Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чым сутнасьць дэпутацкай працы ў беларускіх умовах? Колькі дэпутатаў зьбіраюцца балятавацца сёлета яшчэ раз? Ці ёсьць гэтым разам шанец патрапіць у парлямэнт прадстаўнікам апазыцыі? На пытаньні Ўладзімера Глода адказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі.

Глод: “Найперш хачу патлумачыць, чаму маім суразмоўцам стаў менавіта Віктар Кучынскі. Ён адзіны ў Беларусі дэпутат, які мае досьвед працы аж пяць (!) скліканьняў запар, пачынаючы ад 1990 году з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. З гэтага і выцякае маё першае пытаньне: што трэба рабіць, каб 18 гадоў запар быць дэпутатам?”
Кучынскі: “Патрэбна проста працаваць – над сабою і з выбарнікамі. Хаця на Захадзе прафэсіяналам лічыцца той, хто ў палітыцы 15-20 гадоў. Наагул норма ў 20-25 гадоў самая аптымальная для сталага палітыка. Таму я не лічу сябе выключэньнем з агульных правілаў.
Мабыць, мы павінны ісьці да разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, разьвіцьця дэмакратычных каштоўнасьцей. І тады вырашаць, хто павінны стаць дэпутатам, будуць нашы выбарнікі”.
Глод: “Аднак мы пакуль яшчэ не далучыліся да Захаду, да Эўразьвязу”.
Кучынскі: “Чым мы адрозьніваемся? У нас усё-такі мажарытарная выбарчая сыстэма. І тут на першы плян выходзяць асабістыя дзелавыя якасьці кандыдатаў. У мяне, прыкладам, усе выбары прайшлі на альтэрнатыўнай аснове. Не было, каб нехта мяне піхаў. Але я ніколі і не хаваў, што жадаю быць дэпутатам. І апошняе слова было за маімі выбарнікамі ў Кобрыне.
А пры партыйнай сыстэме, як, прыкладам, цяпер у той жа Расеі, там адбор іншы. І таму там іхны прафэсіяналізм можа быць прагназаваным”.
Глод: “А ці можаце вы спрагназаваць, колькі вашых цяперашніх калегаў будуць зноў балятавацца ў Палату? Днямі Лідзія Ярмошына сказала, што чым бліжэй да 28 верасьня, тым часьцей дзейныя дэпутаты заходзяць у Цэнтарвыбаркам, цікавяцца ўмовамі новых выбараў”.
Кучынскі: “Калі паглядзець на ўзрост дэпутатаў, дык тых, каму менш за 50 гадоў, ня вельмі шмат. Іх можна па пальцах пералічыць. Канечне, ратацыя будзе дастаткова вялікай. Калі 30% дзейных дэпутатаў застануцца, гэта будзе добра”.
Глод: “Калі Палата прадстаўнікоў так моцна абновіцца, дык, можа, у ёй зьявяцца і апазыцыянэры? Як вы мяркуеце?”
Кучынскі: “Палітычны расклад сілаў у Беларусі такі, што казаць пра апазыцыю, як масавую зьяву ў нашым грамадзтве, не даводзіцца. Але, канечне, ёсьць людзі, якія маюць альтэрнатыўнае афіцыйнаму бачаньне разьвіцьця Беларусі. Ёсьць тыя, хто лічаць, што мы павінны ісьці ў Эўразьвяз, ёсьць тыя, хто гэтага ня хоча.
Я б не казаў, што апазыцыйныя сілы ўжо памерлі, хаця яны і аморфныя. Але вельмі многае вырашае эканоміка. А эканамічная сытуацыя ў Беларусі, хто б як пра яе не казаў, ня сьведчыць пра тое, што нам няма чаго есьці. Што ў нас няма за што булку хлеба купіць”.
Глод: “Але тады, чаго баяцца ўладам? Што маглі б зрабіць два-тры апазыцыйныя дэпутаты ў Авальнай залі?”
Кучынскі: “Я ня думаю, што наш парлямэнт, адпаведна Канстытуцыі, зьяўляецца такім інструмэнтам, які, так бы мовіць, вельмі моцна спасаваў бы камусьці жыцьцё. Не, у нас інстытуты ўлады такія, што дазваляюць дастаткова памяркоўна праводзіць палітычныя дыскусіі. І думаю, гэта ў пэўнай ступені адпавядае мэнталітэту нашых людзей”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG