Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб быць выключаным студэнтам у Аўстрыі, трэба праваліць экзамэн 5 разоў


У часе маёй камандзіроўкі ў Вену мне ўдалося пагутарыць са старшынёй Нацыянальнага зьвязу студэнтаў Аўстрыі Лізай Шындлер...

Аўстрыйскія студэнты тады ладзілі акцыю пратэсту з нагоды прыезду ў Вену рэктара Беларускага эканамічнага унівэрсытэту Уладзіміра Шымава, вядомага з-за шырокага розгаласу ў сувязі з адлічэньнем студэнткі Тацяны Хомы. Тацяна ў той час ужо вучылася ў Вене. Ліза Шындлер паведаміла, што яе арганізацыя аб’ядноўвае амаль чвэрць мільёну студэнтаў, якія плацяць абавязковыя ўнёскі, старшыня студэнцкага Зьвязу выбіраецца на два гады. Паслухайце ўрыўкі нашай размовы са студэнцкай лідаркай у Аўстрыі.

Ліза Шындлер (на пярэднім пляне справа) на пікеце супраць прыезду рэктара БДЭУ Ул.Шымава ў Вену

Ціхановіч: Ліза, што Вам вядома пра студэнцкае жыцьцё ў Беларусі ?

Шындлер: Нейкі час таму я пачула пра палітычна матываваныя адлічэньні студэнтаў у Беларусі. Гэта быў гучны міжнародны скандал. Натуральна, мы пісалі лісты падтрымкі, мы стараліся давесьці інфармацыю да іншых людзей. А цяпер, калі мы дазналіся, што на гэтую міжнародную канфэрэнцыю ў Вене быў запрошаны рэктар установы, якая вось так адлічае студэнтаў і падтрымлівае рэжым, мы зразумелі, што мы павінны нешта зрабіць. Ну бо гэта сапраўды ганьба для Аўстрыі, калі людзі забываюцца пра такія рэчы і стараюцца займець нейкія выгады ад гэтай канфэрэнцыі -- наладжваючы бізнэсовыя і эканамічныя зносіны ў сытуацыі, калі ў Беларусі так шмат парушэньняў чалавечых правоў, а студэнты баяцца выказваць свае думкі і прасьледуюцца.

Ціхановіч: Ведаю, што вы ў курсе і іншых скандальных выпадкаў, такіх, як напрыклад, выключэньне студэнта Жалезьнічэнкі з Гомельскага ўнівэрсытэту і пасьпешны яго прызыў у войска...

Шындлер: Я чула пра гэты выпадак. Мне вельмі шкада Жалезьнічэнку, і гэта адна з прычынаў, дзеля якой мы зьбіраемся пратэставаць супроць такога абыходжаньня са студэнтамі.

Ціхановіч: Выкладчыкі ў Беларусі лічаць, што студэнты не павінны займацца палітыкай, а толькі вучобай. Якая ваша думка на гэты конт? Як у Аўстрыі глядзяць на палітычную ангажаванасьць студэнтаў?

Шындлер: Я лічу, што гэта надзвычай важна, калі студэнты зьяўляюцца палітычна актыўнымі, бо гэта сьведчыць пра тое, што малады чалавек цікавіцца, што адбываецца вакол яго, і спрабуе нешта зьмяніць. Часам гэта датычыць дробных рэчаў, а часам вам удаецца зрабіць і нешта большае. Адна з найважнейшых рэчаў для чалавека -- магчымасьць свабодна выказвацца і зьмяняць нешта. Гэта таму мы былі шакаваныя, пачуўшы пра адлічэньні ў Беларусі за студэнцкую палітычную актыўнасьць або проста за прыналежнасьць да Эўрапейскага студэнцкага зьвязу.

Ціхановіч: За што адлічаюць студэнтаў у Эўропе? Ці ведаеце пра такія выпадкі?

Шындлер: Я ня чула ні пра адзін падобны выпадак у нейкай эўрапейскай дзяржаве.

Ціхановіч: А калі, напрыклад, студэнт лянуецца вучыцца?

Шындлер: Калі студэнт заваліць пяць экзамэнаў у нейкім аўстрыйскім унівэрсытэце, дык яму не застаецца нічога іншага як пашукаць шчасьця на іншым аўстрыйскім унівэрсытэце. А іначай, я ня чула пра ніякія іншыя адлічэньні.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG