сакавіка. Калі ў Беларусі ў такі час ужо пахла вясной, то там зіма была абсалютная, сьнегу было вышэй, чым па калена. Людзей у гэты сьнег выкінулі – уцякай, не ўцякай. Куды бегчы? Вакол тайга. А праз тры дні старэйшых людзей, жанчын і малых дзяцей пакінулі, а мужчынаў пагналі этапам у тайгу валіць лес”.

Яраслаў Чапля падкрэсьлівае, што задумаў кнігу не як навуковую працу, перапоўненую афіцыйнымі дакумэнтамі, а з намерам перадаць мову людзей, якія праз дзесяцігодзьдзі бедавалі і плакалі, узгадваючы сваё ў бальшыні выпадкаў паламанае жыцьцё. І цяпер магнітафонныя стужкі з успамінамі раскулачаных беларусаў – ледзьве не адзінае дакумэнтальнае сьведчаньне зь першых вуснаў іх асабістых трагедый, трагедыі ўсяго беларускага народу.

Прадмову да кнігі “Кулацкі эшалён” напісаў доктар гістарычных навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгій Штыхаў: “Кожны раз, калі адкрываю першую старонку чарговай працы, побач зь цікаўнасьцю стаіць боязь сустрэчы з тэкстам няхай сабе глыбокім ды разумным, але цяжкім для ўспрыманьня”, – піша навуковец. І адразу ж аддае належнае аўтару, які “не патануў” у мностве дакумэнтальны матэрыялаў, даступных дасьледчыкам:

“Такая кніга вельмі патрэбная. Яна насычаная фактамі, у літаральным сэнсе ўражвае. Я яе прачытаў з пачуцьцём амаль рэальнага перажываньня таго, што ў нас было ў мінулым. Успамінаў і свайго бацьку, які загінуў у ГУЛАГу. Але гэта было наша жыцьцё і быў наш лёс. І мы перажылі страшэнныя часы”.

Пасьля ІІ Усясьветнай вайны многія спэцперасяленцы вярнуліся на радзіму. Але шмат каму вяртацца папросту не было куды. І у іх, і ў іхных сваякоў на карысьць калгасаў экспрапрыявана было ўсё – ад гаспадаркі да дамоў. Такія людзі міжволі пускалі карані на чужыне.
XS
SM
MD
LG