Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адлічаных студэнтаў-апазыцыянэраў стала менш


Студэнты, якіх адлічылі з вучобы за апазыцыйную дзейнасьць, маюць магчымасьць працягнуць навучаньне за мяжой.

Толькі адзінкі зь іх падаюць заявы ў пракуратуру і суд, каб дабіцца аднаўленьня на вучобе. Пасьля таго як у 2006 годзе замежныя ўнівэрсытэты прынялі на вучобу некалькі дзясяткаў студэнтаў, у Беларусі рэзка скарацілася колькасьць адлічаных па палітычных матывах.

Сёлета зь беларускіх унівэрсытэтаў за апазыцыйную дзейнасьць адлічылі каля дзясятка студэнтаў. Гэта амаль у 50 разоў менш, чым за апошнія два гады. У сьпіс трапілі толькі тыя, супраць якіх распачалі крымінальныя справы, а таксама лідэры моладзевых арганізацый.

У Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце адлічылі Касю Салаўёву. Як толькі супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, яе выклікалі на катэдру замежных моваў і паведамілі, што адлічваюць за пропускі і непасьпяховасьць.

Непаўналетняга мазырскага актывіста “Маладога фронту” Фёдара Чаранкова адлічылі з Мазырскага пэдунівэрсытэту пасьля таго, як на яго былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Актывістку руху “Джынс за свабоду” Тацяну Цішкевіч адлічылі з Унівэрсытэту фізкультуры, калі яна адбывала арышт за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў.

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” Антона Койпіша адлічылі з матэматычнага факультэту БДУ, пасьля таго як хлопец атрымаў статус абвінавачанага ў “справе 14-ці”.

Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту пасьля таго, як ён паспрабаваў арганізаваць канцэрт бардаўскай песьні. Пакуль хлопец у судзе намагаўся прызнаць адлічэньне незаконным, яго гвалтоўна забралі ў войска.

Сёлета ў адлічаных хлопцаў пачаліся праблемы з ваенкаматамі. Іх закідвалі позвамі на камісію, участковыя папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад службы ў войску. Франка Вячорку некалькі разоў выклікалі ў ваенкамат. Мэдкамісія знайшла ў яго хваробу вачэй. Пасьля апэрацыі Франку далі адтэрміноўку ад войска на паўгода.

“Гэты крок зроблены насуперак таму, што працуюць розныя міжнародныя праграмы падтрымкі выключаных па палітычных матывах студэнтаў. Такія, як праграма Каліноўскага, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. І каб гэтыя студэнты не змаглі ані зьехаць за мяжу, ані працягваць сваю палітычную дзейнасьць у Беларусі. Іх проста вэрбуюць, мабілізуюць у войска. Іншых прычынаў такой масавай рэкрутацыі гэтым летам я ня бачу. Глябальная і прымусовая рэкрутацыя вяртаецца да нас з часоў Расейскай імпэрыі, калі людзей, няўгодных цару, прымусова забіралі на 25 год у расейскае войска”.

Цяпер Франак судзіцца з унівэрсытэтам за права працягваць вучобу на журфаку.

Актывістка партыі БНФ Каця Маркоўская, каб ня мець праблемаў з-за таго, што адмовілася паехаць пасьля заканчэньня БДУ працаваць па разьмеркаваньні, не пайшла на апошні экзамэн, каб не атрымліваць дыплём.

А вось выпускніца БДУ Ксенія Авілава ўжо атрымала позву ў суд за адмову працаваць у Валожынскай раённай газэце.

“Каб я ведала, што такое будзе, то я б лепей не паступала на бюджэтнае аддзяленьне ў свой час, а засталася б на платным. Гэта было б таньней, чым выплачваць цяпер грошы за маё навучаньне цалкам. Дэкану разьмеркаваньне не спадабалася ў газэту, у якой я тады працавала, у “Белорусы и рынок”. Ён так і сказаў, што газэта дазваляе сабе няправільныя выказваньні на адрас улад, таму мы вас туды не разьмяркуем”.

За свае дэмакратычныя погляды з унівэрсытэтаў былі звольненыя некалькі выкладчыкаў. Сярод іх — выкладчык Унівэрсытэту культуры Юрась Бачышча. Звароты ў суд не далі плёну. Міжнародныя праекты дапамагаюць выключна студэнтам, якіх перасьледуюць за ўдзел у дэмакратычным руху. Звольненыя выкладчыкі застаюцца сам-насам са сваёй праблемай. Яны трапляюць у “чорныя сьпісы” і ўладкавацца на выкладчыцкую працу ўжо ня могуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG