Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Званы Свабоды” — пераможцам агульнанацыянальнай дыктоўкі


Сёньня ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску адбылося падвядзеньне вынікаў першай беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі,.

Даць памяшканьне, каб падвесьці вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі, не пагадзілася ніводная дзяржаўная ўстанова. Адмовіла нават Нацыянальная бібліятэка. Таму цырымонію праводзілі ў літоўскай амбасадзе, дзякуючы гасьціннасьці амбасадара Эдмінаса Багдонаса. Спадар Багдонас заўважыў, што ў Літве таксама на працягу гадоў 300 былі праблемы зь літоўскай мовай:

Эдмінас Багдонас
“Але нам нават і ў галаву б не прыйшло, каб я, літовец, са сваёй маці, зь сябрамі гаварыў не на сваёй мове. Вялікі ўсім дзякуй, і ў такі дзень мы адзін аднаму можам паабяцаць, што сябры-беларусы з намі, дыпляматамі, будуць размаўляць толькі на беларускай мове”.

Кожнаму ганароваму ўдзельніку ўручылі мініятурную кампазыцыю — “Звон Свабоды”, прымацаваны да сапраўднага кавалка мармуру з пастамэнта помніка Сталіну ў Менску, што стаяў на Кастрычніцкай плошчы. Аўтар кампазыцыі — скульптар Алесь Шатэрнік.

Лінгвістка Людміла Дзіцэвіч, якая дыктавала дыктоўку, падзялілася сваімі ўражаньнямі:

“Ад амбасадараў я пабачыла такую вялікую ўвагу і сур’ёзнасьць стаўленьня да гэтай дыктоўкі — а за 32 гады выкладчыцкай працы я надыктавала, можа, тысячу разоў — то я толькі тады зразумела, якая гэта ўсё ж такі важнасьць — дыктоўка. А што ўразіла ў беларусах, якія пісалі дыктоўку, — любоў да слова свайго”.

Наймалодшаму ўдзельніку дыктоўкі — 3 гады, найстарэйшаму — 83 гады. Дыктоўку пісалі прадстаўнікі 11 дыпляматычных місій, акрэдытаваных у Менску.

Амбасадар Дзяржавы Ізраіль Зэеў Бэн Ар’е адзначыў:

Зэеў Бэн Ар'е
“Я прадстаўнік габрэйскага народа, які цягам стагодзьдзяў стаяў пад пагрозай асыміляцыі, і адна з гэтых пагрозаў — гэта страта культуры і мовы. І калі б 60 гадоў таму мы не адрадзілі б мову іўрыт, мы б не перамаглі ў тых войнах, якія выйгралі, мы б не стварылі такую Дзяржаву Ізраіль, якая ёсьць зараз”.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін кажа:

“У гісторыі Польшчы таксама быў пэрыяд, калі трэба было змагацца за мову, захоўваць яе, так што мы вельмі добра разумеем важнасьць вашай працы, падтрымліваем, дапамагаем. У межах дапамогі я абяцаю, што ў наступным годзе буду ўжо па-беларуску гаварыць”.

За амэрыканскага дыплямата Луіса Крышака, які быў вымушаны ад’ехаць на радзіму, узнагароду атрымаў прадстаўнік амбасады ЗША Марк Шропэль:

Марк Шропэль
“Мне вельмі прыемна сёньня быць з вамі, прадстаўляць амбасаду ЗША. Я ўчора размаўляў з Луі Крышакам, ён вельмі ўдзячны за дадзеную яму магчымасьць пісаць дыктоўку разам з вамі. Беларуская мова зьяўляецца жыцьцёва важнай для разьвіцьця культуры, самабытнасьці, ідэнтычнасьці”.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы заўважыў, што мову ў любой краіне нездарма называюць “матчынай”:

“Хто маці забывае, таго людзі цураюцца і ў хату не пускаюць”. Я шчыра вітаю ўсіх вас, хто не адрокся ад мовы роднай, хто кожны дзень гаворыць на гэтай мове, ідзе на барыкады кожны дзень. Я спадзяюся, што будзе і другая, трэцяя і сотая дыктоўка”.

Узнагароды атрымалі і беларусы: легендарны няўлоўны Мірон, які рэгулярна вывешвае ў Віцебску бел-чырвона-белыя сьцягі, Барыс Хамайда, які пісаў дыктоўку на віцебскай плошчы пад магнітафон, віленскі беларус Сяржук Вітушка.

XS
SM
MD
LG