Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў- “каліноўцаў” – каля трохсот


Адлічаныя з навучальных установаў Беларусі паводле палітычных прычынаў студэнты маюць магчымасьць працягнуць навучаньне за межамі краіны. Найперш гэтаму спрыяе праграма імя Кастуся Каліноўскага, якой у Беларусі апякуецца Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”.


Каардынатарка камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Ала Кароль кажа, што сёлетні, трэці па ліку набор на праграму Каліноўскага застаецца без істотных зьменаў:

“Умовы праграмы набору засталіся тыя ж самыя — выключаныя студэнты альбо дзеці рэпрэсаваных бацькоў”.

Але ці можна казаць, што сёлета колькасьць тых, хто выказаў жаданьне навучацца па праграме Кастуся Каліноўскага, аб’ектыўна меншая? Пік рэпрэсіяў прыпаў на 2006 год, калі за палітычную актыўнасьць зь беларускіх ВНУ былі выключаныя сотні студэнтаў. Працягвае Ала Кароль:

“Колькасьць, вядома, значна меншая. Бо пасьля плошчы ў 2006-м была цэлая хваля такіх рэпрэсіяў супраць моладзі, і тады ў праграме ўдзельнічалі каля трохсот чалавек, а ўрэшце паехалі вучыцца 239. Цяпер значна меней. Прыкладам, год таму было каля 60 чалавек з усёй Беларусі, а зараз — трошкі больш за 30. Абсалютная бальшыня зь іх — таксама выключаныя студэнты, якія ўрэшце выказалі жаданьне ўзяць удзел у праграме Каліноўскага. Сярод іх таксама ёсьць асьпіранты і магістранты”.

Нагадаю, што першы набор у польскія ВНУ адбыўся ў ліпені 2006 году. Сярод залічаных на праграму былі выключаныя зь беларускіх ВНУ студэнты і абітурыенты, якія так ці інакш пацярпелі за свае палітычныя перакананьні. Перадусім гэта актывісты палітычных партый і рухаў, былыя навучэнцы зачыненага ўладамі гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, сямейнікі рэпрэсаваных. Месцы навучаньня вызначаюцца на гутарцы з прадстаўнікамі камісіі, у складзе якой – выкладчыкі розных ВНУ Польшчы.

Цікаўлюся ў спадарыні Кароль — калі пачнецца ўласна навучальны працэс па праграме на 2008—2009 гады?

“У іх навучаньне пачынаецца з 1 кастрычніка. Але цягам жніўня-верасьня яшчэ будуць курсы польскай мовы, а з 1 кастрычніка ўжо пачынаецца навучаньне”.

Дык колькі грамадзянаў Беларусі зараз карыстаецца магчымасьцю атрымаць адукацыю паводле праграмы Каліноўскага? І ці ёсьць тыя, хто заўчасна вярнуўся дадому?

“Я магу дакладна сказаць, што за два гады абсалютна з розных прычынаў з праграмы зьехалі каля 80 чалавек. Адны перадусім таму, што не пасьпявалі ў навуцы, другія праз розныя іншыя абставіны, у тым ліку сямейныя. Але зараз, я мяркую, навучаецца па праграме каля трохсот чалавек”.

Студэнты і асьпіранты, якія вучацца па праграме імя Кастуся Каліноўскага, забясьпечваюцца бясплатным інтэрнатам і стыпэндыяй.

Значна меншая частка рэпрэсаваных студэнтаў працягвае вучыцца ў іншых краінах — Літве, Чэхіі, Расеі, Украіне.

Неабходнасьць альтэрнатыўнай праграмы ўладкаваньня рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў востра паўстала пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006 году. Тады па ўсёй Беларусі сотні ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў былі адлічаныя з навучальных установаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG