Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзевы актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка прыйшоў у суд Маскоўскага раёну Менску разам са сваімі некалькімі сябрамі. Ён намагаецца праз суд дамагчыся аднаўленьня на вучобе на факультэце журналістыкі БДУ.

Паседжаньне пачалося са спазьненьнем больш чым на паўгадзіны. Справу Франака Вячоркі разглядае судзьдзя Вольга Гусакова.

Франак дамагаецца аднаўленьня ва ўнівэрсытэце. У сваім выступе ён аргумэнтавана спаслаўся на тое, што якраз з 16 да 31 студзеня ён сядзеў на Акрэсьціна і таму ня мог здаць два экзамэны ў часе зімовай сэсіі - рускую літаратуру і стылістыку беларускай мовы. Франак лічыць, што гэта паважная прычына, бо насамрэч ён вельмі хацеў трапіць на экзамэн, але яго туды ніхто б не адпусьціў.

Апрача гэтага Ф.Вячорка спасылаецца на тое, што былі парушаныя нормы здачы экзамэнаў. Бо яму адразу прызначыла экзамэн камісія, а не выкладчык, які чытаў яму курс лекцыяў, таму экзамэны ён здаваў 5-га, а потым адразу 6-га лютага і таму ня меў магчымасьці падрыхтавацца, як таго патрабуюць правілы – каб на падрыхтоўку было ня менш за 2-3 дні.

Спадарыня Харошка – прадстаўніца ўнівэрсытэту, якая выступала ў судзе - патлумачыла, што сапраўды ёсьць такая сытуацыя, калі студэнту павінны даць магчымасьць ня менш за два разы пераздаць экзамэн. У дадзеным выпадку, як гэта адбылося з Франакам, яму далі здаць экзамэн толькі адзін раз. Апрача таго яна прызнала, што сапраўды былі парушаныя нормы - спадарыня Харошка сама прыйшла на суд з палажэньнем, і было відаць, што яна адчувала сябе разгубленай, калі прачытала некалькі пунктаў, якім супярэчыць пазыцыя рэктарату БДУ.

Выступала яшчэ спадарыня, якая не назвала сваё прозьвішча, і судзьдзя не зрабіла ёй заўвагу - яна выступала зь месца як прадстаўніца ўнівэрсытэту і казала, што Франак - ня самы лепшы студэнт, хоць і не змагла адказаць на пытаньне, чаму бальшыня адзнакаў у яго - дзявяткі й дзясяткі.

Сёньня рашэньне яшчэ ня будзе прынятае, але трэба адзначыць, што судзьдзя дазволіла групе БТ здымаць у судовай залі. Карэспандэнт БТ перад гэтым запытваў у Франака, ці праўда, што той хоча служыць у войску НАТО і таму адмаўляецца служыць у беларускім войску.

Хутчэй за ўсё судзьдзя яшчэ сёньня выслухае абодва бакі, і, магчыма, заўтра будзе прынятае нейкае рашэньне. Праўда, прадстаўніца абароны Мар'яна Сянешка запатрабавала некалькі хадайніцтваў, таму, магчыма, суд працягнецца на наступным тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG