Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хадыка: “Скасавалі ня льготы, а – сацыяльныя гарантыі”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – адзін са стваральнікаў і лідэраў БНФ Юры Хадыка.


Ён замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Кампраміс як сродак выйсьця з палітычнага крызысу ў дэмакратычным лягеры”. Яна прагучыць у пятніцу, 27 чэрвеня. А цягам тыдня ў ранішнім эфіры Юры Хадыка разважае пра пошукі паразуменьня паміж рознымі грамадзкімі сіламі ў жыцьці сучаснай Беларусі. Сёньня прафэсар Хадыка падае сваё бачаньне кампрамісу ў сацыяльнай палітыцы краіны.

Хадыка: “Хібы сёньняшняй улады, характэрныя для яе ўнутранай, зьнешняй, эканамічнай палітыкі ня менш характэрныя й для палітыкі сацыяльнай.

Гэта яскрава заўважылася ў апошнім канфлікце, які скалануў нашае грамадзтва. Калі пад дэмагагічнымі лёзунгамі перадачы зэканомленых грошай дзеткам пазбавілі льготаў пэнсіянэраў, студэнтаў, чарнобыльцаў, вэтэранаў. Розныя катэгорыі хворых… Ня ведаю, ці сапраўды тыя сродкі накіруюць на прадэкляраваныя высакародныя мэты. Хоць, мне падаецца, урад і без таго мусіў быў знайсьці на фінансаваньне тых важных сацыяльных прыярытэтаў.

І яшчэ, што тычыцца так званых льготаў. Тут насамрэч дарэчы іншы тэрмін – “сацыяльныя гарантыі”. Напрыклад, пэнсіянэры зарабілі іх сумленнай папярэдняй працай, калі будавалі падмурак для сёньняшняй дзяржавы, яе цяперашняй эканомікі.

Пра тое, што тут не было знойдзена кампрамісу, сьведчаць пазьнейшыя рашэньні Лукашэнкі – ён аднавіў адабранае для пэўных катэгорый. Адным часова. Іншым пастаянна.

Усё гэта лішні раз сьведчыць, што адчуваючы мэнтальную неабходнасьць пошуку кампрамісу ў тым самым сацыяльным жыцьці, Лукашэнка шукае іх, але часам робіць грубыя памылкі. А ў выніку мы бачым: у грамадзтве захоўваецца сацыяльная напруга.

І найперш яна сьведчыць: раней ці пазьней гэты рэжым, які ня можа весьці нармальны дыялёг з соцыюмам, будзе зьменены дэмакратычным урадам”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG