Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя коннага спорту сумесна зь Міністэрствам спорту ды турызму вымушаныя былі зрабіць прадстаўленьне ў Дзяржкантроль на кіраўніцтва вэртыкалі Гарадзенскай вобласьці з фармулёўкай “за падман кіраўніцтва краіны”. Яшчэ тры гады таму на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі ў эксплюатацыю мусіў быць здадзены конна-спартовы манэж у вёсцы Дворышчы Лідзкага раёну. Там месьцяцца славутыя калісьці конефэрма ды конна-спартовая школа.

Апошняй кропкай для сур’ёзнага адміністрацыйнага кроку стала інспэкцыя ў Дворышча дзяржаўнага трэнэра па коннаму спорту Натальлі Юранавай. Убачанае яе абурыла:

“У пратаколе даручэньня прэзыдэнта напісана: “Аблвыканкаму завершыць будаўніцтва манэжу ў 2006-м”. Яны зрабілі перанос на 2007 і далі справаздачу, што здалі ў 2006-м. Дакумэнты нам не паказалі. Каго за дурняў трымаюць?!”

Нагадваю, што фэдэрацыю ўзначальвае кіраўнік справамі адміністрацыі прэзыдэнта спадар Дамашкевіч. Няўжо яму цяжка ўжыць уладу? Спадарыня Натальля разводзіць рукамі:

“Я зь ім асабіста гавару толькі на спаборніцтвах, мы не асабліва можам да яго дастукацца. Пакуль хай разьбіраецца Дзяржкантроль...”

Тры гады таму на пляцоўцы манэжу памерам 24 на 60 мэтраў стаяла вада – працякаў дах. Зараз яна заваленая скамянелым гноем ды пяском. Ад дапамогі конефэрме адмовілася тутэйшае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства “Ніва”. А міжтым у Дворышчах гадуюцца коні-чэмпіёны, сярод якіх, да прыкладу, чэмпіён сьвету, 15-гадовы конь Напор. Дырэктар, заслужаны трэнэр Беларусі Ўладзімір Юркевіч сытуацыю лічыць катастрафічнай:

“Тут каня ня выпусьціць пагуляць. Канюшня ў аварыйным стане – дах можа рухнуць у любы момант. Саўгас дошкі ўжо ня можа даць. Заробак менш, чым пэнсія. Кватэрнае пытаньне не вырашаецца – 20 год не выдзялялі ніводнаму супрацоўніку. Мы непатрэбныя, лішнія людзі. Прасіў у раёне паўтара мільёна на гуму, каб зьезьдзіць на спаборніцтвы – “занадта шмат хочаш!” У цэнтар занятасьці напісаў ліст, каб зрабілі школе жалезабэтонную агароджу, бо побач дзіцячы садок, школа. Коні – жывёлы непрадказальныя. Літаральна тры дні таму і коні, і вершнікі ўпалі – коні панесьліся па вёсцы. Дзякуй богу, усё абышлося, але зноў адмовілі. Пакуль ЧП ня будзе, мужык не перахрысьціцца...”

Тры гады таму ў Дворышчы з гораду пераехала аб’ездчыца спартовых коней Натальля Веранінава. Паводле яе словаў – фанатычна аддадзеная працы. Вось што казала мне тады:

“Ну як вы думаеце, калі я кінула горад і сюды прыехала?! Бо тут коні, спорт, інтарэс, калектыў, самы лепшы трэнэр Беларусі – Юркевіч. Конна-спартовая школа шмат славы прынесла Дворышчам. Петухоў Руслан, Лыскавец Валеры ў Нямеччыне, Галяндыі – яны з Дворышчаў. Васіль Іваноў, мой сусед, у Чэхіі на сусьветным рэйтынгу выступае...”

Натальля зараз вымушана працуе ў Польшчы, кажа спадар Юркевіч:

“У Польшчы атрымлівае 500 даляраў і больш пасьля 200 тысяч беларускіх рублёў. У мяне 9 чалавек скончыла акадэмію фізвыхаваньня. Застаўся толькі Сьцепаненка, чэмпіён сьвету сярод вайскоўцаў, лепшы вершнік краіны – бо яго трымае конь. Напор – апошняя надзея, але праз пару год уплыве невядома куды...”
XS
SM
MD
LG