Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукомская ДРЭС тэхнічна састарэла?


Сёньня ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку і ў Менску, на некалькі гадзін адключалася электраэнэргія.

Прычынаю стаў выхад зь дзеяньня аднаго з электрагенэратараў найбольшай у Беларусі Лукомскай электрастанцыі на Віцебшчыне. У другой палове дня сытуацыя нармалізавалася: станцыя пачала працаваць шасьцю з васьмі блёкаў. Міністэрства энэргетыкі запэўнівае, што сытуацыя пад поўным кантролем.

Экспэрты кажуць, што абсталяваньне на Лукомскай ДРЭС маральна і фізычна састарэла, таму колькасьць пазаштатных сытуацыяў там можа толькі павялічвацца. Ігар Карней.

Першымі наступствы аварыі адчулі жыхары Віцебскай вобласьці. У Воршы, як вобразна кажа адна з жыхарак гораду, “з лучынамі” сядзелі амаль усю першую палову дня:

“Не было сьвятла раніцай. Доўга не было. Мы адходзілі з дому, вярталіся, і дзесьці а 10-й і аб 11-й электрычнасьці не было. Потым зьявілася. А пасьля зноў зьнікла. Але гэтым разам ужо ненадоўга”.

На Лукомскай ДРЭС камэнтаваць прычыны аварыі адмаўляюцца. Але намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” расказаў, што прычынай адключэньня электраэнэргіі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі стала спыненьне аднаго з генэратараў на электрастанцыі. У зьвязку з гэтым часова была прыпыненая праца ўсёй станцыі, а забесьпячэньне пацярпелых раёнаў электрычнасьцю пераклалі на іншыя электрастанцыі.

Інжынэр-будаўнік Валянцін Мацкевіч з праблемамі энэргетыкі блізка пазнаёміўся на менскай ТЭЦ-4, дзе адпрацаваў амаль дзесяцігодзьдзе. Асабіста прычыніўшыся да пабудовы аднаго з энэргаблёкаў, ён лічыць, што проста так Лукомскай ДРЭС не спынялі б. Значыць, там нашмат больш складаная сытуацыя, чым падаецца ў справаздачах зацікаўленых асобаў:

“Гэта асноўны наш дастаўца, самы магутны. Таму вельмі небясьпечна, калі здараюцца там такія аварыі. Нейкая тэхнічная можа быць памылка, той жа чалавечы фактар. То бок аварыя можа мець розныя прычыны, але каб спыніць усю Лукомскую ДРЭС, то нават ня ведаю, што трэба, каб здарылася. Бо калі вылятае адзін блёк – гэта нічога, астатнія працуюць. Тады “Белэнэрга” намагаецца перакласьці патрэбы на іншыя плечы, уводзяцца іншыя магутнасьці, якія да гэтага стаялі на рамонце, і г.д. Але калі ўся станцыя, то гэта дзіўна. Гэта ж асноўны наш вытворца энэргіі ў Беларусі: ня толькі забясьпечвае Віцебскую вобласьць, але праз электрасеткі перадае электрыку ў іншыя рэгіёны. Цяжка сказаць пра магчымыя прычыны, трэба ведаць усю схему станцыі, што ў прынцыпе магло здарыцца. Але ж павінны былі сказаць, што канкрэтна адбылося. Гэта значыць, замоўчваюць, што зрабілася. Ці зьмяншаюць маштабы, як за савецкім часам”.

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак мае вялікі досьвед працы на трох менскіх электрастанцыях. Ён перакананы: да пазаштатнай сытуацыі на Лукомскай ДРЭС прывяло састарэлае абсталяваньне, якое працуе без заменаў амаль чатыры дзесяцігодзьдзі.

Лукомская ДРЭС – самая магутная электрастанцыя ў Беларусі і адна з найбольшых сярод цеплавых электрастанцыяў у СНД. ДРЭС будавалася цягам дзесяці гадоў (у 1964 – 1974 гадох), і ад таго часу там рабілі толькі “касмэтычную рэканструкцыю”. Магутнасьць станцыі складае больш за 30% ад магутнасьці ўсёй беларускай энэргасыстэмы. Праектная магутнасьць – 2400 мэгават.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG