Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд пазову дэмакратычнага актывіста Франака Вячоркі аб аднаўленьні яго на вучобе ва ўнівэрсытэце. Вячорка просіць суд прызнаць незаконным яго адлічэньне з трэцяга курсу факультэту журналістыкі БДУ. Працэс вядзе судзьдзя Вольга Гусакова.

Судзьдзя Вольга Гусакова дазволіла групе БТ здымаць у судовай залі. Карэспандэнт БТ перад пачаткам працэсу пытаўся у Франака, ці праўда, што той хоча служыць у натаўскім войску і таму ўхіляецца ад службы ў беларускай арміі.

Франак Вячорка апавёў на судзе, што ў часе зімовай сэсіі ад 16 да 31 студзеня адбываў арышт у турме на вуліцы Акрэсьціна па лжывым абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы. Ён прапусьціў два экзамэны па расейскай літаратуры і стылістыцы беларускай мовы. Як вынік, яму прызначылі здаваць гэтыя экзамэны 5 і 6 лютага адмысловай камісіі.

Франак лічыць, што мэтай гэтага было зрабіць усё магчымае, каб адлічыць яго з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць”. Франак настойвае, што й пратаколы здачы экзамэну былі падробленыя. Абаронца Франака Вячоркі зьвярнула ўвагу суду на тое, што Франаку не далі магчымасьці падрыхтавацца да экзамэну і не дазволілі гарантаванай правіламі пераздачы.

Прадстаўніца БДУ сп.Харушка пагадзілася з адвакаткай, што нормы парушаныя. А яшчэ адна прадстаўніца БДУ запэўніла, што калі арышт Вячоркі прызнаюць незаконным, то, магчыма, у такім выпадку адміністрацыя БДУ палічыць пропускі экзамэнаў паважнай прычынай.

Лявон Баршчэўскі, выкладчык са стажам, прысутнічаў на судовым паседжаньні:

“Я думаю, што самае галоўнае тое, што відавочная схема, плян работы, каб чалавека без прычыны “засадзіць” на 15 сутак, а потым прызнаць гэта непаважнай прычынай няздачы сэсіі. Гэта цалкам на судзе пацьвердзілася. Ну, адсюль высновы, якім справядлівым можа быць рашэньне суду”.

Франак Вячорка мае досьвед у абскарджаньні рашэньняў дзяржаўных установаў у судзе і ня верыць, што суд задаволіць ягоны пазоў:

“Суд цалкам прадказальны. Яго папросту трэба скарыстаць як трыбуну, каб яшчэ раз пацьвердзіць адсутнасьць усялякай незалежнай судовай сыстэмы ў Рэспубліцы Беларусь і адсутнасьць правоў ня толькі ў студэнтаў, але і ў простых грамадзянаў.

Я думаю, што ўсе гэтыя пратаколы, якія сёньня вяліся падчас судовага паседжаньня, зь цягам часу ўсплывуць у гісторыі і ўсе гэтыя людзі, якія сьведчылі супраць, якія падпісвалі фальшывыя пратаколы і рыхтавалі гэтыя пасткі для няўгодных студэнтаў, будуць несьці адказнасьць перад беларускім ужо незалежным заканадаўствам”.

У пятніцу, а палове 10-й, пачнуцца спрэчкі і пасьля перапынку судзьдзя зачытае сваё рашэньне.
XS
SM
MD
LG