Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалягічная апрацоўка студэнтаў: як гэта дзейнічае


Уладам удалося ў значнай ступені зьменшыць праявы пратэстных настрояў сярод беларускага студэнцтва.

Пагрозы адлічэньняў і ідэалягічная праца ў аўдыторыях не ліквідавалі студэнцкага вальнадумства, але шмат каго прымусілі замаўчаць. Як дзейнічае апрацоўка студэнтаў.

Са студэнцкіх пратэстаў пачыналіся многія аксамітныя рэвалюцыі, навучэнцы менскіх ВНУ ў 90-х гадах былі адной з самых прыкметных сілаў на апазыцыйных мітынгах. Беларускія ўлады гэта заўсёды непакоіла, і яны паступова ішлі на абмежаваньне студэнцкай вольнасьці.

ВНУ пазбавілі выбарнасьці кіраўніцтва, унівэрсытэцкай аўтаноміі. У статуты ВНУ ўносіліся палажэньні, якія дазваляюць адлічваць тых студэнтаў, што бяруць удзел у грамадзка-палітычным жыцьці. Статут БДУ, зацьверджаны А. Лукашэнкам, напрыклад, прадугледжвае магчымасьць адлічэньня за парушэньні грамадзкага парадку (да якіх адносяцца ўдзел у несанкцыянаваных акцыях).

У 2005 годзе выйшаў загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова “Аб захадах па недапушчэньні спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”.

Дакумэнт стаўся асновай для правядзеньня ідэалягічнай працы з навучэнцамі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў. Ён вызначае адказнасьць кіраўнікоў ВНУ за факты ўдзелу студэнтаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, супрацьпраўных дзеяньнях.

На думку былога прарэктара БДУ Анатоля Паўлава, у новым стагодзьдзі зьявіліся і больш адпаведныя для выкананьня гэтых задач кадры:

“Калі згадаць 1995—96 гады, тады была іншая генэрацыя кіраўнікоў ВНУ, дэканаў, прарэктараў, якія маглі студэнтаў прыкрыць, падтрымаць, адстаяць, як зрабіў, напрыклад, А. Казулін, ад якога патрабавалі адлічэньня Паўла Севярынца. А ў цяперашнюю генэрацыю кіраўнікоў ВНУ прыйшлі такія людзі, якія дзеля сваіх кар’ерных інтарэсаў адлічаць любога не задумаўшыся”.

Сытуацыю кантралюе адміністрацыя ВНУ, а створаныя ва ўнівэрсытэтах суполкі БРСМ, “Белай Русі” ня граюць вырашальнай ролі ў ажыцьцяўленьні ціску і апрацоўкі студэнтаў, — перакананы спадар Паўлаў. Ролю БРСМ спадар Паўлаў акрэсьліў так:

“Яна эфэктыўна нараджае крывадушных людзей. Ня ведаю, ці там ёсьць той, хто ва ўсё гэта верыць”.

Анатоль Паўлаў мяркуе, што ідэалягічная праца і адміністратыўны ціск ня здольныя пераканаць студэнтаў — яны могуць толькі запалохаць, задушыць праявы вальнадумства.

Улады імкнуцца трымаць на кароткім павадку і выкладчыкаў — кантрактнай сыстэмай, пагрозай пазбаўленьня даплат і надбавак, — мяркуе прафэсійны выкладчык Леанід Злотнікаў. Летась зь ім не прадоўжыла кантракт Акадэмія кіраваньня.

Былая студэнтка журфаку БДУ Кацярына Маркоўская сярод найбольш эфэктыўных мэтадаў, з дапамогай якіх улады ўзьдзейнічаюць на студэнтаў, называе прафіляктычныя гутаркі зь імі супрацоўнікаў КДБ. Саму яе ў часе навучаньня шмат разоў запрашалі ў кабінэт намесьніка дэкана на такія размовы.

“Вельмі шмат студэнтаў, якія не зусім падрыхтаваныя да гэтага, ламаюцца ў такой сытуацыі. Гэтыя супрацоўнікі ведаюць пра студэнта нейкія факты з жыцьця, пра сям’ю, яны могуць іх выкарыстаць, і студэнт палохаецца. Вельмі многія пасьля гэтага пачынаюць хаваць сваю пазыцыю”.

Паводле перакананьня, якое пануе сярод студэнтаў, КДБ імкнецца мець у кожнай студэнцкай групе свайго інфарматара. Былы выкладчык журфаку неяк падзяліўся з Кацярынай Маркоўскай інфармацыяй пра тое, што за кожнымі пяцьцю студэнтамі гэтага факультэту замацаваны адзін супрацоўнік КДБ, які адсочвае ўсе іх паездкі і палітычную дзейнасьць.

Да іншых мэтадаў апрацоўкі студэнтаў Маркоўская адносіць пагрозы адлічэньня, пазбаўленьня месца ў інтэрнатах, стыпэндыі, размовы з бацькамі. Яна сьведчыць таксама, што ідэалягічную працу вядуць ня толькі актывісты БРСМ і намесьнікі дэканаў па ідэалёгіі, — вельмі часта і самі выкладчыкі ў лекцыях стараюцца праводзіць адпаведную лінію.

Што рабіць студэнту, калі яго выклікалі на размову з супрацоўнікам КДБ? Парада Кацярыны Маркоўскай зь яе ўласнага досьведу:

“Трэба запытацца, па якой справе выклікалі, запатрабаваць паказаць позву. Калі яны кажуць, што проста хочам пагаварыць, тады трэба ім адказаць: заканадаўствам гарантавана грамадзянам Беларусі, што супрацоўніцтва з КДБ — на добраахвотнай аснове. У мяне ахвоты з вамі супрацоўнічаць і размаўляць няма. Калі ёсьць нейкая неабходнасьць — вось мой адрас, дасылайце мне позву з пазначэньнем, па якой справе мяне выклікаюць і ў якасьці каго”.

Позвы ад КДБ пасьля такіх выпадкаў прыходзяць вельмі рэдка, сьведчыць Кацярына Маркоўская.
XS
SM
MD
LG